"Амаль месяц прайшоў з таго часу, як усе сышлі, і ўжо пара сказаць людзям праўду, што ўсё, падраздзяленне закрыта!" Што сталася з ротай беларусаў, якую арганізаваў Валеры Сахашчык? Расказвае дабраахвотнік з пазыўным Рух. 

"Амаль месяц прайшоў з таго часу, як усе сышлі, і ўжо пара сказаць людзям праўду, што ўсё, падраздзяленне закрыта!" Што сталася з ротай беларусаў, якую арганізаваў Валеры Сахашчык? Расказвае дабраахвотнік з пазыўным Рух. 


Беларускі дабраахвотнік з пазыўным «Рух», які працаваў з FPV-дронамі ў 79-й асобнай дэсантна-штурмавой брыгадзе (79АДШБр), а менавіта ў роце беларусаў(1-й АДШР), створанай пры дапамозе Валерыя Сахашчыка, даў інтэрв'ю "Мая краіна Беларусь".

Беларускі дабраахвотнік з пазыўным «Рух»

Чым ты займаўся ў 79АДШБр?

Спачатку я разам з астатнімі хлопцамі займаўся падрыхтоўкай да задач. Мы навучалі навабранцаў карыстанню FPV-дронамі, шукалі неабходнае абсталяванне для працы, планавалі баявую працу на сектары. За ўвесь час на пазіцыях я правёў каля 30-40 сутак. Мы выязджалі на пазіцыі крыху радзей, чым украінцы, бо не мелі дастаткова рэсурсаў для працы.

Дрон-камікадзэ Руха

У якіх падраздзяленнях ты прымаў удзел і па якой спецыяльнасці?

Акрамя 79АШБ, я быў у Батальёне Каліноўскага, які пазней стаў Палком. Там я працаваў у батальёне Літвін аператарам дронаў.

Якую пасаду ты займаў у 79АДШБр?

Я быў у складзе экіпажа FPV, працаваў як у складзе украінскіх экіпажаў, так і ў складзе асобнага экіпажа выключна з беларусаў. Некалькі тыдняў з-за вялікай цякучкі я займаў пасаду камандзіра разліку FPV.

Колькі беларусаў было ў 79АДШБр?

Гэта закрытая інфармацыя, але магу сказаць, што ня шмат — каля некалькіх дзясяткаў.

Як ты трапіў у падраздзяленне Валерыя Сахашчыка і ці можна яго такім назваць?

Я б не сказаў, што гэта падраздзяленне Сахашчыка. Па сутнасьці гэта была самаарганізацыя беларусаў, а Сахашчык там граў ролю валанцёра. Паклікаў мяне ў гэта падраздзяленне беларускі дабраахвотнік з пазыўным «Аўгуст». У саму 1 АДШР я трапіў у верасні 2023 года, разам з некалькімі былымі пабрацімамі. Калі мы прыйшлі ў 1 АДШР, там амаль нічога не было для стабільнай працы падраздзялення БПЛА, і ўсё стваралася амаль што з нуля. Мы куплялі абсталяванне у тым ліку і за свае грошы, бо спачатку былі вялікія праблемы з фінансаваннем. Валеры Сахашчык хоць і абяцаў добрае фінансаванне, але па факце не было і паловы абяцанага для поўнага забеспячэння падраздзялення. Мы з Аўгустам і іншымі хлопцамі самі шукалі валанцёраў, каб мець магчымасць паўнавартасна працаваць.

Валеры Сахашчык

Якая была роля Валерыя Сахашчыка ў падраздзяленні?

Роля Валерыя Сахашчыка ў падраздзяленні была выключна валанцёрская. Ён не ўдзельнічаў у баявых задачах і планаванні. Па крайняй меры, у той час, калі я прыйшоў у 79АДШБр (верасень 2023 года). Можа да мяне ён там адстрэльваўся з двух рук і збіваў "Іскандэры", але калі я прыйшоў, нічога такога не было. Ён проста забяспечваў нас валанцёрамі, спрабаваў выдзеліць грошы, а таксама спрабаваў сабраць спіс неабходнага.


Аднаго разу адбылася вельмі смешная гісторыя. Мы неяк сабраліся ўсім складам БПЛА і склалі спіс таго, што нам неабходна (у трох пунктах): што трэба проста крытычна, што трэба каб працаваць больш-менш пастаянна, і што трэба для ідэальнай працы. Не буду называць суму, але калі Валерый Сахашчык убачыў кошт для ідэальнай працы на пастаяннай аснове, ён сказаў: «Вы што хлопцы, жартуеце?».

Відаць, Валеры Сахашчык не разумеў, што вайна - гэта вельмі дорага.


Нядаўна ў "Нашай Ніве" выйшла інтэрв'ю з Валерыем Сахашчыкам, дзе ён сказаў, што яго падраздзяленне 15 месяцаў ваявала без ратацыі і што ў іх не было ні адной страты. Гэта праўда?

Мы не былі на нулі 15 месяцаў запар. Ніхто на нулі не сядзеў больш за 4-5 содняў запар. Гэта максімальная колькасць дзён для беларусаў з 79АШБ на нулі. Мы сядзелі на сектары і адпачынкі сапраўды ў нас былі вельмі рэдкімі, але сядзець на сектары — гэта не значыць, што мы сядзім на нулі. Гэта прыфрантавая зона, трэба разумець розніцу. Так, там прылятае. Калі я жыў у Курахава, у маёй здымнай кватэры тры разы вылятала акно. Не скажу, што мы жылі ў павольным рэжыме, але ў цэлым цярпіма. Там жывуць і звычайныя цывільныя людзі і неяк жа выжываюць.

