Аляксей Алексін

Аляксей Алексін

@hatbatsevich

Алексіна можна назваць самым уплывовым бізнэсменам краіны з інтарэсамі ў многіх сферах. Большасць іх агульнавядомая — фінансы (МТБанк і Ідэябанк), тытунь (Энэрга-Ойл), нафта (Белнафтагаз), лагістыка (Брэміно), піва, праекты ў Латвіі. 

Аляксей Алексін, фота TUT.by

ЁН пачынаў кар’еру менеджарам у імперыі Юрыя Чыжа — кіраваў аддзелам, адказным за ўсё, што звязана з нафтай. Чыжа ў «Трайпле» многія лічылі вясельным генералам, а асноўную мазгавую дзейнасць прыпісвалі Алексіну.

Дзеячы ранейшых часоў кажуць, што самае цяжкае для прыватніка ў адносінах з наваполацкім нафтазаводам было не завесці туды нафту — гэта тавар біржавы, таму ўсё проста — а атрымаць назад бензін, умоўна, не 76-ы, а 95-ы. 

Прыходзілася дамаўляцца, заводзіць кантакты, нараджаць ідэі. 

Менавіта Алексіна называюць адным з аўтараў схемы экспарту «растваральнікаў» і аванцюры з “прысадкамі”. Усё гэта скончылася ўвагай КДБ і затрыманнем Алексіна на пару з Чыжом.

І хаця яны там нагаварылі, неўзабаве іх адпусцілі: Алексіна праз тры дні, Чыжа менш чым праз суткі.

У наступным Алексін аказаўся спрытнейшым за свайго боса і завалодаў многімі актывамі «Трайпла» пасля таго, як Чыж трапіў пад санкцыі.

Гісторыя разыходжання была не вельмі прыгожай, і сам Чыж калі і не лічыў непасрэдна Алексіна вінаватым у сваім падзенні, то прынамсі думаў, што той не стаў замінаць яго апанентам (таксама з гучнымі прозвішчамі).

Пасля аслаблення Чыжа Алексін кааперуецца з Мікалаем Вараб’ём. 

Таксама ў Чыжа быў выкуплены «Велес-Міт», былы «Трайпл-Велес», а да таго — маладзечанскі мясакамбінат. Туды Алексіным былі ўкладзеныя вялізныя грошы, але пасля санкцый пытанне далейшай мадэрнізацыі, відаць, робіцца праблемным. 

Алексіна лічаць адказным за «табакеркізацыю» Беларусі, у яго шмат эксклюзіўных правоў, звязаных з рэалізацыяй і пастаўкамі тытуню. Менавіта з прыходам Алексіна на гродзенскую тытунёвую фабрыку пачалося масавае выяўленне кантрабандных беларускіх цыгарэт у Еўропе. Палякі і літоўцы пачалі лавіць не толькі «вярблюдаў» (абвязаных пачкамі кантрабандыстаў-прыватнікаў), але і цэлыя фуры і вагоны. Вагоны, напрыклад, з дошкамі, дзе ўсярэдзіне дошак — каробкі, каробкі, каробкі.

Першымі пра гэта забілі трывогу краіны-суседкі, не Беларусь. З гледзічша дзяржавы тут усё нармальна: працоўныя месцы ствараюцца, падаткі плоцяцца. Што недзе там усплывае кантрабанда — то чые гэта праблемы? Правільна, не нашы.

На тытуні пацярпела не адна галава. Нават памочнік Лукашэнкі па Гродзенскай вобласці Сяргей Раўнейка адправіўся ў турму на 12 год пасля вячэры з Алексіным. Каб пікантныя дэталі гэтай гісторыі не выплылі на публіку, суд быў закрытым. 

Можна чакаць, што тытунёвая фабрыка Паўла Тапузідзіса «Тытунь-Інвест» таксама ў хуткім часе стане прадметам гандлю. Прынамсі, абараніць свае пазіцыі не вельмі актыўнаму Тапузідзісу, якому не прыслалі запрашэння на Усебеларускі народны сход, становіцца ўсё цяжэй. 

Таксама Алексін цікавіўся ІТ, спрабаваў супрацоўнічаць з «Сінэзісам» і ўкладваўся ў іх інвестыцыямі, але ў пачатку 2021-га выйшаў з кампаніі.

Бадай што самы яго амбітны ІТ-праект меў быць звязаным з Кітаем. У чым яго сэнс? Кітайцы, будуючы свой «адзін пояс — адзін шлях», разважаюць, што ім нявыгадна, каб вагоны з Кітая спыняліся на кожнай мытні па дарозе ў Еўропу. Дзялкі ў краінах СНД палічылі, што можна зарабіць, калі прапанаваць кітайцам рашэнне ў выглядзе нейкіх электронных пломб, якія б ляпіліся на вагон у Кітаі і былі сведчаннем таго, што вагон сапраўды ехаў па дэклараваным маршруце, што пломба не ўскрывалася, што ўсё было цэлае.

Датчыкі GPS дазволілі б лепш каардынавацца і скараціць чаканне на перагонах. Лёс гэтага праекта нам невядомы, па чутках, кітайцы сказалі, што гатовыя плаціць за такое рашэнне, але не гатовы плаціць усім аператарам у СНД, таму, маўляў, «дамоўцеся між сабой» — дамаўляюцца. 

Рэзюмуючы, Алексін за апошнія годы стаў адным з самым вялікіх інвестараў у Беларусі. Чаму? Бо іншыя не ідуць, а ў яго ёсць сувязі.

Замежныя інвестары асцерагаюцца Беларусі, бо пытанне інвестыцый нават у 10 мільёнаў долараў — гэта пытанне гарантый і даверу.

Недзе за мяжой такім людзям налівае чай губернатар і пераконвае, чаму бізнэс трэба размяшчаць менавіта на яго тэрыторыі.

А ў Беларусі ні «мэр», ні «губернатар» ніякій гарантый даць не могуць, яе можа даць толькі адзін чалавек, а структуры з трох літар толькі і чакаюць, пакуль інвестар зойдзе ў кабінет старшыні райвыканкама, а той яму нешта паабяцае.


Report Page