Арцыбіскуп Поцца: "Мы назіраем секулярызацыю веры, літургіі і любові"

Арцыбіскуп Поцца: "Мы назіраем секулярызацыю веры, літургіі і любові"

Te igitur


18 ліпеня ў межах майстэрні Ars Celebrandi адбыўся даклад сакратара папскай камісіі Ecclesia Dei арцыбіскупа Гвіда Поцца на тэму "Старажытная рымская літургія і сучасны крызіс веры".

У сваёй прамове ватыканскі іерарх засяродзіўся на разважанні над трыма рэчамі, якія прывялі да крызісу каталіцкай веры: секулярызацыяй веры, секулярызацыяй літургіі і секулярызацыяй любові.

Першая, па ягоных словах, праяўляецца ў тым, што вера ставіцца на ўзровень суб'ектыўных адчуванняў і траціць аб'ектыўныя арыенціры.

Секулярызацыя літургіі прыводзіць да таго, што сакральнае замяняецца прафанным, на першы план выходзіць сацыяльны аспект літургіі, а таксама адкідаецца першынство Бога на карысць першынства чалавека.

Нарэшце, секулярызацыя любові — гэта страта вертыкальнай любові да Бога і бліжняга і ўзнікненне гарызантальнай любові, якая праяўляецца ў прасоўванні братэрства і актывізме, а не еднасці, якая вынікае з прыняцця Божай ласкі.

Адпаведна, адбыўся зрух і ў разуменні літургіі: калі традыцыйная каталіцкая духоўнасць гуртавалася вакол Эўхарыстыі і адарацыі, то ў 60-я гады ХХ ст. узнік новы погляд, калі святую Імшу пачалі ўспрымаць як справу людской супольнасці. Знікла разуменне таго, што сэнс Імшы заключаецца ў кансэкрацыі і наступнай адарацыі. У новай Імшы Эўхарыстыя — гэта толькі адна з форм прысутнасці Бога нароўні з Яго прысутнасцю ў Божым слове, у супольнасці вернікаў і ў братэрскай любові.

Такі погляд, па словах арцыбіскупа Поцца, выклікаў не сам новы абрад і не новыя літургічныя кнігі, а разуменне і ўспрыманне гэтых кніг.
У правільным кантэксце катэхізацыі і практыкі веры, лічыць арцыбіскуп, яны былі б зразуметы правільна, аднак секулярызацыя прывяла да таго, што на першы план выйшаў акцэнт супольнага пасілку, ды і нават не ў сэнсе sacrum convivium, пра які казаў св. Тамаш Аквінскі.

Адпаведна, па словах дакладчыка, апостальскі ліст Summorum Pontificum адыгрывае вельмі важную ролю ў вяртанні страчанага духу каталіцкай тоеснасці.

Папа Бенедыкт апублікаваў яго не як індульт, не як дазвол для асобных груп вернікаў, а як універсальны закон для ўсяго Касцёла. Прычым, з пункту гледжання практыкі, вельмі важна, што ўсе іншыя пастановы літургічнага права, прынятыя пасля 1962 года, да традыцыйнай формы літургіі не прымяняюцца.

Арцыбіскуп Поцца заўважыў, што абавязкам біскупаў з'яўляецца прадухіленне канфліктных сітуацый у дыяцэзіі. Тут трэба звярнуць увагу не толькі на тое, каб вернікі, прывязаныя да старэйшай формы абраду, не былі маргіналізаваныя, але і каб не ўзнікалі спробы асуджэння Імшала бл. Паўла VI. Крытыка тых шляхоў, якімі была рэалізавана літургічная рэформа, на думку арцыбіскупа, не павінна закранаць самога Імшала. Абедзве формы цэлебрацыі прадстаўляюць адзін і той жа абрад, па-рознаму расстаўляючы тэалагічныя акцэнты.
Але надзвычайная форма рымскага абраду можа выразна падкрэсліць тыя важныя моманты, пра якія сёння часта забываюцца, а менавіта разуменне святой Імшы як ахвяры Хрыста і асаблівую ролю службовага святарства.
Напрыканцы канферэнцыі арцыбіскуп Гвіда Поцца адказаў на пытанні ўдзельнікаў Ars Celebrandi.

У прыватнасці, было зададзена пытанне, ці плануе папская камісія Ecclesia Dei выдаць зборнік сваіх адказаў на пададзеныя dubia (пытанні) у выглядзе асобнай кнігі. Арцыбіскуп лічыць, што гэтага хутчэй за ўсё не здарыцца, бо лісты Ecclesia Dei маюць характар прыватных адказаў на канкрэтныя прыватныя пытанні. Што датычыцца агульнай практыкі, то яна, па словах выступоўцы, у дастатковай ступені рэгулюецца інструкцыяй Universae Ecclesiae.

