Аляксандр Апейкін: «Мы часта рабілі нават больш, чым у нас было магчымасцяў»

Аляксандр Апейкін: «Мы часта рабілі нават больш, чым у нас было магчымасцяў»

Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці


Перыядычна ў СМІ з’яўляюцца інтэрв’ю трохразовай прызёркі Алімпіядаў Аляксандры Герасімені, у якіх яна нястомна шукае «праўды» у былых стасунках з Беларускім фондам спартыўнай салідарнасці, які некаторы час узначальвала. Асабіста – з першым і цяперашнім кіраўніком гэтай некамерцыйнай грамадскай арганізацыі Аляксандрам Апейкіным. А цяпер яшчэ ўзнік і «вотум недаверу», які падпісалі 42 чалавекі. Аляксандр Апейкін патлумачыў у размове з Аляксандрам Пуцілай сваё бачанне таго хейту, які не спыняецца:


А.А. 🗣: Канечне, апраўдвацца ў нечым, прыводзіць свае довады – заўсёды клопатная справа. Але для непрысвечаных мусім тлумачыць, здаецца, цалкам зразумелыя рэчы, каб падобнага ў жыцці беларускай эміграцыі сустракалася як мага меней.


А.А. 🗣: Тут, мне здаецца, нейкая асабістая крыўда, калі чалавек не дае рады са сваймі эмоцыямі, не можа аддзяліць свае асабістыя праблемы ад аб’ектыўнай рэальнасці. Гэта не толькі Герасімені датычыцца, а хутчэй усяго палітычнага поля беларускага, якое на дыстанцыі ў чатыры гады праявіла сябе як крайне няспелае. Мы ўбачылі, што найбольш адэкватных людзей, якія могуць са здаровым сэнсам ацэньваць рэальнасць, не фантазіраваць, не ўводзіць у зман іншых – адзінкі, працаздольных адзінкі, сістэмных, якія хочуць вучыцца і штодня працаваць аказаліся таксама адзінкі. Фонд спартовай салідарнасці – гэта акурат пра працэсы, пра прафесійную каманду. Гэта не пра яскравыя акцыі, якія былі на хвалі пад’ёму. Калі ўсё супакойваецца, арганізацыі пачынаюць працаваць як звычайныя адміністратыўныя ўстановы. І чаканні, што Фонд будзе і надалей бесперапынна выдаваць нейкі ранейшы вялізны каэфіцыент карыснага дзеяння, пры гэтым не маючы рэсурснай базы – зусім недальнабачныя. Каб такія рэчы рабіць, якія мы рабілі ў 2020-2021 годзе, гэта трэба шалёная энергія, рэсурс, як фізічны, гэтак і матэрыяльны. А стабільнага і магутнага фінансавання ў дэмакратычным асяроддзі зараз проста няма. Яно з’яўляецца перыядычна, але роўна на такім узроўні, які дазваляе проста працаваць.


А.П. 💬: Аказалася, што цэлых чатыры дзясяткі беларусаў, што падпісаліся па недаверам Вам, гэтага не разумеюць.


А.А. 🗣: Мне цяжка сказаць дзе, як і пад якія ўмовы падбіраліся падпісанты. Дастаткова зазначыць, што пра некаторых я чую абсалютна ўпершыню. Як яны могуць візіраваць нейкі ліст, у якім прапісана, што перад імі не выкананыя нейкія абавязкі?


А.П. 💬: Але ж у гэтым букеце самых розных абвінавачванняў акрамя фінансавых Вам выстаўляюць (Далідовіч, Сафронава, тая ж Герасіменя) і тое, што такім Фондам мусяць кіраваць менавіта спартоўцы.


