Алімпійскія гульні і пародыя на хрысціянства

Алімпійскія гульні і пародыя на хрысціянства

Спадчына

З задавальненнем назіраю, як у заходніх правых рэлігійнікаў палае ад таго, што яны пабачылі на Алімпіядзе ў Парыжы быццам бы сатанінска-педафільскую пародыю на Тайную вячэру, дзе замест Бога нашага Ісуса Хрыста і ягоных апосталаў - бодыпазітыўная дзяўчына, драг-квін і баба з барадой.

Кадры з Сены быццам паўтараюць знакаміты твор Леанарда да Вінчы: мноства людзей у розных паставах уздоўж выцягнутага стала, сярод якіх вылучаецца цэнтральная фігура. Але адрозненні таксама ёсць, у першую чаргу гэта не стол, а подыум, людзей нашмат больш за 13, яны не гуртуюцца ў знаёмыя нам групы персанажаў і не пераймаюць жэстаў з карціны. Ну і адрозненні ад гендарна аднастайнага роспісу канца XV стагоддзя тут жаночых персанажаў не менш за мужчынскіх.

Тайная вячэра па Зуме. Твор Леанарда даўно перастаў быць рэлігійным, а стаў важным элементам поп-культуры, мемам.

Насамрэч такая бурлівая рэакцыя на гэты момант звязаная выключна з тым, што Тайная вячэра гэта ўжо даўно не твор рэлігійнага мастацтва, а твор поп-культуры, інтэрнэт-мем, растыражаваны ў мільёнах варыянтаў. Людзі проста счытваюць знаёмы вобраз, як счытваюць знаёмы вобраз чалавечага твара на марсіянскай паверхі - але гэта ўсяго гульні нашага розуму.

Калі б аднаногія чарнаскурыя трансгендары ў паветры дамагаліся да белага мужчыны, то ці счыталі б вы, што гэта адсылка да карціны “Святы Антоній, якога мучаць бесы” Мікеланджэла? А калі б на подыум выйшла барадатая жанчына з белай лілеяй, то счыталі б вы, што гэта пародыя на Дабравешчанне Дзевы Марыі? Не і не, бо гэтыя вобразы, добра вядомыя аматарам мастацтва, абсалютна ні пра што не кажуць і не счытваюцца як нешта знаёмае масамі. Яне не поп-іконы, а Тайная вячэра да Вінчы - так.

Не пазнаяце сюжэт? Можа вы не так добра разбіраецеся ў культуры і сваёй рэлігіі, каб заяўляць пра яе абразу і высмейванне?

Але ж падобна! Так, падобна, і як і ўсе, пабачыўшы гэта, я адразу падумаў “о, адсылка да Тайнай вячэры”. І забыў аж да моманту, калі стужка твітара не ператварылася ў сход Рэспубліканскай партыі ЗША. Але гэтак жа лёгка я магу пабачыць і тое, што ў фільме “Чужы: Запавет” ёсць прамая цытата карціны Арнальд Бёкліна “Востраў мёртвых”, а ў кінастужках пра пошук чалавечнасці ў андроідах, у старым “Бегуне па лязе” і нядаўнім “Свеце Дзікага захаду”, у якасці дэкарацый выкарыстоўваюцца дзве вельмі падобныя вілы Фрэнка Лойда Райта ў неамаянскім стылі. А вы заўважалі?

Чым большы кругагляд маеш, тым больш бачыш, але разам з шырынёй погляду прыходзіць разуменне складанай адрознасці, непадобнасці рэчаў, якія раней маглі падавацца ідэнтычнымі да ступені змяшэння. 

Вось задумайцеся, а як бы вы размясцілі ўсіх персанажаў уздоўж подыума? Да Вінчы ў сваёй карціне не кіраваўся біблейскімі дагматамі і канонамі наконт рассадкі апосталаў у Тайнай вячэры - іх проста не існуе. Леанарда не адзіны, хто маляваў гэты сюжэт, існуюць тысячы і тысячы абразоў на тую ж тэму з абсалютна рознай рассадкай і рознай формай стала - круглай, авальнай, квадратнай, прамавугольнай, П-падобнай і г.д. Да Вінчы, як усе мастакі таго часу, эксперыментаваў з перспектывай, шукаў ідэальную кампазіцыю. 

"Тайная вячэра" Джота дзі Бандонэ. Палова апосталаў сядзіць спінай да гледача, Хрыстос з краю - кампазіцыя яўна няўдалая.

Як рассадзіць за сталом раўназначных людзей, так, каб было бачна кожнага? Ну вядома пасадзіць з дальняга боку, каб яны былі звернуты да гледача. Паколькі персанажаў шмат, то круглы стол для гэтага не вельмі пасуе, а вось выцягнуты - ідэальна. Ці можна сказаць, што любы выцягнуты стол, за якім сядзяць у адзін рад людзі гэта адсылка да Тайнай вячэры? Ну тады стол выкладчыкаў у Вялікай зале Хогвартса і стол на прэс-канферэнцыі БелТА гэта таксама пародыя да рэлігійнага мастацтва. Да Вінчы не прыдумаў тут нічога новага і гэтая ж схема ідэальна падыходзіць да постараў фільмаў і серыялаў, дзе таксама стаіць задача прэзентаваць усіх персанажаў/акцёраў.