Таксама многіх удзельнікаў цікавіла, ці будзе дадзены дазвол на цэлебрацыю абрадаў Вялікага тыдня ў той форме, у якой яны існавалі да рэформы 1955 года. Пытанне ўзнікла перадусім у сувязі з тым, што святарскія інстытуты, якія падпарадкоўваюцца Ecclesia Dei, у гэтым годзе атрымалі такі дазвол на тры гады (ad experimentum). Адказваючы на гэтае пытанне, арцыбіскуп Поцца ўдакладніў, што такі ж дазвол атрымалі і іншыя ардынарыі, якія аб ім прасілі, нават калі яны не ўваходзілі ў падпарадкаванне гэтай папскай камісіі. Далейшы лёс гэтага ўвядзення стане вядомы пасля атрымання справаздачы па выніках гэтых трох гадоў. Разам з тым апцыбіскуп падкрэсліў, што цэлебраваць абрады Вялікага тыдня ў такой форме забаронена тым, хто не мае на гэта дазволу.

Таксама ўдзельнікі Ars Celebrandi пацікавіліся, ці плануецца даданне новых святых у календар 1962 года, які выкарыстоўваецца для цэлебрацыі надзвычайнай формы.

Нагадаем, што той каляндар мае абсалютна іншыя прынцыпы арганізацыі цыклу святых, таму яго актуалізацыя з'яўляецца вельмі цяжкой справай, якая можа пагражаць цэласнасці гэтага старажытнага абраду.

Арцыбіскуп паведаміў, што адпаведны дэкрэт рыхтуецца і хутка будзе прадстаўлены Святому Айцу. Гэты дэкрэт прадугледжвае магчымасць святкавання святаў новакананізаваных святых (уключна з тымі, што будуць кананізаваны пазней), а таксама магчымасць выкарыстання па выбары новых прэфацый (стары Імшал, у параўнанні з новым, мае ў разы меншы выбар прэфацый). Ва ўсякім разе, як сцвердзіў арцыбіскуп, мова не ідзе пра актуалізацыю ці перагляд прынцыпаў уладкавання календара, а выкарыстанне новых прэфацый таксама не будзе прымусовым.

Арцыбіскуп Поцца пракаментаваў і цяперашні стан перамоваў з Брацтвам св. Пія Х. Па яго словах, распачаты дыялог дапамог зрабіць клімат больш лагодным: абодва бакі ставяцца адзін да аднаго з большай павагай і надаюць больш увагі таму, што мае сказаць іншы бок. Галоўная праблема ж заключаецца ў падпісанні дактрынальнай дэкларацыі, якая была зацверджана Святым Айцом і прадстаўлена для падпісання Брацтву св. Пія Х. Папская камісія Ecclesia Dei ў дадзены момант чакае адказу.

Што датычыцца Брацтва, то арцыбіскуп Поцца таксама нагадаў, што ў выпадку святароў гэтай супольнасці не ідзе мова пра схізму (па яго словах, казаць пра схізму было б няправільна), аднак сітуацыя застаецца неўрэгуляванай, а святары Брацтва выконваюць святарскае служэнне незаконна. Тое, што Папа Францішак дазволіў гэтым святарам адпускаць грахі ў сакрамэнтальнай споведзі, а таксама ў пэўных абставінах асіставаць пры шлюбах, трэба ўспрымаць не як заахвочванне звяртацца да іх па іншыя сакрамэнты, а як клопат пра дабрабыт душаў.

Нарэшце, арцыбіскуп падрабязна распавёў пра тое, што трэба рабіць, калі ані пробашч, ані біскуп не адказваюць на просьбу вернікаў аб арганізацыі цэлебрацыі Імшы ў надзвычайнай форме.

У такой сітуацыі належыць напісаць ліст у камісію Ecclesia Dei, аднак, каб камісія магла лепш зразумець наяўную сітуацыю, у лісце абавязкова павінны быць пазначаны дзве рэчы.

Па-першае, трэба дадаць подпісы вернікаў, якія просяць аб Імшы, каб камісія магла спраўдзіць наяўнасць стабільнай групы. Подпісы могуць падаваць як члены адной парафіі, так і міжпарафіяльная группа. Аднак гэта не можа быць, напрыклад, міжнародная арганізацыя.

Што датычыцца колькасці подпісаў, то арцыбіскуп адмовіўся называць канкрэтную колькасць, але сцвердзіў, што гэтую лічбу трэба суадносіць з велічынёю парафіі ці населенага пункта. Напрыклад, па яго словах, цяжка было б успрымаць усур'ёз групу з дзясятка чалавек у межах усёй Варшавы.

Другім важным элементам з'яўляецца імя святара, здольнага (idoneus) да цэлебрацыі надзвычайнай формы. Калі прозвішча святара не пададзена, біскуп у перамовах з Ecclesia Dei можа заявіць, што ў дыяцэзіі няма прыдатных святароў, і ў такім выпадку камісія не зможа нічога зрабіць.

Таксама арцыбіскуп нагадаў, што важна захоўваць парадак: найперш атрымаць негатыўны адказ біскупа, а потым пісаць у Ecclesia Dei, далучаючы да ліста гэты адказ.

Фота: Ewa Płonka, Ars Celebrandi.