БАР ІІ
Кацярына Дзерман, псіхіятрГэты тэкст пра біпалярны афектыўны разлад другога тыпу. Разлад, які вельмі часта можа прагледзець нават дасведчаны спецыяліст, а па дадзеных даследавання HOPE-BD, ад з'яўлення першых сімптомаў да пастаноўкі дыягназу БАР ІІ у сярэднім праходзіць каля 11 гадоў.
Перад тым, як разбірацца ў БАР ІІ, вызначымся з тэрміналогіяй (трохі спрошчана).
Дэпрэсія - гэта псіхічны стан, пры якім на працягу пэўнага часу ўстойліва зніжаецца настрой і/або ўзровень актыўнасці, губляецца цікавасць і здольнасць адчуваць задавальненне, а таксама з'яўляюцца іншыя сімптомы: стомленасць, парушэнні сну і апетыту, цяжкасці з канцэнтрацыяй, пачуццё віны або безнадзейнасці.
Каб дыягнаставаць дэпрэсіўны эпізод, сімптомы павінны захоўвацца не менш за 2 тыдні і прысутнічаць большую частку дня, амаль кожны дзень.
Манія - гэта выражаны і ўстойлівы ўздым настрою або раздражняльнасць з рэзкім павелічэннем энергіі і актыўнасці, зніжэннем патрэбы ў сне, паскарэннем мыслення і маўлення, імпульсіўнасцю і істотным парушэннем функцыянавання. У цяжкіх выпадках магчымыя псіхатычныя сімптомы - напрыклад, трызненне велічы, асаблівай місіі або пасланніцтва. Пры маніі можа спатрэбіцца шпіталізацыя.
Каб дыягнаставаць манію, перыяд павышанага або раздражнёнага настрою і павышанай актыўнасці павінен працягвацца не менш за 1 тыдзень. Калі стан настолькі цяжкі, што патрабуе шпіталізацыі, працягласць менш за тыдзень таксама можа адпавядаць крытэрыям маніі.
Прыклад:
Пацыент амаль не спіць, але не адчувае стомленасці, поўны энергіі, гаворыць хутка і шмат. Думкі "скачуць" з адной на другую, таму яму цяжка доўга канцэнтравацца на адной справе. У яго з'яўляецца мноства грандыёзных планаў і ідэй (часта вельмі для чалавека нетыповых, неажыццяўляльных), ён перакананы, што цяпер нарэшце здолее зрабіць усё задуманае, пачынае адразу некалькі праектаў, шмат траціць грошай, але большасць гэтых планаў так і не даводзіць да канца. Блізкія разумеюць, што з чалавекам нешта не так, але ён перакананы, што ўсё выдатна.
Гіпаманія - гэта перыяд выразна павышанага або раздражнёнага настрою і павышанай энергіі, калі чалавек становіцца больш актыўным, гаваркім, хутчэй думае, менш спіць і можа быць больш імпульсіўным, чым звычайна. Гэта можа праяўляцца, напрыклад, у імпульсіўных пакупках, большай смеласці ў камунікацыі, флірце. Пры гэтым стан не прыводзіць да істотнага парушэння функцыянавання, не патрабуе шпіталізацыі і не суправаджаецца псіхозам. Часцяком і блізкія, і сам пацыент лічаць, што ён проста перажывае перыяд выдатнага настрою.
Каб дыягнаставаць гіпаманію, перыяд павышанага або раздражнёнага настрою і павышанай актыўнасці павінен працягвацца не менш за 4 дні і быць выразнай зменай звычайнага стану чалавека.
Прыклад:
Чалавек некалькі дзён спіць па 4-5 гадзін і не адчувае стомленасці, становіцца незвычайна энергічным і гаваркім, у яго шмат новых ідэй, думкі хутка пераскокваюць з аднаго на другое. Ён пачынае некалькі новых праектаў, больш кантактуе з людзьмі, можа рабіць імпульсіўныя пакупкі, але працягвае працаваць і ў цэлым захоўвае здольнасць функцыянаваць.
Галоўнае адрозненне гіпаманіі ад маніі - ступень выражанасці і наступствы. Пры гіпаманіі змяненне стану відавочнае, але чалавек у асноўным захоўвае здольнасць функцыянаваць. Манія - стан значна больш выражаны: функцыянаванне істотна парушаецца, можа спатрэбіцца шпіталізацыя, а пры цяжкай маніі могуць з'яўляцца псіхатычныя сімптомы.
Біпалярны афектыўны разлад першага тыпу (БАР І) - гэта расстройства настрою, для якога характэрны маніякальныя эпізоды. Дэпрэсіўныя эпізоды пры БАР І таксама могуць быць частыя, але для самога дыягназу БАР І наяўнасць дэпрэсіі не з'яўляецца абавязковай умовай. Распаўсюджанасць БАР І тыпу у папуляцыі - каля 1 %.
Але сёння мне хацелася б засяродзіцца менавіта на біпалярным афектыўным разладзе другога тыпу (БАР ІІ).
БАР ІІ - гэта расстройства настрою, пры якім узнікаюць дэпрэсіўныя эпізоды і як мінімум адзін гіпаманіякальны эпізод, але ніколі не было паўнавартаснага маніяльнага эпізоду.