"Тайная вячэра" Гірландая

Леанарда пасадзіў Хрыста і апостала ў свае ідэальныя па прапорцыях перспектыўныя сіметрычныя архітэктурныя дэкарацыі. Гэтую ж матэматыку ён прымяніў і да размяшчэння персанажаў. Галоўны персанаж з краю стала разбураў бы сіметрыю кампазіцыі, цалкам лагічна пасадзіць яго ў такой кампазіцыі па восі сіметрыі. 12 апосталаў матэматычна добра дзеляцца на 2, 3 і 4 - і ўсё гэта ёсць у карціне. Для раўнавагі сіметрычнай кампазіцыі з кожнага боку ад Хрыста сядзіць роўна па 6 апосталаў, якія згрупаваныя ў чатыры групы па трое. Такая кампазіцыя надае манументальнасці і агульнай спакойнай ураўнаважанасці, якая перагукваецца з настроем Хрыста ў той час, як апосталы за сталом кіпяць. 

"Тайная вячэра" Леанарда да Вінчы

Але кампазіцыя з цэнтральнай сіметрыяй гэта таксама не нейкая ўнікальная рыса твора Леанарда, бо галоўная асоба па цэнтры гэта цалкам натуральная рэч ва ўсіх сферах нашага жыцця, ад уладальніка залатога медалю на п'едэстале да старшыні суда на пасяджэнні. Адхіленні ад гэтай нормы кажуць, што аўтар хоча паведаміць пра нейкія больш складаныя ўзаемаадносіны паміж персанажамі твора. Менавіта таму іншыя рэнесансныя мастакі часам саджалі Іуду за іншы бок стала, спінай для гледача.

Суд ААН - пародыя на Тайную вячэру?

І вось атрымліваецца, што два галоўныя прыёмы, якія звязваюць цырымонію адкрыцця Летніх Алімпійскіх гульняў і Тайную вячэру, гэта прыёмы інтуітыўнай пабудовы кампазіцыі, якую можна, калі захочаш, адшукаць дзе заўгодна. 

Як я ўжо казаў, Тайная вячэра Леанарда гэта твор поп-культуры, раскручаны візуальны вобраз, які засвойваецца з маленства з рэпрадукцый, прынтоў, кніг і фільмаў пра ўтоеныя загадкі, з, нарэшце, пародый і перайманняў. Не кожнае перайманне высмейвае арыгінал, то бок не кожнае з’яўляецца пародыяй. Нават часам камічны эфект, які ўзнікае пры пазнаванні знаёмага вобраза ў незнаёмай інтэрпрэтацыі, найчасцей не з’яўляецца высмейваннем арыгінала. Наадварот, так могуць высмейвацца персанажы вытворнага твора, маўляў, паглядзіце кім гэтыя людзі ўяўляюць сябе. Адсылкі да значных твораў могуць узнікаць несвядома, бо засвойваецца толькі сам вобраз, шаблон, часта без бэкграўнда і зыходных сэнсаў.

Battlestar Galactica

Тайная вячэра проста лідар у гэтым плане, замест Хрыста і апосталаў можна пабачыць палітыкаў, персанажаў любімых серыялаў і фільмаў, Мікі Мауса і іншых персанажаў Дысней, Сімпсанаў, клана Сапрана, Дарта Сідыуса са штурмавікамі, палкоўніка Сандэрса і іншых маскотаў кампаній і г.д. Сапраўды тысячааблічны твор. І гэтыя адсылкі па іншаму называюцца амажам, што з французскай перакладаецца як даніна павагі, даніна павагі да твораў нашых папярэднікаў, на якіх узрасла наша культура. Культура бясконца перапрацоўвае і паўтарае прыроду і саму сябе, вельмі дзіўна вінаваціць яе ў гэтым. 

Клан Сапрана

Падабенства 5-секунд з некалькіх гадзін трансляцыі цырымоніі адкрыцця Летніх Алімпійскіх гульняў у Парыжы з рэлігійным творам я лічу ўяўным, хто хоча абразіцца - той знойдзе сам да чаго прычапіцца. Людзі здольныя ўбачыць у гульні святла і ценю святы лік на зямлі і абражацца тым, што яго топчуць ногі іншых людзей, якія не бачаць таго ж, што бачаць яны. Менавіта таму не мусіць існаваць ніякага паняцця пра “абразу пачуццяў вернікаў”. 

Дарт Сідыус і імперскія штурмавікі

Нават калі ў Парыжы і мелася нейкая на ўвазе нейкая адсылка, то не да біблейскага сюжэта, а да твора поп-культуры, пазбаўленага першапачатковага рэлігійнага сэнсу. Задумайцеся як небудзь пра тое, што ў нашым хрысціянскім свеце неверагодная колькасць выяў антычных бостваў, аднак, яны таксама пазбаўленыя свайго першапачатковага рэлігійнага сэнсу, але набылі іншыя сэнсы - гістарычны, культурны, метафарычны, эстэтычны.

Ды божа, антычныя Алімпійскія гульні самі па сабе глыбока рэлігійная язычніцкая традыцыя — і што ад таго першапачатковага сэнсу засталося?



Report Page