BELARUS LIBERTA. НАЦЫЯНАЛЬНАЯ ІДЭЯ

BELARUS LIBERTA. НАЦЫЯНАЛЬНАЯ ІДЭЯ

Яраслаў РАМАНЧУК

9. Сем запаведзяў здаровай дзяржавы. Як не грашыць

 

Добрапрыстойныя, сумленныя людзі выконваюць біблейскія запаведзі, нават калі лічаць сябе атэістамі. Не забі, не ўкрадзі, не пралюбадзейнічай, паважай бацькоў і старэйшых – гэта маральны падмурак чалавека, які хоча жыць у ладзе з сабой і грамадзтвам. Да дзяржавы таксама можна прымяніць запаведзі. Калі яно хоча быць бясьпечным, багатым і стабільным, яно павінна строга прытрымлівацца запаведзяў. Канец грэшнага чалавека сумны й трагічны. Канец дзяржавы, якая загразла ў заганах, – яе зьнікненьне й праклён гісторыі. Савецкі Саюз быў пакараны за парушэньне ўсіх магчымых запаведзяў маральнай, дабрадзейнай дзяржавы. З 1994 г. наменклатура Беларусі, нажаль, вядзе краіну гэтым небясьпечным шляхам. Падзеі 2008–2009 гг., хуткае спаўзаньне Беларусі ў глыбокі структурны крызіс паказалі, што рэсурс сацыялістычнай эканомікі практычна зьнясілены. Прыйшоў час адумацца й усьвядоміць глыбінны сэнс сямі запаведзяў здаровай дзяржавы. Час выспаведацца й скінуць зь сябе сацыялістычнае ярмо. Не, гэта не заклік шукаць выйсьце з крызісу выключна ў малітве й містыцы. Гэта заклік уключыць мозг і зразумець, навошта патрэбна дзяржава й якой ёй быць.

 

Запаведзь першая

«Вольныя людзі ня роўныя. Роўныя людзі ня вольныя»

 

Tак гучыць першы прынцып фінансавага здароўя дзяржавы. Безумоўна, размова ідзе не аб роўнасьці перад законам. У гэтым сэнсе людзі павінны мець права на справядлівы суд незалежна ад колеру скуры, веравызнаньня, полу ці роднасных сувязяў ва ўрадзе. Размова ідзе аб роўнасьці даходу й багацьця, роўнасьці здольнасьцяў і таленту. Гэтую запаведзь беларуская дзяржава паўсюдна парушае. Прагрэсіўнае падаткаабкладаньне, безадрасныя сацыяльныя датацыі, бяздарнае субсідаваньне й дыскрымінацыя па маёмаснай прыкмеце (напрыклад, больш высокія цэны на многія дзяржпаслугі для іншаземцаў і беларусаў) – усё гэта праява амаральнасьці беларускай дзяржавы.

Ураўнілаўка якую здзяйсьняюць чыноўнікі, зьяўляецца зьдзекам з прыроды чалавека. Гэта праява недасканаласьці бюракрата, які хоча здавацца больш багатым і лепшым за кошт апусканьня «ніжэй калена» іншых. Беларуская наменклатура імкнецца, каб у Беларусі не было багатых, таму што багатыя, якія зарабілі багацьце за конт сваёй працы, незалежныя. Савет Міністраў і адміністрацыя прэзыдэнта праводзяць палітыку антызьберажэньня. Заахвочваецца праяданьне капіталу. Чалавека прымушаюць плаціць розныя падаткі з аднаго й таго ж даходу, каб, упасі Гасподзь, ня быў сфармаваны магутны сямейны капітал.