Двухсотых у нас сапраўды не было, тут Сахашчык не падмануў, але былі трохсотыя. Бывалі выпадкі, калі мы сутыкаліся з двухсотымі ўкраінцамі з боку брыгады на тых жа пазіцыях, дзе былі і мы, але канкрэтна сярод беларусаў за той час, што я служыў у 1 АДШР — двухсотых не было.

Як да вас ставіліся цывільныя асобы? Вы ж беларусы ў шэрагах УСУ? Вы з імі размаўлялі, расказвалі адкуль вы?

Не асабліва бяспечна дзяліцца такой інфармацыяй з цывільнымі, але некаторыя ўсё роўна здагадваліся. Напрыклад, гаспадыня адной з кавярняў неяк папрасіла прывезці бел-чырвона-белы сцяг для яе ўстановы, а значыць ставілася пазітыўна. Увогуле з цывільнымі ў нас было мала ўзаемадзеянняў, таму не скажу, што ў іх склалася нейкае ўражанне пра нас. Там хутчэй у цэлым пра УСУ меркаванне ва ўсіх рознае. Было і такое, што нехта ўначы з цывільных на муры напісаў «Бандэры уе…». То-бок яны думалі, што мы бандэраўцы.

Надпіса на муры: «Бандэры уе…».

Можна сказаць, што пра УСУ ў цывільных меркаванне падзялілася. Большасць — гэта патрыёты, але ёсць і «сепары». Яны нават падкладалі цвікі пад колы машыны ўначы. На жаль, гэта праўда, і такія людзі на Данбасе таксама ёсць. Колькі іх, сказаць складана. Бо адкрыта яны гэтага не робяць, разумеючы, да чаго гэта можа прывесці.

Ці можна назваць падраздзяленне, створанае Сахашчыкам, паспяховым і што зараз з ім адбываецца? Ці засталіся там беларусы?

Беларусаў там не засталося, а Сахашчык адстраніўся яшчэ за некалькі месяцаў да таго, як мы ўсе разышліся. Не буду казаць канкрэтна, бо дакладна не ведаю, але як мінімум, ён стаў нам нашмат менш дапамагаць пад канец, а як максімум — увогуле нічым не дапамагаў. Нам казалі, што яшчэ нейкія грошы ён нам спрабаваў выдзяляць, але я гэтыя грошы не бачыў і ніякага забеспячэння і дапамогі ад Сахашчыка пад канец я ўжо не бачыў. Але гэта апошнія некалькі месяцаў да распаду. Што датычыцца паспяховасці, усё можна ўбачыць у нашым тэлеграм-канале, бо ўсю справаздачнасць мы публікавалі там. Натуральна, акрамя тых аперацый, пра якія мы не можна казаць дзеля бяспекі, большасць працы, асабліва ў сферы БПЛА, мы выкладвалі там і вынікі відавочныя. Гэта ўжо людзям судзіць, была наша праца эфектыўнай, ці не.

Дроны-камікадзэ

Мы адбівалі штурмы, падпальвалі варожую тэхніку, знішчалі варожую пяхоту. Гэта і ёсць справаздача па маёй працы. Могу сказаць, што сярод беларускіх падраздзяленняў у сферы FPV мы былі аднымі з самых паспяховых. У некаторы момант, калі мы змаглі пабудаваць супольную працу з ротай ударных дронаў 79 АДШБр, мы мелі вялікае забеспячэнне дронамі. Дзякуючы гэтаму ў нас было значна больш вылетаў, чым у астатніх беларускіх падраздзяленняў. Але зноў жа, я не адсочваў, колькі вылетаў у кожнага беларускага падраздзялення. З таго, што я бачыў, выглядае, што ў нас было больш вылетаў. За кошт таго, што ў нас больш вылетаў, больш і паражэнняў варожых цэляў. Па астатніх падраздзяленнях, дзе працавала пяхота, снайперы і іншыя, нічога сказаць не магу. Мы набылі вопыт, мы зразумелі, як усё працуе, але трэба разумець, што ўсё вельмі хутка змяняецца, і таму гэты вопыт праз некалькі месяцаў ужо будзе нерэлевантным.

Хацелася б сказаць ячшэ нешта важнае?

Хачу падзякаваць усім валанцёрам і беларусам за аказаную нам дапамогу. Не можам выкласці пост у нашым тэлеграм-канале, бо доступы ў кагосьці з каманды Сахашчыка. Я спрабаваў знайсці людзей, у якіх ёсць доступ да канала, каб напісаць пост удзячнасці, але не знайшоў. Мне проста не адказваюць. Спадзяюся, што яны прачнуцца і ўсё ж такі апублікуюць пост. Таксама хачу падзякаваць усім ваярам і людзям, якія мелі дачыненне да баявых задач.

Пра што ты хацеў бы выкласці пост? Што падраздзяленне закрыта? Я правільна разумею?

Так. Бо амаль месяц прайшоў з таго часу, як усе сышлі, і ўжо пара сказаць людзям праўду, што ўсё, падраздзяленне закрыта! Усё маёмасць мы перадалі ў іншыя падраздзяленні, у тым ліку 79-ю, а яшчэ астатнім добраахвотнікам, якія перавяліся з 79-й у іншыя падраздзяленні. Увесь рыштунак будзе і далей выкарыстоўвацца выключна для вайны. Усім дзякуй, хто дапамагаў і данаціў нам. Вашы намаганні былі выкарыстаны не дарма.

Знакаміты шоў-мэн Яўген Кашавы


Аўтар: Сяржук Ральцевіч для Мая краіна Беларусь

Report Page