Ардашынская рэфлексія (часткі другая і трэцяя)
ПаўлінкаЯмка ад цэглы як разрытая магіла, дзе былі пахаваны чэрвень і ліпень.
Бачыла некалькі разоў у сацсетках: "Вы таксама, калі былі малымі, бралі з сабой спаць адразу ўсе цацкі, каб ніхто не пакрыўдзіўся?". Так, бясспрэчна. Я яшчэ ўспомніла, як у гадоў шэсць угаворвала бацьку, каб не піліў вішню, бо яна ж таксама пакрыўдзіцца. Я плакала, каб яе пакінулі, а бацька казаў, што яна хворая і супакоіў мяне толькі тады, калі паабяцаў пасадзіць на яе месцы чарэшню. Прайшлі гады, але і чарэшня захварэла. Ніводнай ягады з яе я так і не паспрабавала...
Лепш бы людзі, калі разыходзіліся, не гаварылі адзін аднаму непрыемнасцяў і абразаў, а са словамі, як у радках Алеся Камоцкага:
Я стаміўся з табой сябраваць,
Выбачацца, чакаць, дараваць,
Разумець, адкладаць, пераносіць...
Да таго ж пачынаецца восень.
Лепш спакойна знікнуць з жыцця адзін аднаго з простым і спакойным: "Давай разыдземся, бо стаміліся адзін ад аднаго", чым перад гэтым атручваць жыццё здзекамі, пагрозамі і шантажом. Сказаць-та лёгка, а каб навучыцца, патрэбна цэлае жыццё. Ды і не факт, што навучышся...
![](/file/69584236d51cd60bcd23c.jpg)
Пашчасціла — гэта калі падымаеш наліты яблык, дзе твой палец і асу раздзяляў адзін сантыметр...
Зімой мінулае паляць у келіхах шампанскага, летам — закопваюць у зямлю.
Я ўжо каторы раз пераглядаю турэцкі серыял "Каралёк птушка пеўчая". На маю думку, гісторыя асаблівага кахання Фэрыдэ і Кямрана нікога не пакіне абыякавым. Гэта драма кожны раз выклікае ў мяне безліч эмоцый, нібыта гляджу ўпершыню. Чым больш станаўлюся дарослай, тым больш мне падабаецца слухаць маналогі галоўных герояў, ды і ўвогуле я пачала задумвацца над словамі... Некаторыя выразы застануцца ў маёй душы назаўсёды, напрыклад: "Калі ты скажаш "Так", то я перастану пісаць вершы, бо вершы пішуць толькі няшчасныя...". Так глыбінна і так... Паэтычна...
Складана прыязджаць зімой туды, дзе было так добра летам. Міжволі з залежаў памяці прабіваюцца парасткі ўспамінаў, балючых і родных... У адзін момант на цябе навальваюцца шкадаванне праз тое, што не існуе машыны часу, віна праз тое, што не выкарыстаў магчымасці, не выпіў да дна асалоду, якая, магчыма, ужо ніколі і не паўторыцца.
Сонца сядае за гарызонт, адлюстроўваецца на паверхні возера, але ж не пранікае ўглыб... Вось бы таксама навучыцца не ўспрымаць усё блізка да сэрца, каб нейкія словы не дасягалі дна, не закраналі душу, а так і заставаліся на паверхні...
![](/file/e746b01317e529dcf6843.jpg)
Лічыш каханне сваім паветрам, а потым ад яго ж і задыхаешся...
Калі бяру ў рукі кнігу "Сюжэт для вечнасці" Навума Гальпяровіча (а раблю гэта даволі часта), то адразу ўспамінаю адну з імрэз, дзе я пазнаёмілася з яе аўтарам. Яшчэ летам 2021 у мяне з'явілася звычка — вучыць на памяць вершы, якія падабаюцца. Дзякуючы гэтаму цяпер я ведаю каля шасцідзесяці паэтычных твораў. Сярод іх шмат напісаў Навум Гальпяровіч. Яго вершы настолькі трапныя, кранальныя, што і вучыць часам не трэба: яны самі быццам "пераліваюцца" ў душу. Маімі ўлюбёнымі радкамі сталі:
Не выходзь з пакоя, не выходзь,
Бо паветра поўнае табою,
Бо вачыма з сумам і журбою
На мяне глядзіш ты сёння. Хоць
Я ўжо знаю, што апошні раз
Гэты дзень, і вечар, і гардзіны...
Ні з чым не параўнальнае пачуццё ахоплівае, калі ў вёсцы выходзіш ціхім летнім вечарам на вуліцу і чытаеш ўслых вершы. У такія хвіліны час нібы спыняецца і прырода становіцца тваім уважлівым слухачам.
Вершы нараджаюцца тады, калі летняе неба становіцца тваёй коўдрай і самай надзейнай аховай ад сумнага празаічнага жыцця...
![](/file/5e9dbee3985ffe4c03a3b.jpg)
Калі ідзе дождж, я часта гляджу ў акно і ўспамінаю такі выпадак: у аўтобусе побач са мной сядзяць дзве дзяўчынкі гадоў дзевяці. Адна з іх назірае за кроплямі, якія хутка сцякаюць па шыбе і кажа: вось, вось, давай, пераганяй, давай! Праз некалькі хвілін я зразумела, што адбываецца: яна ўявіла "гонкі" машын-кропель. Другая дзяўчынка не раздзяліла такой радасці і сказала мне, што яна нейкая дзіўная... Вар'ятка...
Ноччу паветра вільготнае ад жнівеньскіх слёз.
У апошнія дні жніўня дотык да павуціння адчуваецца нібы ўдар электрычным токам: "Гэй, лета скончваецца! Лаві яго апошнія імгненні!". Складана развітвацца хутчэй не з парой года, а з успамінамі і ўсведамленнем таго, што з некаторымі людзьмі з гэтага лета ты ўжо не ўбачышся ў наступным...
Заўважыла свае нябачныя крылы толькі тады, калі іх падпалілі... Шкада, што яны цяпер апаленыя, але дзякуй, бо я нарэшце іх бачу і ведаю, куды ляцець.
"У канцы лета заўсёды сумна ўспамінаць, як яно пачыналася", — нядаўна прачытала дзесьці гэту цытату. Стала сумна, вельмі сумна...
![](/file/9a279e61bacb8248a8ec4.jpg)