БЧБ-зачыстка. Самыя недарэчныя затрыманні і прысуды падчас «Дня волі» ў Мінску

БЧБ-зачыстка. Самыя недарэчныя затрыманні і прысуды падчас «Дня волі» ў Мінску

@viasnanazirae

Напярэдадні Дня Волі па ўсёй Беларусі прайшлі масавыя прэвентыўныя затрыманні актывістаў і журналістаў. 25 сакавіка людзей працягвалі затрымліваць на працягу дня ў розных гарадах.

"Вясне" вядома пра 175 затрыманых у гэты дзень ў Мінску. Яшчэ каля 250 чалавек затрымалі 27 сакавіка, калі ў Мінску анансавалі акцыю пратэсту на Бангалора.

Суды масава арыштоўвалі затрыманых па арт. 24.23 КаАП нібыта за «ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве», хоць прэс-сакратарка МУС Вольга Чамаданава сцвярджала, што "ва ўсіх рэгіёнах краіны не зафіксавана ніводнага несанкцыянаванага масавага мерапрыемства".

«Вясна назірае» склала спіс самых недарэчных затрыманняў сілавікамі і пакаранняў ад мінскіх суддзяў, сабраных нашымі валанцёрамі і валанцёркамі падчас назірання за судовымі працэсамі над затрыманымі падчас «Дня волі» 25 і 27 сакавіка.


"Дэманстравалі жэсты"

Фота: Радыё Свабода

За «паднятую ўверх руку» асудзілі мінімум 50 мінчукоў. Гэта самая распаўсюджанная фармуліроўка ў пратаколах і пастановах суда. З 50 чалавек толькі двое атрымалі штрафы ў памеры 2900 і 1740 рублёў. Аднаго мужчыну асудзілі на 10 сутак, яшчэ пяць чалавек адбываюць 13-сутачныя арышты, адну жанчыну асудзілі на 14 сутак. Астатніх затрыманых арыштавалі на 15 сутак.


"На машыне была налепка з Пагоняй"

Фота: TUT.BY

На «суткі» адправілі і выпадковых пасажыраў аўтамабіля, на багажніку якога была налепка з Пагоняй. Супрацоўнікі ДАІ спынілі машыну каля Філармоніі. Сведка-міліцыянт сцвярджаў, што кіроўца машыны сігналіў, пасажыры паказвалі знак "Вікторыя", а на багажніку была налепка.

У машыне знаходзілася пяць чалавек, якіх адразу даставілі ў Першамайскі РУУС. Нам вядомыя вынікі судоў толькі над трыма жанчынамі: іх пакаралі 12-сутачным арыштам.


"Здымаў супрацоўнікаў міліцыі з маршруткі"

Фота: Наша Ніва

Паездка на маршрутцы скончылася для 61-гадовага Віктара Макарэвіча 15 суткамі. Яго выцягнулі з маршруткі, калі заўважылі, што ён здымае супрацоўнікаў на відэа. Суддзя Аляксандр Сяргей адхіліў хадайніцтва аб далучэнні відэа, якое даказвае, што ён быў у маршрутцы. Хоць па пратаколе мужчыну вінавацілі ў "пікетаванні ў групе 20 чалавек уздоўж праспекта".


"Спытаў, хто зразае БЧБ-стужкі"

Сяргея Кліменценку затрымалі на дзіцячай пляцоўцы на вачах у яго дзіцяці. 25 сакавіка мужчына заўважыў, што нехта ў яго двары зразае БЧБ-стужачкі. Сяргей пацікавіўся ў людзей, кім яны з'яўляюцца, але замест адказу яму прапанавалі прайсці ў бус.

У выніку, на яго склалі пратаколы за дробнае хуліганства і непадпарадкаванне. Суддзя Мінскага раённага суда Крапачоў арыштаваў Сяргея на 15 сутак.


"Павесіў на дрэва БЧБ-балонікі"


23-гадовага Максіма Кіцыненку затрымалі за дзевяць БЧБ-балонікамі. Са словаў Максіма, ён купіў іх у гонар свята Дня Волі. Пасля прагулкі з балонікамі, ён вырашыў павесіць іх на дрэве, пасля чаго пад'ехаў бус і яго затрымалі.

Суддзя Сяргей Шаціла абурыўся і ўдакладніў, "навошта павесілі балонікі на агляд людзей, якія не падзяляюць гэтае свята?" Сведка-міліцыянт таксама не лічыць 25 сакавіка святам, таму, калі ўбачыў бурную рэакцыю мінакоў на шары, вырашыў затрымаць "зламысніка". У выніку, Максіма арыштавалі на 25 сутак.