Калі людзі ў краіне роўныя з пункту гледжаньня даходу, можна сьмела сьцьвярджаць, што яны несвабодныя. Ураўняць заробак для ўсіх можна, толькі калі прыставіць да кожнага чалавека наглядчыка зь пісталетам ці пугай. У Паўночнай Карэі «роўныя» людзі павінны шчыпаць траву й паміраць у раньнім узросьце ад голаду. Барацьба беларускіх уладаў супраць высокіх даходаў – гэта барацьба супраць інавацыяў, назапашваньня капіталу й усяго новага ў арганізацыі вытворчасьці й гандлю. Яшчэ ніводнай краіне не ўдалося стаць багатай за кошт прыніжэньня сваяго бізнэсу. Для здароўя дзяржавы ўраўнілаўка – як заражэньне крыві для чалавека. Без засваеньня гэтага ўрока нават дыплём аб сярэдняй адукацыі выдаваць нельга.

 

Запаведзь другая

«Чалавек беражліва ставіцца да сваёй уласнасьці, але схільны ставіцца грэбліва да казённага й нічыйнага»

 

У Беларусі каля 80% усіх актываў па-ранейшаму нічыйнае, гэта значыць яны казённыя. У іх няма гаспадара, але ёсьць толькі кіраўнікі, якія напераменку самі сябе прызначаюць на пасады, а тавары й паслугі становяцца горшымі й даражэйшымі. Больш таго, забруджваюцца рэкі й азёры, высякаюцца лясы й растуць горы сьмецьця. Сутнасьць дадзенай запаведзі вельмі лёгка праверыць падчас простага экспэрымэнта. Пусьціце ў сваю кватэру на месяц незнаёмага чалавека – і вы назаўжды расстанецеся з ілюзіямі дабрабыту ў дзяржаўнай эканоміцы. Беларускія ўлады, жывучы ў палоне «залатой акцыі», канфіскату й суцэльнага рэгуляваньня, па сутнасьці, яны аддалі нашу краіну на разарваньне дачасьнікам бяз роду й племя. У выніку багацьце ствараюць адны, а карыстаюцца ім іншыя. Моладзь ня хоча ўдзельнічаць у гэтай трагікамэдыі, таму ўсё часьцей аддае перавагу эміграцыі, а не працы на чужога дзядзьку, тым больш калі ён чыноўнік.

 

Запаведзь трэцяя

«Эканамічная палітыка павінна быць накіравана на ўсе групы насельніцтва, а не толькі на адну, не на кароткатэрміновую, а на доўгатэрміновую пэрспэктыву»

 

Сёньня можна «намаляваць» патрэбныя тэмпы росту ВУП, паўбюджэту раздаць вузкай групе чыноўнікаў і палітычных прадпрымальнікаў, а потым паказаць па тэлевізары іх радасныя твары. Можна пры дапамозе інфляцыі або дэвальвацыі паціху красьці грошы фундатараў, не заўважаючы адтоку капіталу. Можна раздаваць калгасам і асобным прамысловым гігантам датацыі, але канкурэнтнымі ад гэтага яны ня стануць.

Чаму мы, падаткаплацельшчыкі, павінны даплачваць вытворцам трактароў, камбайнаў ці тэлевізараў? Кожны чалавек у Беларусі павінен мець права выбару свайго віду эканамічнай дзейнасьці й несьці поўную адказнасьць за яго вынікі. Нашы ўлады заблякавалі інстытут банкруцтва. Яны заахвочваюць стратную працу й назапашваньне даўгоў. Яны караюць за посьпех і фінансуюць заведама правальныя праекты. Усё таму, што інтарэсы адной вузкай сацыяльнай групы заможных людзей выдаюцца за інтарэсы ўсёй краіны. Чыноўнікі дзейнічаюць па прынцыпе «пасьля нас – хоць патоп», актыўна ладзячы жыцьцё сваіх дзяцей за мяжой.

 

Запаведзь чацьвёртая

«Людзі рэагуюць на cтымулы»

 

Калі заахвочваеш стварэньне капіталу, атрымліваеш заможных людзей і багатую краіну. Калі заахвочваеш расхлябанасьць і працу праз рукавы, атрымліваеш эканамічную й сацыяльную разруху. Урад, які лічыць нармальнай падатковую нагрузку ў 50% BBП – проста з'ехаў зглузду. Гэта ў поўнай меры адносіцца да нашых полісімейкераў. Беларуская наменклатура эфэктыўна блакуе ўсе новаўвядзеньні. Сыстэма ўлады пабудавана такім чынам, што чужынец, то бок не аганьбаваны й не сапсаваны сыстэмай чалавек, на высокую пасаду праскочыць ня можа.

