Беларус з Чавускага раёну. Што вядома пра дзеда Галоўнакамандуючага ЗСУ

Беларус з Чавускага раёну. Што вядома пра дзеда Галоўнакамандуючага ЗСУ

«Белсат»

Ужо паўгода, з 8 лютага 2024 года, пасаду Галоўнакамандуючага Збройнымі сіламі Украіны займае генерал-палкоўнік і герой Украіны Аляксандр Сырскі. У медыях часта можна сустрэць згадку пра тое, што вайсковец нарадзіўся ў Расеі. А вось згадкі пра яго беларускія карані – не.

Галоўнакамандуючы ЗСУ Аляксандр Сырскі. Фота: Головнокомандувач ЗС України / CinC AF of Ukraine / Facebook

Аляксандр Сырскі нарадзіўся ў 1965 годзе ў вёсцы Навінкі Уладзімірскай вобласці РСФСР у сям’і вайскоўца. У 1970-я бацьку перавялі служыць ва Украіну, куды ўслед за ім пераехала і ўся сям’я. І менавіта ўкраінскі Харкаў лічыць родным Галоўнакамандуючы ЗСУ.

А вось бацька з маці і братам Алегам пасля вярнуліся ў Расею. З імі Аляксандр, як паведамляецца, кантактаў не падтрымлівае. А ў РФ пасля 1991 года быў толькі аднойчы – на пахаванні бабулі. Пра адсутнасць кантактаў з ім паведамляў і брат Галоўнакамандуючага: «Я з ім не камунікую, я нават не ведаю, дзе ён».

Станам на 2013 год бацька Аляксандра Сырскага – Станіслаў Пракоп’евічбыў вайсковым пенсіянерам у званні палкоўніка, судзіўся з расейскім Міністэрствам абароны.

Прасачыць карані Галоўнакамндуючага ЗСУ дапамагае сайт «Память народа», на якім у межах праекту Міністэрства абароны РФ сабраныя звесткі пра савецкіх удзельнікаў Другой сусветнай вайны ў 1941-1945 гадах. Улічваючы спадчынную вайсковую дзейнасць і тое, што Аляксандр Сырскі нарадзіўся ў 1965 годзе, ягоны дзед Пракоп (на падставе імя па бацьку ягонага бацькі) Сырскі мусіў бы быць мабілізаваны ў савецкае войска. І на сайце сапраўды можна знайсці згадкі пра Пракопа Сямёнавіча 1906 года нараджэння. Гэта адзіны Сырскі з імем Пракоп на «Память народа». Пра тое, што гэта дзед украінскага Галоўнакамандуючага пішуць і расейскія «Аргументы и факты».

Пракоп Сырскі. Крыніца: 1418museum.ru

Згодна з сайтам «Память народа» Пракоп Сырскі служыў выведнікам. За тое, што ён на тэрыторыі сённяшняй Наўгародскай вобласці выкрыў знаходжанне нямецкіх войскаў, што перашкаджалі руху савецкай пяхоты, быў узнагароджаны ў 1942 годзе медалём «За Адвагу». Вайну скончыў у званні старшага сяржанта ці старшыны, быў узнагароджаны таксама Ордэнам Чырвонай зоркі і медалём за перамогу над Нямеччынай. Памёр у 1984 годзе.

Але нас тут цікавіць найбольш месца нараджэнне вайскоўца. У дакументах сустракаецца розная інфармацыя. Напрыклад, пасёлак Амуцінскі Амуцінскага раёну Цюменскай вобласці. Менавіта адтуль ён быў прызваны ў войска ў 1941 годзе.

Дакумент пра ўзнагароджанне Пракопа Сырскага медалём «За Адвагу» з пазнакай нацыянальнасці – «беларус». Скрыншот: pamyat-naroda.ru

Пры гэтым як на сайце «Память народа», гэтак і на звязаным з ім «Подвиг народа», пазначанае таксама іншае месца нараджэнне Пракопа Сырскага – Беларуская ССР, Магілёўская вобласць, Чавускі раён, вёска Кузьмінічы. Магілёўшчына згадваецца і на сайце праекту «Дорога памяти». Пра тое, што гэта не памылка, сведчыць нацыянальнасць Пракопа Сырскага ў загадзе пра ўзнагароджванне – «беларус».

З чавускіх Кузьмінічаў паходзілі і амаль усе іншыя Сырскія з рэсурсаў, прысвечаных удзельнікам вайны 1941–1945 гадоў. Дый беларускі праект helper.archonline.by, які паказвае гістарычную распаўсюджанасць прозвішчаў у Беларусі, лакалізуе прозвішча Сырскі менавіта і выключна ў гэтай вёсцы.

Што датычыць Цюменскай вобласці РФ, то Сырскія маглі там апынуцца ў выніку Сталыпінскай рэформы 1900–1910-х гадоў. Гэты малазаселены рэгіён Сібіры быў месцам прыцягнення для шматлікіх беларускіх сялянаў, якія часта ў пошуках «новай зямлі» скіроўваліся ў даволі далёкія падарожжы.

Распаўсюджанасць прозвішча Сырскі ў Беларусі. Скрыншот: helper.archonline.by

Вёска Кузьмінічы была далучаная да Расейскай імперыі ў выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе. На пачатак ХХ стагоддзя яна належала да Быхаўскага павету Магілёўскай губерні. У 1897 годзе тут жыло 586 асобаў. Суседнія з Кузьмінічамі Чавусы падчас вайны Рэчы Паспалітай з Масковіяй 1654 – 1667 гадоў былі цэнтрам Беларускага казацкага палка, што падначальваўся ўкраінскай Гетманшчыне. Полк спачатку ваяваў на баку маскоўскіх войскаў, а ў 1658 годзе перайшоў на бок Рэчы Паспалітай.

Важна адзначыць, што прозвішча Галоўнакамандуючага ЗСУ дазваляе прасачыць гісторыю ягонай сям’і больш глыбока. Можна меркаваць, што першы яго носьбіт стаў называцца Сырскім у гонар сваёй роднай мясцовасці – вёскі Сырск Кармянскага раёну Гомельскай вобласці (цяпер у складзе Кармы). Яна знаходзіцца прыблізна за 75-80 кіламетраў ад Кузьмінічаў. Акупаваная расейскімі войскамі яна таксама была ў 1772 годзе.

Макар Мыш, «Белсат»

Гэты матэрыял вы можаце прачытаць па-расейску

Больш навінаў – у нашым Telegram-канале

Report Page