Анджэй Малешка “Магічнае дрэва. Чырвонае крэсла” (“Янушкевіч”, 2019 г.), 5/5.

Анджэй Малешка “Магічнае дрэва. Чырвонае крэсла” (“Янушкевіч”, 2019 г.), 5/5.

t.me/bellitra

Успомніла бабка, як дзеўкай была, або Наста падсела на дзіцячую літаратуру. Хто ж вінаваты, што апошнім часам мне часцей трапляюцца добрыя кнігі для дзяцей, а не для дарослых. Ці я адчуваю нейкі недахоп тых эмоцый, як у маленстве.

Польскі пісьменнік Анджэй Малешка напісаў цудоўную серыю кніг пра даволі дзіўны прадмет. Мы прывыклі да пэўных рэчаў, якія могуць выконваць жаданні: чарадзейная палачка, лампа з джынам, магічныя жывёлы, залатая рыбка. Тут жа магічным прадметам становіцца звычайная побытавая рэч — чырвонае крэсла. Зробленае яно было з дуба, які паваліла бурай, а дуб той быў Магічным. Вось і атрымаў драўляны выраб асаблівую сілу. Цяпер галоўнае, каб сіла гэтая трапіла ў добрыя рукі. А малыя Кукі, Тося і Філіп дакладна ведаюць, што з гэтым крэслам рабіць. У сітуацыі, калі трэба ратаваць сям'ю.

У гэтай кнізе ёсць усё, што трэба дзецям: самастойнасць і адсутнасць нагляду з боку дарослых, магія, гумар і неверагодныя прыгоды. Мне здаецца, што кніга мае пэўныя магічныя асаблівасці, бо як інакш патлумачыць тое, што яна з такой цікавасцю чытаецца і дзецьмі, і дарослымі. Ну ладна, тлумачыцца гэта вельмі проста — талентам Малешкі-апавядальніка☺️ Здавалася б, каго здзівіш кнігай пра магію пасля цыкла пра Гары Потэра? Але гэты твор такі шчыры і захапляльны, што ў наступны раз сядаючы на чырвонае крэсла я буду асцярожней са сваімі жаданнямі. Выдатнае сямейнае чытво, якое я б раіла дзецям гадоў з 8.

Дарэчы, кніга паўстала з аднайменага серыяла, рэжысёрам і сцэнарыстам якога стаў сам аўтар. Серыял нават атрымаў прэстыжную прэмію Emmy. А пазней серыял ператварылі ў паўнаметражны фільм, на падставе якога і ўзнікла гэтая кніга, аздобленая кадрамі з фільма 

P. S. А самае прыемнае, што гэта толькі першая кніга серыі, значыць нас чакаюць новыя прыгоды дзіўнай сям'і. Буду чакаць беларускі пераклад. Дарэчы, гэтую кнігу пераклала Марына Шода.


Купіць кнігу: https://januskevic.by/catalog/mast_lit/3966/

Report Page