Беларусы не чакаюць добрага ад эканомікі, таму хапаюць крэдыты шалёнымі тэмпамі

Беларусы не чакаюць добрага ад эканомікі, таму хапаюць крэдыты шалёнымі тэмпамі

«Белсат» August 01, 2024

Запазычанасць фізасобаў перад банкамі склала 22,813 млрд рублёў на 1 ліпеня, паведамляе Нацбанк. Гэта на 25,2 % больш, чым 1 ліпеня 2023 года, а за месяц запазычанасць вырасла на 2,1 %. Людзі набіраюць крэдыты, каб паспець нешта купіць да пагаршэння ў эканоміцы, якога яны чакаюць, кажа «Белсату» эканаміст, фінансіст Віталь Алейнік. Даведаліся, чаму так адбываецца і ў чым сітуацыя падобная да перадкрызіснага 2010 года.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: pexels.com

Закрэдытаваныя аддаюць амаль траціну даходаў на крэдыты

Віталь Алейнік адзначае, што агульная запазычанасць фізічных асобаў у эканоміцы складае толькі каля 10 % ВУП. І гэта не вельмі страшна ў абсалютным вымярэнні.

«Але, калі мы чуем, што старшыня Нацбанку Павел Калаур выхваляцца, што крэдыты растуць і ва ўсёй гэтай масе толькі 1 % пратэрмінаваных крэдытаў фізасобаў, тут нас трошкі адводзяць у бок і змяшчаюць фокус», – кажа эксперт.

Ён падкрэслівае, што з 2020 года істотна вырас цяжар запазычанасці на людзей, то бок абслугоўваць крэдыты стала складаней.

«Доля прыбыткаў, якую фізічная асоба сплачвае цяпер па сваіх крэдытах, складае 28 % ад усіх прыбыткаў чалавека. З 2020 года гэты цяжар на беларускага грамадзяніна павялічыўся амаль у 2,5 разы: з 11 % да 28 %. Такімі тэмпамі перспектыва прабіцця столі ў 40 %, якая дапускаецца Нацбанкам, вельмі верагодная, калі не будуць зробленыя захады па астуджэнню гэтага крэдытнага тарнада.

Тэмпы спажывецкай актыўнасці падсілкоўваюцца вось гэтым ашалелым крэдытаваннем. За травень яны павысіліся на 12 %. Спыніць гэта будзе вельмі няпроста. Цяпер людзі знізілі норму ашчаджэння, трацяць больш, чым зарабляюць і відавочна, што адбываецца гэта не на чаканнях таго, што будзе эканоміка расці далей, а хутчэй людзі сыходзяць з процілеглых меркаванняў», – кажа эксперт.

Дынаміка запазычанасці беларусаў перад банкамі з пачатку 2023 года. Інфаграфіка: «Белсат»

На думку суразмоўцы, сітуацыя нагадвае 2010 год перад крызісам 2011 года.

«Улады таксама спрабавалі, напэўна, з палітычных чыннікаў, накідаць народу грошай. Людзі кідаліся купляць тавары, тыя ж кватэры – мы таксама бачым ажыўленне на гэтым рынку. Але фактычна такая актыўнасць не была падмацаваная ні падвышэннем працоўнай эфектыўнасці эканомікі, ні паказнікамі вытворчасці. Таму пэўны час такая мадэль працуе, можа быць, у межах года – двух.

Але ў пэўны момант крэдытаванне ўпіраецца ў столь. Тут бы я зноў вярнуўся да цяжару на душу насельніцтва, які складае 28 %. Гэта ўжо даволі небяспечная лічба. Зразумела, калі вы будзеце гэта ўвесь час падсілкоўваць, людзі ў пэўны момант прынамсі палову сваіх даходаў пачнуць выдаткоўваць на абслугоўванне гэтых крэдытаў. Калі гэта далей разганяць, то, зразумела, што ўся эканоміка можа папросту патануць у гэтым крэдытным рухавіку», – працягвае суразмоўца.

На яго думку, людзі імкнуцца цяпер закупацца ўсім неабходным у чаканні нявызначанасці.

«Людзі арыентуюцца не на доўгатэрміновую перспектыву, якая і павінна забяспечваць устойлівы рост эканомікі, а на тое, каб папросту сённяшні дзець перажыць, а на заўтра ўжо глядзець, ці будзе магчымасць штосьці ўвогуле купіць ці гэтая валюта абясцэніцца, ці інфляцыя папросту з’есць даходы, якія людзі маюць сёння», – кажа Віталь Алейнік.

Інфляцыйны ціск усё падвышаецца

Росту інфляцыі людзі чакаюць цалкам абгрунтавана, кажуць адмыслоўцы. Яна пагражае Беларусі, прычым не толькі праз тое, што яе разганяе попыт, а чыноўнікі пакуль трымаюць кошты. Цісне яшчэ інфляцыя з Расеі. Таму Нацбанк павялічыў з 1 жніўня разліковую велічыню стандартнай рызыкі для фізасобаў з 17,22 % да 17,71 %. Менавіта на гэтую лічбу, а не на стаўку рэфінансавання цяпер арыентуюцца банкі, калі выдаюць крэдыты звычайным людзям і прыватнаму бізнесу, адзначае Віталь Алейнік. Адпаведна, цяпер крэдыты будуць трошкі даражэйшыя і менш прываблівыя.

«Гэтую велічыню вымушаны ўздымаць. Відавочна, што ўсё больш яскравае праяўленне цяпер маюць праінфляцыйныя фактары. І, як некаторы час таму на дзіва трапна было заўважана цяперашнім намеснікам кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Ягоравым, інфляцыю варта чакаць з Усходу, то бок з Расеі, таму што з ёй вялікі гандаль. Цяпер у Расеі адбываецца сапраўднае інфляцыйнае пажарышча.

Мы бачым, як старшыня Цэнтральнага банку Расеі ледзь паспявае падвышаць сваю ўліковую стаўку. Літаральна днямі павысілі зноў да 18 %. Ужо не ведаюць, што рабіць, таму што, калі далей падвышаеш, то скоцішся ў рэцэсію. Калі не падвышаць – інфляцыя ніяк не спыняецца. Зразумела, што ў Беларусі таксама вымушаныя рэагаваць на гэтыя тэндэнцыі. Нікому не хочацца імпартаваць цяпер інфляцыю, якая разгараецца ў Расеі», – падводзіць рысу Віталь Алейнік.

Арсен Рудэнка, «Белсат»

Больш навінаў – у нашым Telegram-канале


Report Page