Распаўсюджанасць БАР ІІ залежыць ад дыягнастычных крытэрыяў і метаду даследавання. У розных даследаваннях атрымліваюцца розныя ацэнкі; напрыклад, NICE прыводзіць ацэнку каля 0,4% дарослага насельніцтва.
Цячэнне БАР ІІ можа быць вельмі розным, але часцей за ўсё ў ім значна пераважаюць дэпрэсіўныя эпізоды, а гіпаманія займае нашмат менш часу. Захворванне звычайна пачынаецца ў падлеткавым узросце або ў ранняй даросласці, нярэдка менавіта з дэпрэсіўнага эпізоду. Паміж эпізодамі чалавек можа цалкам вяртацца да свайго звычайнага стану, але ў некаторых выпадках дэпрэсіўныя сімптомы захоўваюцца і паміж паўнавартаснымі эпізодамі. З цягам часу эпізоды могуць паўтарацца, а ў часткі пацыентаў перыяды поўнага дабрабыту становяцца карацейшымі.
Важна, што гіпаманія пры БАР ІІ можа ўспрымацца самім чалавекам не як хваробны стан, а як перыяд незвычайнай энергіі, прадуктыўнасці і добрага настрою. Менавіта таму БАР ІІ часта блытаюць з рэкурэнтнай дэпрэсіяй і дыягназ можа ставіцца са значнай затрымкай.
Можа ўзнікнуць пытанне: дык навошта ж лячыць такі прыемны стан, як гіпаманія?
Вось і пацыенты ў гіпаманіі, канешне, не ідуць з ёй да доктара, а жывуць сваё лепшае жыццё. Але праблема ў тым, што БАР ІІ - гэта не проста некалькі прыемных дзён паміж дэпрэсіямі. Пры БАР ІІ дэпрэсіўная сімптаматыка займае значна большую частку часу, чым гіпаманія. У адным з працяглых даследаванняў пацыенты з БАР ІІ праводзілі ў дэпрэсіўных станах у сярэднім 58% часу назірання супраць 41,7% у пацыентаў з БАР І.
Таму праблема - не толькі сама гіпаманія, але і эмацыйныя арэлі паміж гіпаманіяй і дэпрэсіяй, а таксама наступствы гэтых ваганняў для працы, адносін, фінансаў і якасці жыцця.
І вось каб гэтыя арэлі былі менш выражанымі і каб знізіць рызыку новых дэпрэсіўных і гіпаманіякальных эпізодаў, неабходнае лячэнне, у тым ліку фармакалагічнае, накіраванае на стабілізацыю настрою.
Варта дадаць, што ў плыні БАР ІІ могуць назірацца дэпрэсіўныя эпізоды са змешанымі рысамі - калі разам з дэпрэсіўнымі сімптомамі прысутнічаюць сімптомы павышанай актыўнасці або ўзбуджэння. Чалавек можа адчуваць безнадзейнасць і тугу, але пры гэтым быць вельмі энергічным, раздражняльным або трывожным, мець паскораныя думкі, непакой і зніжаную патрэбу ў сне.
Як ужо пісала вышэй, ад з'яўлення сімптомаў БАР ІІ да пастаноўкі правільнага дыягназу могуць праходзіць гады. А значыць, на працягу гэтых гадоў чалавек можа атрымліваць лячэнне як ад рэкурэнтнай дэпрэсіі, не маючы поўнага разумення структуры свайго расстройства. Гэта можа ўплываць на выбар лячэння і якасць жыцця. БАР ІІ пры гэтым нельга лічыць проста "мяккай формай" БАР: даследаванні паказваюць значны ўзровень функцыянальных парушэнняў і высокі дэпрэсіўны цяжар.
Калі пацыент звяртаецца да нас, псіхіятраў, з дэпрэсіўнымі сімптомамі, мы павінны распытваць, ці былі ў яго жыцці перыяды незвычайна добрага настрою, звышвысокай прадуктыўнасці, павышанай упэўненасці ў сабе, зніжанай патрэбы ў сне, паскоранага мыслення і павышанай актыўнасці.
Бо калі чалавек прыходзіць да нас у дэпрэсіі, мы бачым толькі адзін бок расстройства. Другі бок - гіпаманія - можа заставацца недаследаваным, асабліва калі сам чалавек не лічыць яе праблемай.
Пацыентам, якія перыядычна перажываюць дэпрэсіўныя эпізоды, варта прыгадаць сабе, ці не было ў іх перыядаў, калі яны мелі апісаныя вышэй сімптомы гіпаманіі. І калі былі - абавязкова паведаміць пра гэта свайму псіхіятру.
Лячэнне дэпрэсіўнага эпізоду пры рэкурэнтнай дэпрэсіі і дэпрэсіўнага эпізоду ў рамках БАР ІІ можа істотна адрознівацца, таму правільная дыягностыка мае прынцыповае значэнне.
Калі вы падазраяце ў сябе БАР ІІ, раю звярнуцца да спецыяліста.
Эмацыйныя арэлі і «фазы» могуць быць часткай і іншых расстройстваў - напрыклад, памежнага расстройства асобы, посттраўматычнага стрэсавага расстройства, сіндрому дэфіцыту ўвагі і гіперактыўнасці. Акрамя таго, БАР ІІ даволі часта камарбідны (суіснуе) - з іншымі псіхічнымі расстройствамі.