"Насіла бел-чырвоную брошку пяць год"

Кацярыну Якубенка затрымалі за двух-сантыметровую бел-чырвоную брошку, якая вісела пад шалікам. Суддзя Шаціла пацікавіўся, ці разумее жанчына, "што гэтая брошка азначае з прычыны апошніх падзей". Кацярына патлумачыла, што гэта падарунак сяброўкі, які носіць ужо пяць гадоў. Суддзя Савецкага суда ацаніў такі падарунак у 1450 рублёў (50 базавых).


"Раздавалі БЧБ-цукеркі"

Каля ГЦ "Сілуэт" 25 сакавіка затрымалі траіх мужчын для высвятлення асобаў, бо нібыта да міліцыянтаў паступіла інфармацыя аб крадзяжы тэлефона. Але ў РУУСе на іх склалі пратаколы аб тым, што яны ўсе прынялі ўдзел у пікетаванні, раздаючы БЧБ-цукеркі.

На судзе стала вядома, што Яўгена Касых затрымалі выпадкова, пакуль ён курыў каля крамы.

У дваіх сяброў былі ў кішэнях цукеркі «Камунарка». Менавіта за гэта "правапарушэнне" на іх склалі пратаколы па арт. 24.23 КаАП, а таксама па арт. 24.3 КаАП за непадпарадкаванне пры затрыманні. Адразу іх справы адправілі на «дапрацоўку».

Але каб не выпускаць іх пасля 72 гадзін, у Савецкім РУУСе на іх склалі новыя праколы па арт. 19.1 КаАП за дробнае хуліганства. У выніку, сяброў асудзілі на 3 і 13 сутак, а мужчыну за тое, што курыў побач, арыштавалі на 15 сутак.


"Пікетавалі БЧБ-шкарпэткамі"

Падчас "хапуна" на Дзень Волі пратаколы па арт. 24.23 КаАП за "пікет у БЧБ-шкарпэтках" атрымалі адразу тры чалавека.


У 19:30 25 сакавіка Наталля Сіўцова-Сядушкіна пайшла на курсы кіроўцаў. Але ўжо праз дзве хвіліны каля яе дома затрымалі сілавікі. У пратаколе напісалі, што Наталля "ў групе жанчын пікетавала і была пазначаная сімволікай – БЧБ-шкарпэткамі". Суддзе Марыне Фёдаравай Наталля патлумачыла, што ў гэтых жа шкарпэтках яна была раніцай на судзе і пратэст імі не выказвала.

Шкарпэткі жанчына прынесла з сабой і дала суддзі, якая іх для чагосьці сфатаграфавала. У выніку, суддзя Фёдарава адправіла справу "на дапрацоўку".


21-гадовы Дзяніс Сташэўскі таксама вырашыў, што яго затрымалі за БЧБ-шкарпэткі. Увечары 25 сакавіка яго затрымалі каля БНТУ на Акадэміі Навук. Пры даглядзе ў хлопца знайшлі дзве налепкі "пратэстнага толку".

У аўтазаку хлопец аддаў сваю барсетку супрацоўнікам, якія перадалі яе ўчастковаму ўжо ў Першамайскім РУУС. Пры вопісу рэчаў аказалася, што ў барсетцы ёсць БЧБ-сцяг, які, як сцвярджае Дзяніс, яму не належыць, таму ён заявіў, што яму яго падкінулі.

Нягледзячы на тое, што Дзяніс прайшоў у аўтамабіль добраахвотна, у РУУСе на яго склалі пратакол за непадпарадкаванне пры затрыманні. Суддзя Таццяна Ліннік ўсё ж такі прызнала Сташэўскага вінаватым па двух пратаколах і асудзіла яго на 30 сутак.


Суддзя Савецкага раёна Аляксандр Воўк арыштаваў на 15 сутак 27-гадовую Крысціну Малашэвіч. Дзяўчыну затрымалі 25 сакавіка каля кінатэатру «Кастрычнік» і абвінавацілі ў пікетаванні ў БЧБ-шкарпэтках. Менавіта гэта пазначылі ў пратаколе па ч.1 арт. 24.23 КаАП міліцыянты Савецкага РУУС.

Як пазней стала вядома, па спісах Жодзіна дзяўчына павінна выйсці на дзень пазней, чым напісана ў пастанове суда. Таму, калі вам вядома аб падобных выпадках – вы можаце звязацца з намі праз наш бот, каб мы дапамаглі пазбегнуць лішніх сутак у няволі.


