БЕЛАРУСЫ І РАСІЯ. МЫ — НЕ “ТУТЭЙШЫЯ”!
“Якімі б раскошамі матэрыяльнымі нас ні надзялялі, ніколі яшчэ не будзем шчаслівы, пакуль чужая воля будзе гаспадаром над нашай воляй. Каб гэтага не было, мы павінны растаптаць, зніштожыць даўгавечную ману, якая вучыць, што мы не ёсць мы, што мы нейкае нешта, якое абы накарміў, як быдлё, дык і сыта будзе. Мы павінны душу нашу народную выявіць у сваім «я», у сваёй самабытнасці і смела сягнуць па сваё неадымнае права самім распараджацца гэтым сваім «я». … Але цярністы шлях мусіць прайсці душа народная, пакуль збавіць гэта сваё «я» ад чужой няволі”.
Янка Купала. “Тутэйшыя”
На Беларусі каля 300 помнікаў Леніну і толькі 3 помнікі Купале…
Па словах аўтара адметнага відэа пра русіфікацыю Беларусі, “нярэдка нават самі беларусы, адказваючы на пытанне адносна сваёй самабытнасці, у выніку прытупленага пачуцця да ўласных нацыянальных каштоўнасцяў яўляюць на свет гісторыі пра брацкі народ, раствараючы межы ўласнай самабытнасці спачатку ў віры савецкай гісторыі, а потым і Расійскай імперыі. Як наступства, самі беларусы, быццам засумняваўшыся ва ўласнай самабытнасці амаль у цэнтры Еўропы, явілі этнаграфічны парадокс. Народ з уласнай мовай, багатай культурай, шматвекавой гісторыяй, які страціў сувязь са сваімі гістарычнымі нацыянальнымі карнямі і зрабіўся ва ўласнай краіне не гаспадаром, а проста тутэйшым”.
Парадаксальна, але факт: нават на фоне сённяшніх падзей у рэгіёне ў вялікай часткі беларусаў думка, што наш галоўны вораг – Расія, усё яшчэ выклікае супраціў і адмаўленне. Шмат беларусаў дагэтуль не ўсвядомілі, што Расія стагоддзямі праводзіла і працягвае мэтанакіраваную працу па знішчэнні нашага краю і нашай нацыі. Такое манкуртства тлумачыцца недзе недастатковай адукаванасцю і доўгім прыхоўваннем праўдзівай інфармацыі, недзе падсвядомым калектыўным страхам пасля жорсткіх бальшавіцкіх рэпрэсій, недзе засяроджанасцю на здабыванні базавых сродкаў на пражыванне, калі “не да дэмакратыі, абы ціха і не было вайны”.
Але вайна ўжо ідзе. Распачатая Масквой вайна супраць Украіны сведчыць, што імперыя ва ўсіх яе гістарычных праявах — Расійская Імперыя, СССР ці Расійская Федэрацыя — гэта фундаментальная пагроза існаванню незалежных і дэмакратычных дзяржаў ў нашым рэгіёне.
Масква павінна быць разбураная. Для кагосьці гэта ідэалістычная метафара, але для прыхільнікаў змен у Беларусі, тых, каму ахвяры вайны ва Украіне не даюць спакою, тых, хто ўжо асэнсаваў наступствы стагоддзяў расійскага панавання на нашай зямлі, гэта цяпер аксіёма.
Каланіяльны ціск на Беларусь з боку Расіі цягнуўся стагоддзямі. Вынішчаліся культуры, традыцыі, літаратура і мастацтва, лепшыя сыны былі забітыя, закатаваныя ці вывезеныя ў Сібір. І мы дагэтуль адстойваем сваё права звацца літвінамі ці беларусамі.
Ад пачатку было зразумела, што ў падзеях 2020 года ў Беларусі, як ў іншых краінах былога СССР, ды і ў шмат яшчэ якіх краінах ва ўсім свеце, не абыйшлося без умяшальніцтва з боку Расеі. Рэжым Лукашэнкі трымаецца выключна на гвалтоўнай сіле і недалёкім розуме паслугачоў, што карыстаюцца вайсковай і эканамічнай падтрымкай з усходняга боку.
Доўгі пастаянны энергетычны шантаж Расіяй краін Заходняй Еўропы, а цяпер поўнамасштабная вайна супраць Украіны прывялі да поўнай ізаляцыі самой Расіі, а разам з тым і яе дапамагатага – рэжыму ў Беларусі. Грамадзяне Беларусі – закладнікі самачыну двух дыктатараў, што прынеслі краіне вялізны ўрон па ўсіх напрамках, ганебнае званне суагрэсара ў вайне, а цяпер робяць яе складам для ядзернай зброі ў сваіх інтарэсах.
