Славянскі Хэлоўін — як нашыя продкі адзначалі Дзяды

Славянскі Хэлоўін — як нашыя продкі адзначалі Дзяды

Беларускія Студэнты за Свабоду

Беларусы і ўкраінцы ладзілі славянскі Хэлоўін яшчэ перад тым, як гэта стала мэйнстрымам

Адметнай рысай беларускага народа заўсёды з'яўлялася павага да сваіх продкаў, да сваіх каранёў. У календары беларусаў было больш за пяць дзён у годзе, калі паміналі памерлых, і гэтыя дні звычайна называліся Дзяды.

Чаму менавіта «Дзяды»?

Сёння, 2 лістапада, беларускія каталікі адзначаюць восеньскія Дзяды дзень памяці памерлых продкаў.  Гэта свята беларускага народнага календара, звязанае з ушанаваннем продкаў («дзядоў») — не толькі памерлых бацькоў, але і ўсіх родзічаў.

Нашы продкі верылі, што памерлы ператвараецца ў духа-продка, якога блізкія яму людзі імкнуліся задобрыць, таму што лічылі яго магутным, здольным уплываць на жывых. Адсюль такое трапяткое стаўленне да памінальных дзён. Дарэчы, у славянскай міфалогіі дзядамі называюць не толькі продкаў, але і іх душы.

Вячэра (нарэшце НЕ таемная, а святочная)

У гэты дзень — дзень святкавання Дзядоў — было прынята ладзіць вячэру ў гонар памерлых продкаў. Перад гэтым усе чальцы сям'і мыліся ў лазні. Пры гэтым трэба было абавязкова пакінуць крыху вады і венік, каб продкі таксама маглі памыцца, і прыйшлі да вячэры чыстымі.

Звычаі правядзення вячэры ў дзень памяці памерлых маглі адрознівацца, аднак аб'ядноўвала іх адно — на стале абавязкова стаяла дзедаўская міска і чарка.

Вячэра павінна была быць багатай, а гутарка — вясёлай. Продкі павінны былі добра паесці і павесяліцца, інакш яны маглі б наслаць няшчасці на сям'ю. Пачынаў вечар гаспадар дома: ён са свечкай у руках абыходзіў святочны стол, а потым адчыняў усе дзверы і вокны і клікаў продкаў на вячэру. Клікаць трэба было ўсіх па імёнах. Гэта даказвала, што свой род шанавалі і памяталі ўсіх, хто даў жыццё сям'і.

Report Page