Чыноўнікам выгадна «маляваць» паказчыкі росту. «Чырвоным» дырэктарам выгадна блакаваць прыватызацыю й быць стратнымі. Для наменклатуры самаізаляцыя гэта выйгрышны варыянт. Міліцыі выгадна мець безабаронных, слабых грамадзян. Манапалістам тыпу «Белтэлекама», «Белпошты», «Белэнэрга» выгадна татальнае дзяржрэгуляваньне. Адміністратарам школ і бальніц выгадныя чэргі, бясплатныя паслугі, бо менавіта на іх яны атрымліваюць свае «левыя» даходы.

Гультаяватым выгодная ўраўнілаўка. Паразіты атрымліваюць карысьць ад пераразьмеркаваньня 50% ВУП празь бюджэт. Ашуканцы атрымліваюць асалоду ад забюракратызаванасьці эканомікі. Злодзеям на руку адсутнасьць свабоды слова, хамам – непавага да закона й культуры.

У Беларусі створана перакручаная, антыгуманная, амаральная сыстэма стымулаў. За творчасьць, дасягненьні, за доблесную працу караюць, за падхалімаж, цынізм і прыстасаваньне заахвочваюць.

Кіраўнікі беларускіх прадпрыемстваў адэкватна рэагуюць на сыстэму стымулаў, якую стварае ім дзяржава. Яны перастаюць плаціць падаткі, разьлічвацца з пастаўшчыкамі, вяртаць крэдыты банкам. Гэта прамы шлях да банкруцтва краіны. Спачатку ўлады высокімі падаткамі й тысячамі нарматыўных актаў ліквідуюць працоўныя месцы, а потым ствараюць дзяржфонды для барацьбы зь беспрацоўем і стымуляваньня прамысловасьці. Tак сваімі рукамі ўрад ператварае крызу ў дэпрэсію.

 

Запаведзь пятая

«Аніхто не марнуе чужыя грошы так беражліва й акуратна, як ён марнуе свае»

 

Усе мы бачым, на якіх машынах езьдзіць раённае, абласное й рэспубліканскае начальства. Бачым дамы, якія за бюджэтныя грошы будуюць сабе наменклатуршчыкі й бюракраты. Пры гэтым мы ведаем, як дрыжаць яны над кожнай сваёй капейкай камандзіровачных, па-савецку абедаючы й вячэраючы ў гатэлі загорнутым у газэту каўбасой. Бясплатныя крэдыты зь дзяржбанкаў на шыкоўныя кватэры – і звычка хадзіць у старых пацёртых касьцюмах, якая мяжуе з аскетызмам. Шыкаваньне ў дарагіх гасьцініцах і гіпэрмаркетах за мяжой (калі за бюджэтны кошт) і зьліцьцё з народнай масай у пацёртым трыко на дачах і агарадох.

Колькі разоў здаралася, што чыноўнікі зь міністэрстваў закуплялі на бюджэтныя грошы ці нават на зьнешнія пазыкі анікому не патрэбныя машыны й абсталяваньне. Яно іржавела, потым яго сьпісвалі, а чыноўнікі беражліва вялі ўлік кожнай «адкатнай» капейкі на замежным рахунку. Мы радуемся выкладзеным пліткай тратуарам, не разумеючы, што за тую ж працу можна было б заплаціць у два-тры разы менш, калі б кантракты на зьвесткі працы й на выраб пліткі праводзіліся ва ўмовах адкрытай канкурэнцыі. Наменклатура агрэсіўна пярэчыць прыватнай страхавой мэдыцыне й прыватным пэнсійным індывідуальным рахункам, таму што ў гэтым выпадку ёй будзе значна складаней бяскарна марнаваць чужыя грошы.

 

Запаведзь шостая

«Дзяржава сама анічога не вырабляе.

