Ардашынская рэфлексія (частка першая)

Ардашынская рэфлексія (частка першая)

Паўлінка


…Дом там, дзе зімой пахне мандарынамі, а летам — півонямі…


…Адзін мой сябар часта цытаваў песню Акварыума «Калі міне боль». Што сказаць, радкі «Ці будзем мы тымі, хто мы ёсць, калі міне боль» запалі мне ў душу. Я яшчэ думала, маўляў, ці магчыма пасля выпрабаванняў лёсу застацца тым, кім ты быў раней. Ці будзем мы тымі, хто мы ёсць, калі міне боль? Рамонак, сцябло якога бязлітасна разрэзала каса, сказаў, што не…


…Летам 2020 я чытала кнігу «Віно з дзьмухаўцоў» Рэя Брэдберы. Там была цытата «Мы таму і любім змярканне, што яно бывае толькі адзін раз у дзень». І вось я думаю, ці надакучылі мне б півоні, калі б яны квітнелі цэлы год…


…Аднойчы пасля таго, як я цэлы дзень працавала, у дзесяць гадзін вечара выйшла з кубкам кавы на вуліцу. Я адчула водар лета, дзе было змяшана безліч пахаў, але найбольш ярка адчуваліся бэз і півоні. Тут, у вёсцы, машыны праязджаюць гады ў рады, а зараз ноч і здаецца, быццам цішыня заслала ўвесь далягляд… Кава неўзабаве астывае, адчуваю, што пачынаюць прабіраць дрыжыкі, але мне гэта падабаецца. Дзіўныя пачуцці з'яўляюцца: з аднаго боку ты тут, ты свабодны, наперадзе лета, наперадзе жыццё, а з іншага — нейкі боль прабірае, маўляў, мне добра, хораша, але… гэта ж скончыцца хутка. Што далей? Невядомасць. Самотна-трывожлівых думак становіцца ўсё больш, але аптыміст унутры мяне перамагае. Я, з «праветранай» галавой, вяртаюся ў цёплую хату, мыю кубак і сядаю за стол. Каб напісаць, што люблю гэта жыццё.


…Няхай лепш бы камары высасалі не кроў, а боль і нянавісць.


…Я адчуваю ў прамым сэнсе тут зямлю пад нагамі. Час ад часу ўзнікае (магчыма, крыху дзіўнае і вар'яцкае) жаданне проста ўзяць рыдлёўку і капаць. Каб даведацца, што ж там, унутры, які свет хаваецца, а ён, бясспрэчна, ёсць. У дзяцінстве я часта перасаджвала кветкі, асцярожна і рупліва выкапвала карані, прычым мною кіравала ў першую чаргу жаданне «даследаваць» новы кавалак зямлі, а яна ўсюды была рознай: дзесьці больш урадлівай, дзесьці было больш чарвякоў, хоць на рыбалку ідзі, дзесьці — каменьчыкаў, дзесьці проста знойдзеш «скарб» — манеткі, аскепкі, цвікі, паперкі… Археолаг у душы, што сказаць.


…Ляжу на вуліцы пад бэзам, чытаю кнігу Анатоля Бутэвіча, тут раптам падлятае блізка нейкая птушка, чорная і досыць вялікая. Я ад страху ўскрыкваю, птушка таксама палохаецца і адлятае, толькі вось заўважаю: яна нешта пакінула на зямлі. Гэта «нешта» пачынае жжужаць. Прыглядаюся — хрушч. Пакуль маё сэрца вяртаецца ў стан спакою, вочы прабягаюць па радкам, я забываюся паціху на парушальніцу гармоніі і суладдзя чэрвеньскага вечара. Аднак потым нечаканае здарэнне нагадала пра сябе: хрушч, які яшчэ некалькі хвілін таму быў у жахлівай небяспецы, падняўся і паляцеў. Атрымліваецца, сваім здзіўленнем я выратавала яму жыццё?


…Я ўспамінаю, як у дзяцінстве рвала пялёсткі півоняў і сыпала на ложак, што стаяў на вуліцы. Гэта было даволі прыгожа і «эфектна»: у фільмах, рэкламе тады часта паказвалі, як дзяўчына ляжыць у ванне з пялёсткамі ружы, толькі вось такіх кветак у нас не было. А насамрэч ружовыя пялёсткі півоняў для мяне былі нават прыгажэйшымі за чырвоныя пялёсткі руж. Толькі вось азіраюся назад і мне становіцца шкада кветак...


Report Page