Андрэй Федарэнка «Жэтон на метро» (Мастацкая літаратура, 2020 г.).

Андрэй Федарэнка «Жэтон на метро» (Мастацкая літаратура, 2020 г.).

t.me/bellitra

Андрэя Федарэнку ў беларускай літаратуры заўсёды адзначаюць, як выдатнага стыліста. Гэта адзін з нашых найлепшых сучасных празаікаў, а таксама адзін з маіх любімых беларускіх аўтараў. Гэтым разам ён вырашыў паспрабаваць сябе ў якасці аўтара дэтэктываў, і ў яго гэта бліскуча атрымалася.

Я, і многія прыхільнікі творчасці Андрэя Федарэнкі, ужо даўно чакалі ад любімага аўтара выхаду паўнавартаснага рамана. Бо ў 2018 годзе быў апошні зборнік кароткай прозы, дагэтуль яшчэ некалькі, а хацелася б чаго-небудзь цэльнага, маштабнага. Вось нарэшце ў часопісе «Дзеяслоў» з’явіўся гэты раман, а праз некаторы час выйшаў асобнай кнігай у выдавецтве «Мастацкая літаратура».

На першай жа старонцы аўтар паказвае нам, у рэчышчы якога жанру будуць разварочвацца далейшыя падзеі: «амаль усе крымінальныя гісторыі пачынаюцца з пратакольнай даты».

Галоўным героем пісьменнік зрабіў даволі блізкую сабе паводле роду заняткаў асобу. Віктар Рак хаваецца пад творчым псеўданімам і працуе ў літаратурнай сферы: вядомы ў першую чаргу, як паэт, вершы якога нават у школе праходзяць. А таксама ён працуе ў рэдакцыі. Жыццё гэтага амаль 50-гадовага мужчыны было адносна спакойным і размераным. Творчасць, праца. Нікога з родных у жывых не засталося, сям’і няма. Жыве сабе спакойна на сваім шостым паверсе. Плануе заняцца прозай.

Але ўсё змяняецца ў цёплы ліпеньскі вечар пасля званка стацыянарнага тэлефона. Віктар адзначае, што хатні тэлефон у яго звязаны выключна са стратамі, бо званком на яго паэту паведамлялі пра смерці бацькоў і сваякоў. Але, здавалася б, ужо няма каму роднаму паміраць, і ўсё роўна Віктар нічога добрага ад званка не чакае.

Званок Віктару быў ад Лены Міхайлоўскай, яго захаплення маладосці. 18 гадоў таму ён выступаў як паэт у паліграфічным каледжы, дзе і сустрэў гэтую маладую і сімпатычную студэнтку-завочніцу. Вядома ж, сур’ёзных адносін у іх не было, так, караценькія рамантычныя адносіны. Але пасля іх застаўся цэлы верш «Чаромхавы чад». Лена пачала расказваць Віктару, як склалася яе жыццё: замуж збіраецца, дачка амаль паўналетняя. Вось наконт дачкі яна і тэлефануе, каб пры дапамозе вядомага паэта ўладкаваць яе на журфак.

Вось з гэтага раптоўнага званка і пачынаецца ўся гісторыя, галоўны герой якой, Віктар, будзе даволі ненадзейным апавядальнікам.

У той жа дзень, калі адбыўся гэты званок, у кватэру да Віктара нечакана і без запрашэння завальваецца Стары Анатоль Самусенка, былы выкладчык літаратуры. Прыходзіць не з пустымі рукамі, а з прапановай працы. І гэтая прапанова яшчэ больш раскручвае той механізм, які быў запушчаны званком Міхайлоўскай. Пасля гэтага спакойнае жыццё паэта напаўняецца мноствам нечаканых і дзіўных персанажаў, а сюжэт раскручваецца ўсё больш і больш. 

Гэтая кніга ўпэўніла мяне, што калі пісьменнік таленавіты, то для яго не складзе цяжкасцяў звярнуцца да любога літаратурнага жанру. Аказалася, што Федарэнка яшчэ і майстар саспенсу, які ён нагнятае на працягу ўсёй кнігі.  Уласна дэтэктывам твор становіцца не з самага пачатку, а крыху далей, калі з’яўляецца канкрэтны персанаж-дэтэктыў. Ён вядзе расследаванне і тут усё згодна з канонамі жанру.

А да гэтага моманту Федарэнка не дае чытачам адпачыць і расслабіцца, як гэта звычайна бывае пры чытанні просценькіх дэтэктываў. Федарэнка дынамічнымі падзеямі рамана прымушае нас напружвацца і заставацца ў трывожным чаканні. Гэта сапраўдны трылер, дзе ты не ведаеш, што адбудзецца ў наступную хвіліну.

Яшчэ раз паўтаруся, што гэта вельмі нечаканы твор ад Федарэнкі. Але і тут застаецца вельмі пазнавальным яго фірмовы стыль: Федарэнка верны сабе ў вытанчаных апісаннях прыроды, у вялікай колькасці разваг пра чалавека і пісьменніцтва, пра лёс Беларусі, беларускай мовы і літаратуры. Іх ён укладвае ў вусны розных персанажаў, але мы разумеем, што праз іх гаворыць сам аўтар.

Напрыклад шмат разважае пра беларускую літаратуру стары выкладчык Самусенка, і выказвае адну думку, з якой немагчыма ў наш час не пагадзіцца:

І далей кажа тое ж самае, што я часта чую ад знаёмых, якія чытаюць некаторыя творы сучаснай беларускай літаратуры:

А я яшчэ і дадам, што не толькі для пісьменнікаў, але і пра пісьменнікаў.

З мінусаў кнігі: яна вельмі хутка заканчваецца. Паводле ўсяго майго папярэдняга апісання можа падавацца, што гэта такі аб’ёмненькі раман. Але не, у кнізе ўсяго 175 старонак. І яе можна прачытаць нават залпам.

Яшчэ адзін мінус, на гэты раз сапраўдны мінус, гэта праблемы з карэктурай. Карэктар у прынцыпе не пазначаны, але ёсць некалькі рэдактараў, якія прапусцілі нешта мнагавата даволі прыкрых памылак, як проста памылак друку, так і сур’ёзных арфаграфічных.

Але кнігу гэта ні ў якім выпадку не робіць горш. Таму вельмі яе раю. Даўнім прыхільнікам творчасці гэтага аўтара будзе прыемна паглядзець на яго з нечаканага боку, а тыя, хто з Федарэнкам яшчэ не знаёмы, лёгка могуць пачаць знаёмства менавіта з гэтага твора. Здаецца, «Жэтон на метро» іх не напужае.

Купіць кнігу «Жэтон на метро»: https://akademkniga.by/katalog/hudozhestvennaya-literatura/detektivy-i-priklyucheniya/zheton-na-metro-raman.html


Report Page