Нядаўна, 2 красавіка, у “дзень Саюзнай дзяржавы” Беларусі і Расіі, у чарговы раз агучваліся пустыя і пафасныя, высмактаныя з пальца навіны пра “дасягненні” ў агульным “дзяржаўным будаўніцтве”.
Але што атрымлівае звычайны беларус ад здзелкі “энерганосьбіты ў абмен на пацалункі”? Дакладна нічога, акрамя вялікага галаўнога болю і неба, якое вось-вось можа ператварыцца ў зусім не мірнае. Таму ўсе і двухбаковыя дамовы з Расіяй, і дакументы па ўзаемадзеянню ў рамках ЕАЗС, усе дарожныя мапы па “інтэграцыі” і сама Дамова аб стварэнні саюзнай дзяржавы падлягаюць скасаванню, а па выдаткаваных на іх развіццё сродках – праведзена юрыдычнае і судовае разбіральніцтва.
Будучае існаванне і развіццё незалежнай дзяржаўнасці і Беларусі, і Украіны, і іншых краін у рэгіёне немагчыма без ліквідавання пагрозы з боку імперыі-Расіі. Расія мусіць зрабіцца суразмернай іншым усходнееўрапейскім краінам дэмакратычнай дзяржавай — краінай-Расеяй.
Распад імперыі робіцца канчатковым тады і толькі тады, калі яе былая імперская перыферыя канчаткова афармляецца ў пояс незалежных ад яе, нацыянальных па зместу і дэмакратычных па форме дзяржаў.
Вызваленне Украіны будзе крытычна важным ўнёскам у працэс дэ-імперыялізацыі. Аднак поўнасцю завершаны гэты працэс можа быць толькі пры вывадзе з-пад расійскага кантролю і ўплыву ўсіх незалежных краін былога СССР. І без Беларусі — самай вялікай пасля Украіны краіны рэгіёну і сімвалічна важнай для імперскай Расіі — гэты працэс немагчымы.
Нобелеўская прэмія міру ў 2022-м прысуджаная праваабаронцам з трох краін. Адзін з лаўрэатаў, Алесь Бяляцкі, кіраўнік беларускай “Вясны”, знаходзіцца ў лукашысцкай турме. Расійская арганізацыя “Мемарыял”, заснаваная Андрэем Сахаравым, прызнаная іншаземным агентам і ліквідаваная. Як кажа ўкраінка Аляксандра Матвійчук, дырэктарка трэцяга з нобелеўскіх лаўрэатаў, “Цэнтру грамадзянскіх свабодаў”, “калі ты не дапамагаеш Украіне выстаяць у вайне з Расіяй, то тым самым ты дапамагаеш Расіі акупаваць Украіну. Вельмі розныя вайсковыя патэнцыялы краін. Адзінае, што не ўлічыла Расія і ўвесь свет, гэта моц людзей, якія змагаюцца за сваю свабоду і дэмакратычны выбар. Яны мацнейшыя, чым другое войска свету… Цяпер мы гаворым пра вайну дзвюх сістэм. Перамога дэмакратыі над аўтарытарызмам будзе мець вялікае значэнне для дэмакратычнай будучыні Расіі, Беларусі і краін, дзе свабода сціскаецца да ўзроўню турэмнай камеры. Менавіта таму мы бачым, як вакол Расіі кансалідуюцца аўтарытарныя рэжымы, а вакол Украіны – дэмакратыі”.
Мы, беларусы, можам часова аб'ядноўвацца з іншымі нацыямі і краінамі з мэтай абароны сваіх нацыянальных інтарэсаў, калі яны трапляюць пад пагрозу. Мы не можам нівеліраваць уплыў іншых дзяржаў. Мы не хочам адмаўляцца ад дапамогі краін-сяброў. Аднак і гэты ўплыў, і гэтая дапамога мусяць быць накіраваныя перш за ўсё на ўзмацненне нашай уласнай нацыянальнай кансалідацыі.
Мы, беларусы, не імкнемся ні пераважаць над іншымі нацыямі, ні падпарадкоўвацца ім. Мы аднолькава прыязныя да іншых краін і хочам усталёўваць свае адносіны з гэтымі краінамі, але толькі на ўмовах партнёрства, а не залежнасці. Мы хочам жыць самастойна жыць у сваёй краіне па адзіных агульначалавечых законах, прынцыпах і нормах.
Толькі на такіх падставах магчымае ўсталяванне новых адносін з Расіяй як краінай. Пасля таго як Расія-імперыя будзе разбураная.