Альгерд Бахарэвіч “Апошняя кніга пана А.” (Янушкевіч, 2020 г.)

Альгерд Бахарэвіч “Апошняя кніга пана А.” (Янушкевіч, 2020 г.)

t.me/bellitra
“Ведаеце, чаму сёньня так шмат нават таленавітых аўтараў стараюцца пісаць кароткія і зразумелыя кнігі, простай мовай, даходлівыя і забаўныя? Таму што гэтыя кнігі прасьцей перакласьці на іншыя мовы, гэта раз. Таму што іх прасьцей прадаць. Гэта два. І таму што аўтары і выдаўцы думаюць выключна пра продажы і папулярнасць, а не пра боль, страх і свабоду. Творчасьць нікога ўжо не цікавіць”.

Як мы бачым, Альгерд Бахарэвіч думае пра боль, страх і свабоду. Прычым думае пра гэта даволі шмат, судзячы па аб’ёме ягонай кнігі. Ды й паводле зместу гэта заўважна.

Пісьменнік, якога ў сучаснай беларускай літаратуры я магу назваць галоўным. Не паводле чэргаў па аўтограф і фотачак з ягонымі кнігамі ў інстаграме. А паводле якасці прозы і маштабу таленту. У кожнай новай кнізе ён знаходзіць, чым здзівіць. І мне прыемна параўноўваць яго першыя кнігі з апошнімі і разумець, колькі тысяч крокаў наперад ён зрабіў.

У новай кнізе Альгерд упэўнена даводзіць, што ён яшчэ той казачнік. Умее трымаць увагу чытача не горш за Шахразаду, якая расказвала мужу казкі. Няхай вас не пужае назва кнігі — з літаратурай Альгерд ні ў якім выпадку не завязвае. Пад літарай А. хаваецца пан Аўтар, галоўны герой кнігі, які апынаецца ў прымусовай самаізаляцыі ў доме Купца-кнігавыдаўца. 

Добра зарабляць літаратурнай дзейнасцю ў нашых краях даволі няпроста (аптымістычна не буду пісаць “немагчыма”), і Аўтар аказваецца вінны Купцу $10 000. Пазычыў, каб дамок купіць, а аддаць не здолеў. Вось і вымушаны быць у Купца ў своеасаблівым літаратурным рабстве. Аўтар пераязджае да Купца і штовечар мусіць расказваць яму і ягонай сям’і адну казку. Піша яе ўдзень, а ўвечары ладзіць сумесныя чытанні з наступным абмеркаваннем. Ці здолее пан А. вытрымаць такі шалёны тэмп і штодзённа выдаваць па адной якаснай гісторыі?

Не ведаю, як там пан А., але пан Альгерд Бахарэвіч справіўся на выдатна, здолеўшы прыдумаць не толькі трыццаць захапляльных казак, але і злучыць іх агульным сюжэтам, абцягнуць шкілет скурай, мясам і мышцамі.

Кампазіцыя твора рамачная, складаецца з прадмовы, у якой нас уводзяць у гісторыю Аўтара, і трыццаці глаў. Кожная глава пачынаецца ўласна казкай, прыдуманай панам А., а заканчваецца абмеркаваннем і пэўнымі здарэннямі, што адбываюцца ў доме купца. У асноўным казкі не звязаныя паміж сабой, нават напісаныя ў розных стылях і жанрах, але пад канец кнігі яны ўсё глыбей пранікаюць у жыццё Купца і яго сям’і, таму ўсё цяжэй адрозніць казку ад рэальнасці.

Абмеркаванні пасля казак — таксама асобныя творы, вартыя ўвагі. Яны поўныя цікавых разваг пра жыццё і, безумоўна, літаратуру. Трапная заўвага, што часам чытачам лепш не ведаць, які іх любімы аўтар у жыцці, няхай ён застаецца ў кнізе. Або думкі пра сутнасць пісьменніцкага майстэрства, яго асаблівасці. Увесь твор можна бясконца разбіраць на цытаты і вывучаць іх.

Не менш цікавыя падзеі ў гэты час адбываюцца па-за домам выдаўца. У інтэрв’ю Радыё Свабода Альгерд сказаў, што кнігу пачаў пісаць яшчэ восенню 2018 года, калі мы нават не ўяўлялі, якія сюрпрызы прынясе 2020 год. Тады ў Альгерда і ўзнікла задума напісаць твор пра пэўную колькасць людзей у замкнёнай прасторы, калі свет вакол гіне, ледзь не канец свету, але гэтым людзям пляваць, яны чытаюць казкі і не звяртаюць увагі на вонкавы свет. Але нармальна ўзяўся за працу ён толькі праз год, калі ўжо само жыццё падкінула сюжэты. Таму героі гэтай кнігі знаходзяцца ў доме, а па-за яго сценамі эпідэмія невядомай хваробы. Дарэчы, здаецца, у гэтай кнізе ўпершыню ў беларускай літаратуры было ўжытае слова “каранавірус”. Да таго ж усё больш надыходзіць вада, пазбаўляючы людзей сушы, і пакідае ім толькі адну Выспу. У нас цяпер самы час, каб ствараць постапакаліптычную літаратуру, само жыццё падказвае гісторыі :)

Можна назваць пісьменніка прарокам, які прадбачыў, у якой сітуацыі будзе ўвесь свет. Але я сапраўды бачу ў гэтым пісьменніцкую місію — быць трошкі прарокам, бачыць і адчуваць больш, чым іншыя, прадказваць будучыню паводле самых мінімальных зрухаў, якія адбываюцца ў цяперашнім часе. Памятаць вопыт папярэдніх пакаленняў.

“Я нікуды не паеду, — кажа Аўтар. — І мой сурок са мной. Я вырашыў гэта раз і назаўжды. Канец сьвету, кажаце? Ведаеце, панове, я пісьменьнік. У тым, што адбываецца, для мяне няма нічога новага. Усё гэта ўжо было, было… Чума. Халера. Гішпанка. СНІД. Каранавірус. Пра іх навалы напісана ў старых кнігах. Хоць мне ўсяго сорак пяць, усё гэта я ўжо перажываў разам з чалавецтвам, дзякуючы напісанаму старымі майстрамі. Нічога новага пад нашаю поўняй, панове”.

Альгерд Бахарэвіч зноў парадаваў нас моцным творам, да таго ж неверагодна актуальным і сугучным з часам. І самае прыемнае, што неспрыяльныя часы пройдуць, а кніга застанецца. Каб далучыцца да кніг таго сонму “старых майстроў”, летапісцаў сваёй эпохі. Каб ёй, магчыма, натхняліся творцы будучыні і вывучалі з яе дапамогай гісторыю.


Купіць кнігу: https://januskevic.by/catalog/proza/4181/

Report Page