А.А. 🗣: Так, напэўна. Мусяць. Але часцей не могуць. Гэта ж не проста нейкі бюджэтны дзіцяча-юнацкі спартовы клуб. Фонд – гэта процьма розных і пастаянна дзейсных працэсаў. Але, калі Вы звярнулі ўвагу, за амаль чатыры гады ў нас не было ніводнай неапраўданай інфармацыі, якая падстаўляла людзей. У тым ліку, і ў Беларусі. Праз нас ніхто ў турму не заехаў. Пра што гэта кажа? Пра тое, што некаторыя працэсы на паверхні проста не ляжаць. Ідзе праца ў патрэбным кірунку. Яна не для піяру. Я ў спорце 14 гадоў. І далей буду працаваць менеджарам. Добры я ці дрэнны. Для мяне галоўнае, што я эфектыўны. І ведаю, якія працэсы я ўмею весці, а што не ўмею рабіць. Я сабе прымяненне знайду на любым рынку абсалютна. Не трэба мяне любіць-не любіць. Проста, акрамя каментароў у інтэрнэце, сачыце за праектамі, у якіх я ўдзельнічаю і якія рэалізую. Каб кіраваць спартовай арганізацыяй – не дастаткова быць чэмпіёнам свету ці алімпійскім прызёрам, трэба вучыцца. Мець адпаведную адукацыю, рэальны практычны досвед. Бо ў рэальным свеце федэрацыі мусяць зарабляць, прыцягваць грошы, каб развіваць свой від спорту. Адпаведна, усё мусіць ісці па бізнэс-мадэлі. Каб від спорту не толькі развіваўся, але і акумуляваў сродкі. Маркетынг мусіць быць пастаўлены, камерцыйны напрамак, спонсарскі.


А.А. 🗣: Мы шмат каму дапамагалі напачатку, зборы аплочвалі для дзейсных спартоўцаў, і ў людзей было чаканне, што так будзе на стала. Пры тым, што мы часта рабілі нават больш, чым у нас было магчымасцяў. Але, падкрэслю, ні з кім асабіста аніякія абавязальніцтвы не прагаворваліся. Тым больш няма на гэта аніякіх дакументаў.


А.П. 💬: То бок, Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці разумеюць не як некамерцыйную грамадскую арганізацыю, а акцыянернае таварыства. Маўляў, мы ўклалі свае акцыі і мусім разлічваць на адсоткі.


А.А. 🗣: Тое, што мы напачатку абяцалі абсалютнай большасці спартоўцаў – мы выканалі. Але калі была магчымасць для гэтага – усё было выдатна. Як толькі яна згубілася – адразу ўзніклі нейкія пытанні. Тое ж самае і з Аленай Леўчанка. І з усімі іншымі. Гэта непрыемна, што нівелюецца ўсе нашыя высілкі. Таму што калегі рабілі вялізную працу, каб дапамагаць людзям. І мы гэта рабілі даволі працяглы перыяд. Каб было лягчэй адаптавацца пасля пераезду. Калі трэба было тэрмінова аплаціць нейкі збор. Я ўжо не бяру звычайную чалавечую дапамогу, якую я асабіста аказваў многім спартоўцам. Мне гэта ўвогуле і незразумела, і непрыемна, што такое стаўленне зараз.


А.П. 💬: Значыць, яны лічаць, што дастаткова заслужаныя людзі, каб дыктаваць свае ўмовы.


А.А. 🗣: На жаль, нашыя беларусы лёгка вядуцца на такі пыл у вочы: бездакорная Аляксандра Генрасіменя, бездакорная Алена Леўчанка. Настваралі сабе «светлыя вобразы» і жывуць на гэтым. А людзей жа трэба ацэньваць па ўчынках, а не па імёнах. Нейкія дэталі заўважаць. Алена, дарэчы, забылася, што ў дзень ейнага затрымання гандбольны клуб «Віцязь», увесь калектыў, выказаў пратэст гэтаму, пакінуўшы пляцоўку падчас матча чэмпіянату Беларусі супраць каманды «Машэка» (Магілёў), цудоўна аддаючы сабе справаздачу аб наступствах. Пайшоў – і больш не вярнуўся. І за ўсе гэтыя чатыры гады спадарыня Леўчанка ні разу не пацікавілася лёсам хоць аднаго чалавека, які, рызыкуючы кар’ераю, а то і воляю, пайшоў на гэты крок.


А.П. 💬: Што такое «невыкананне пазыкавых абавязальніцтваў»?