Каб камусьці што-небудзь даць, яна павінна гэта ў каго-небудзь адабраць»

 

Будзьце ўпэўненыя, вялікая дзяржава, якая заяўляе, што забясьпечыць вас усім, спачатку з такой жа лёгкасьцю забярэ ўсё ў вас і вашых суседзяў. Калі чалавек разьлічвае на тое, што наменклатура й палітыкі забясьпечаць яго бясплатнай адукацыяй, паклапоцяцца аб яго здароўі й старасьці, створаць яму пажыцьцёвае працоўнае месца й дадуць месячны водпуск, то ён павінен быць гатовы да таго, што большую частку заробку ў яго забяруць у выглядзе падаткаў, а астатняе прымусяць выдаткаваць на дарагія й няякасныя тавары й паслугі.

Кожнае захаванае дзяржавай працоўнае месца (пры дапамозе тарыфаў, пошлін і абмежаваньні канкурэнцыі) каштуе пяці-дзесяці разбураных працоўных месцаў у іншых сэктарах. Нашы бацькі й дзяды на сваім вопыце пераканаліся, як дзяржава выконвае сваё абяцаньне забясьпечыць нябедную старасьць. Дзяржава забрала ў іх ўсе зьберажэньні. У чарговы раз яно падманула нас усіх, раздаўшы чэкі «Маёмасьць», але не даўшы магчымасьці купляць на іх ліквідныя актывы.

Гарвыканкамы й райвыканкамы выганяюць прадпрымальнікаў з гандлёвых кропак на зручных месцах на вуліцах, павялічваючы, такім чынам, колькасьць пакупнікоў традыцыйных магазінаў. Яны ўвесь час паступова павялічваюць рэгулятарны цяжар і пазбаўляюць магчымасьці самазанятасьці ў першую чаргу жанчын зь дзецьмі й моладзь. Галіновыя міністэрствы выдаюць ліцэнзіі толькі “патрэбным” арганізацыям і пакідаюць без права на працу актыўных канкурэнтаў. Наменклатура й вэртыкаль улады раздаюць грошы зь дзяржаўных фондаў і бюджэту, нібыта гэта іх асабістыя рэсурсы. Яны нават забываюцца падзякаваць падаткаплацельшчыкам, якія гэтыя сродкі туды ўклалі.

 

Запаведзь сёмая

«Без свабоды не стварыць багацьце, не гарантаваць бясьпеку й не пабудаваць дабрачыннае грамадзтва»

 

Свабода не раскоша й не прыгожая ідэя. Гэта сутнасьць прадукцыйнай працы й паўнавартаснага адпачынку. Гэта аснова шчаснай старасьці й бурнай маладосьці. Гэта сутнасьць жыцьця для сябе й за свой кошт. Беларуская наменклатура абмяжоўвае нашу свабоду, абяцаючы ўзамен стабільнасьць і бясьпеку. У выніку мы маем краіну, якой баяцца ня толькі замежныя фундатары, але й айчынныя прадпрымальнікі. У пошуках свабоды зьяжджаюць зь Беларусі студэнты й прафэсіяналы. Таўро «краіна канфіскату» стала цяжкімі кайданамі на слабым целе нацыянальнай эканомікі.

Людзям забараняюць атрымліваць і перадаваць інфармацыю. Яны ня могуць свабодна зьбірацца й адстойваць свой пункт гледжаньня. Па сутнасьці, нас пазбавілі магчымасьці абіраць і быць абранымі. Цэрберы несвабоды даўно выйшлі за межы чыста эканамічных праблем. Ім мала нашых грошай. Ім патрэбны нашы душы. І гэтым яны нагадваюць дробных гідкіх мефістафеляў. Яны плююць як на дзесяць біблейскіх запаведзяў, так і на сем запаведзяў здаровай, адказнай дзяржавы.

Адзін чалавек узяўся загладзіць грахі чалавецтва на крыжы. Форма адкупленьня грахоў і пакаяньня беларускай бюракратыі й наменклатуры пакуль застаецца невядомай. Але яна непазьбежная, калі Беларусь хоча застацца незалежнай, квітнеючай краінай.

Report Page