Былі ў McDonald’s, але арыштавалі за пікетаванне


Пратакол за «ўдзел у масавым мерапрыемстве» можна атрымаць нават у McDonald’s. Нам вядомыя такія тры выпадкі.

18-гадовага Ягора Ждановіча затрымалі ў McDonald’s на «Пушкінскай», калі ён піў гарбату. У Фрунзенскім РУУСе на яго склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП і абвінавацілі ў пікетаванні. Суддзя Юлія Крэпская прызнала віну Ягора цалкам даказанай і арыштавала хлопца на 15 сутак.


28-гадовага Цімафея Вялічку таксама затрымалі 25 сакавіка ў McDonald’s, але на «Кастрычніцкай». Па пратаколе, хлопец«прыняў удзел у пікетаванні, выкрыкваў лозунгі і паказваў жэсты». Хоць на самой справе, яго затрымалі ўнутры кафэ, аб чым сведчыць чэк. Суддзя Ленінскага раёна Інчына не далучыла чэк да матэрыялаў справы, а Цімафея абвінаваціла ў зацягванні працэсу. У выніку, суддзя Інчына асудзіла Вялічку на 15 сутак.


Кацярына Навалоцкая 27 сакавіка чакала за сталом у McDonald’s на «Пушкінскай» свайго хлопца, які рабіў заказ. Міма праязджаў аўтазак і дзяўчына вырашыла яго сфатаграфаваць. Тут жа падышлі супрацоўнікі і адвезлі яе ў Фрунзенскі РУУС, дзе склалі пратакол за пікетаванне ў групе людзей. Па рашэнні суддзі Скуратовіч хлопец Кацярыны дачакаецца яе толькі праз 15 сутак.


Кур'ера Menu.by і мужчыну, які фатаграфаў яго затрыманне, таксама прызналі ўдзельнікамі «нябачнага пікету»


27 сакавіка ў раёне станцыі метро "Пушкінская" затрымалі пешага кур'ера Menu.by Аляксандра. Хлопец казаў, што ішоў дастаўляць заказ з Mcdonald's, але на прыпынку яго забраў АМАП. Згодна з пратаколам Аляксандр на Прытыцкага «прыняў удзел у мітынгу, не ўзгодненым Мінгарвыканкамам». У выніку, суд Фрунзенскага раёна аштрафаваў кур’ера па арт. 24.23 КаАП на 60 базавых велічыняў (1740 рублёў).

А Андрэя Гарнашэвіча, які фатаграфаў затрыманне гэтага кур’ера, арыштавалі па арт. 24.23 КаАП на 15 сутак.


Мінчукоў адправілі на суткі, негледзячы на хваробу

Аляксандра Сцепаненку затрымалі на лавачцы нават з кавай у руках. У Маскоўскім РУУС на мужчыну склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП за пікетаванне на праспекце Незалежнасці. Мужчына некалькі разоў паўтарыў, што яго здароўе не дазваляе сядзець на «сутках», бо ў яго эпілепсія. Але суддзя Сяргей Кацэр асудзіў затрыманага на 30 сутак арышту.


Суддзя Рудэнка адправіў на 15 сутак Мікалая Каваленку з абсцэсам у зубе. У пратаколе па арт. 24.23 КаАП сказана, што мужчына прыняў удзел у пікетаванні. У Кастрычніцкім РУУСе нікога не збянтэжыў востры зубны боль Мікалая, з якім чалавек не можа пікетаваць, ведаючы, што можа апынуцца "на сутках".

З-за вострай болі хлопец нават не можа спаць. На судзе ён распавёў, што ў камеры холадна, фортка не зачыняецца, а ў камеры на траіх сядзіць 10 чалавек.


25 і 27 сакавіка затрымалі мінімум 12 студэнтаў

Фота: Online.by


На ўсіх склалі пратаколы паводле арт. 24.23 КаАП, але некаторым дасталіся пратаколы і за непадпарадкаванне. Студэнты атрымалі арышты на 12–30 сутак, а адзін на судзе заявіў, што яго білі ў бусе пасля затрымання.

Аднаго са студэнтаў БНТУ затрымалі на вуліцы Сурганава, калі ён ішоў дадому пасля заняткаў. З сабой у Данііла былі канспекты і падручнікі, а ён у доказ таго, што быў на парах, зачытаў змест лекцый. Суддзе Таццяне Шоцік гэта не здалося дастатковым аргументам, таму яна асудзіла хлопца на 15 сутак.



Report Page