А.А. 🗣: Гэта ўвогуле юрыдычны тэрмін, што датычыць дэбітарскіх, крэдытарскіх справаў. Гэта настолькі трэба быць юрыдычна непісьменным, каб пісаць гэты тэкст. Нашыя штогадовыя справаздачнасці – у адкрытым доступе. І хто жадае і раўзумее ў гэтым, можа заўсёды азнаёміцца. Наш Фонд, як юрыдычная асоба, зарэгістраваны ў рэестры Эстоніі. І знайсці гэта абсалютна не складана. Агульныя справаздачы ў рамках еўрапейскага заканадаўства ёсць. Што яшчэ тлумачыць? Чаму мы зарэгістраваныя ў Эстоніі? Ці колькі яшчэ можа быць дробных, неабгрунтаваных, спарадычных пытанняў, вымушаныя адказы на якія толькі замінаюць працы. Я проста не разумею, што маецца на ўвазе пад «непразрыстасцю». Прыйдзіце, запытайце ў «Белсата» пра празрыстасць, у «Радыё Свабода» празрыстасць папрасіце. А чаму «Нашу Ніву» не дакучаюць «празрыстасцю»? Гэта што, я ўсю сваю бухгалтэрыю мушу дастаць і любому паказваць на ягоны запыт? Так не робіць ніхто. Я ўжо не кажу пра арганізацыю, якая працуе ў беларускім палітычным полі з усімі выніковымі рызыкамі. Гэта поўнае неразуменне, як фінансуюцца грамадскія інстытуты. А фінансуюцца яны ў 90 адсотках праз грантавыя праграмы. І такія праграмы, асабліва калі яны Еўразвязаўскія, строга справаздачныя. Усё да цэнта. Аўдытары спраўджваюць высокакваліфікаваныя. Няўжо вы думаеце, што я проста так хачу нахімічыць і мне за гэта нічога не будзе? Парушэнняў з боку фінманіторынгу не выяўлена. У супрацьлеглым выпадку, рахункі былі б ужо заблакаваныя. Я б меў крымінальную справу. Ды я пазбаўлюся ўсяго ў адно імгненне. А галоўнае – рэпутацыі. Мне – важная мая рэпутацыя. Дарэчы, мы толькі што завершылі фінансавы аудыт са станоўчым заключэннем.


А.П. 💬: І ўсёт-кі, на Вашую думку, чаму гэтая сітуацыя ўзнікла і перыядычна вяртаецца?


А.А. 🗣: Ну гэтая такая непераадольная для некаторых агульная фрустрацыя, якая выліваецца не толькі на мяне, але і на іншых кіраўнікоў дэмакратычных арганізацый. Таму што былі чаканні, што ўсё хутка скончыцца, многія ж не былі арыентаваны на доўгатэрміновую барацьбу. Спадзяваліся, што на працягу году яны вернуцца дадому, прыгожа, на белым кані, а ў выніку ўсё надта зацягнулася. І людзі страцілі дамы, грошы, статус, што для многіх было вельмі адчувальна. Таму што ў Беларусі ты быў кімсьці, а за мяжою ты роўны з усімі. Трэба распачынаць з нуля. І вось такі комплекс расчараванняў павінен кудысьці вылівацца. Не ўсе даюць рады з вымушанай эміграцыяй і ўменнем з карысцю для сябе гэта перачакаць. А гэта перанеслася на самой справе з сістэмы беларускага спорту, калі Міністэрства, НАК, федэрацыі  добраму спартоўцу заўсёды чагосьці вінныя: нейкія ўмовы, грошы, стыпендыі. Гэта распесціла вельмі. І пазней людзі такое ўспрыманне перанеслі на Еўрапейскае поле. Забыўшыся, што тут абсалютна іншыя ўмовы. Што ліміт нейкі ёсць, што рэсурс абмежаваны, што ніхто не бярэ на сябе аніякіх абавязальніцтваў, як гэта робяць нацыянальныя спартовыя структуры. Урэшце рэшт Вашая асобная грамадзянская пазіцыя – гэта вашая пазіцыя і мы не мусім за яе плаціць.


Report Page