Бай і яго сыны

Бай і яго сыны

Атаесамленьне / Atajesamleńnie

Па некаторым часе чалавек стаў у Гэтым Свеце заводзіць свае парадкі. Ці шмат часу прайшло, ці мала, але меў ужо чалавек сваю сялібу, меў многа жонак, а яшчэ больш дзяцей. Было ў яго прозвішча — Бай. А як прыйшла пара паміраць, дык ён склікаў сваіх сыноў і падзяліў усю сваю маёмасць. Толькі пра аднаго сына забыўся. Сын у гэты час быў на паляванні і з ім былі любімыя бацькавы сабакі Стаўры і Гаўры. Прозвішча гэтаму сыну было Белаполь. Неўзабаве пасля смерці бацькі вярнуўся Белаполь з палявання, а браты яму кажуць:

— Бацька падзяліў нам усю сваю маёмасць, а табе ён пакінуў сваіх сабак. Ды яшчэ наказаў, каб ты іх пусціў па волі: аднаго ў правы бок, а другога — у левы; колькі яны зямлі аббягуць у дзень, дык гэта ўся зямля твая будзе.

Пайшоў Белаполь і злавіў дзвюх птушак, што прыляцелі адна з паўднёвага мора, другая — з заходняга. Пусціў паўднёвую птушку на поўдзень, ды і кажа аднаму сабаку:

— Бяры!

Пусціў другую на захад і кажа другому сабаку:

— Хапай!   .  .

Паляцелі тыя птушкі; адна ў адзін бок, другая ў другі. Пабеглі сабакі за птушкамі, дык ажно зямля закурылася. Як пабеглі тыя сабакі, дык і да гэтага часу не вярнуліся, а па іх слядах дзве рэчкі працягнуліся, у адзін бок прайшла Дзвіна, а ў друг! бок — Дняпро.

Вось у гэтых абшарах Белаполь і пачаў сяліцца. У гэтага Белаполя ад розных жонак яго развяліся розныя плямёны пад прозвішчам Беларусы. Яны і да гэтага часу там ходзяць, зямельку скародзяць ды жыта сеюць.


Report Page