Ён заўсёды на крок наперадзе

Ён заўсёды на крок наперадзе

Алесь Гарбулькаўскі

Бадай, пачну свой аповед з падзеяў, што адбыліся крыху раней, чым сама гісторыя.


Калі гэтае ўсё зьдзейсьнілася дакладна, на жаль, ужо й ня памятаю: ці тое ў чацьвер, ці тое ў сераду... Але ў тый даволі сонечны дзянёк я прыехаў зь Менску, дзе працаваў, у роднае Берасьце.


І вось я стаю на вакзале, цёплы летні ветрык агортвае мой твар. На мяне нарынула настальгія...

«Як даўно я тут ня быў!.. У сваім, родным месьце... Увогуле, як даўно не бываў на Палесьсі... Гэтыя бясконцыя зялёныя лясы і залатыя палі...» – падумаў я.

Ледзь не заплакаў...


Празь некаторы час супакоіўся, засталося толькі цёплае пачуцьцё радасьці, бо нарэсьце наведаў родны горад.

Падыйшоў да прыпынку. Сеў на аўтобус №38 і паехаў у бок свайго мікрараёну з назвай "Дуброўка". Ехаў адносна нядоўга, хвілінаў 17. Выйшаў на патрэбным мне прыпынку і рушыў у бок двароў. Я нарэсьце дасягнуў свайго дому, зайшоў у пад'езд, падняўся на патрэбны паверх. Адчыніў дзьверы ў сваю старую кватэру амаль без рамонту. На мяне ізноў накінуліся ўспаміны...

Я не пасьпеў агледзець усё вакол, як адразу ж паваліўся на ложак і моцна заснуў...


Прачнуўся... На гадзіньніку было каля 22:00. Я дастаў рэчы з валізкі й крыху расклаў іх па шафе. Пасьля ўзяў ґрошы, каля 150 талераў, і сабраўся пайсьці ў начны клюб "Palazzo".


З гэтага ўсё й пачалося...


Я выйшаў на лесьвічную пляцоўку і ўбачыў ліфт... Такі прыгожы... Дзьверы і сьцены ў ім былі шкляныя, а кнопкі паверхаў падсьвечваліся сьвятлом халодных колераў.

«Нішто сабе! "Магілёўліфтмаш" навучыўся ліфты прыгожыя рабіць! Гэта ж колькі я спаў, што пасьпелі ліфт замяніць!..» – менавіта такія думкі нарынулі мне ў галаву.


Зайшоў у яго і націснуў на кнопку зь лічбай 1. Ліфт паехаў хутка і, здавалася б, за кароткі ўрэзак часу, дасягнуў бы першага паверху.

Але ж не... Ліфт усё ехаў і ехаў, спускаўся ўсё ніжэй і ніжэй. Я зусім не сачыў за лічыльнікам, які паказвае, на якім паверсе знаходзіцца ліфт.

Празь некаторы час за шклянымі дзьвярыма за сэкунду праімчаўся падземны цягнік.

Я ачмурэў!.. Чамусьці не падумаў пра тое, што там можа рабіць цягнік, але маю галаву напоўнілі іншыя думкі:

«Нішто сабе! У Берасьці ўжо й мэтро пабудавалі!»


Пасьля паглядзеў на лічыльнік, ён пачаў паказваць адмоўныя лічбы... На таблё была лічба "-22", яна азначала, што я на -22 паверсе. А яшчэ гэты лік усё памяншаўся і памяншаўся...

У ліфце была лаўка, я сеў на яе.


Адчуў прысутнасьць кагосьці. Я павольна павярнуў галаву направа, убачыў дзеда...

«Напэўна, ён зь цягніка сышоў», – падумалася мне спачатку.

А праз сэкунды дзьве...

«Так, стоп... Чаго?.. Дзед?!» – сказаў я даволі гучным шэптам.


– Вечар добры, – пачаў ён размову.

– Добры... – адказаў я.

Пасьля мы маўчалі.


Празь пяць хвілінаў цішыню парушыла нечаканае гучнае пытаньне дзеда:

– Ці не даводзілася вам сядзець у баўгарскіх турмах?


Мяне нібыта наскрозь працяў флэшбэк... Мне рэчаісна гадоў пяць таму давялося адбыць у сафійскай турме за начныя гонкі па вуліцах баўгарскае сталіцы.

Перадгісторыя ўсёй гэтай справы вельмі-вельмі доўгая, дый вы мне, паважаныя чытачы, напэўна, не паверыце.

Але вось вынік...

Сяджу ў машыне, у якой разьбітая ўся пярэдняя частка...

Да мяне падыходзіць дарожны паліцыянт і грукае мне ў вакно...

На ягонай камізэльцы катафотавага колеру надпіс "СДВР ПЪТНА ПОЛИЦИЯ", я яго дасюль памятаю, на нашую мову ён перакладаецца неяк накшталт "ДАІ". Ну, наогул, дарожная паліцыя.

Спачатку выклікалі хуткую, аказалі мэдычную дапамогу.

А потым асудзілі... На тры гады... З далейшай дэпартацыяй і забаронай на ўезд у Баўгарыю на 10 гадоў...


Я вярнуўся з думак у рэчаіснасьць і адказаў дзеду:

– Што.., прабачце?.. Сядзець?! Не, не даводзілася...

– Гм, ладна... – адказаў дзед.


Я павярнуў галаву налева. Там сядзеў чалавек прыкладна майго ўзросту.

– А "ґенэрал" з выбухным "ґ" пішацца, ці з фрыкатыўным? – спытаў ён.

Я вельмі любіў этымалёгію, таму зь лёгкасьцю адказаў на гэтае пытаньне

– Першы варыянт, бо яно зь нямецкае мовы пазычана, а там "General". А чаму, увогуле, вы пытаеце?..

Пасьля таго, як прамовіў адказ, хутка павярнуў галаву ў бок чалавека, які задаў тое самае пытаньне.. Яго не было... Зь левага боку ад мяне была пустая лаўка...


– Што за трасца?! – крыкнуў я на ўвесь ліфт.

– Чаму вы крычыце? – спакойна запытаўся дзед праваруч ад мяне.


Я глянуў на лічыльнік. На таблё была лічба "-44"...

– Што за?.. Гм, ладна... – сказаў я.

– Ладна... – прамовіў дзед.


У адрозьненьні ад мяне ён выглядаў так, нібыта кожны дзень трапляе ў падобныя сытуацыі. Нягледзячы на гэта, я нават не падумаў абмяркоўваць, што за халера тут ўвогуле адбываецца.


Лічыльнік паказаў лік "-55". Ліфт спыніўся. Дзьверы адчыніліся... За імі быў доўгі цёмны калідор...

Я глянуў на дзеда. Яго не было...


– Якога ражна тут робіцца?! – крыкнуў я, – Гамон нейкі!..


На іншым канцы калідора пачуліся чыесьці крокі..

Я выйшаў зь ліфту. Раптам у калідоры загарэлася сьвятло. Яго ўключыў тый самы дзед.


– Падабаецца, ці ня праўда? – запытаўся ён, рассоўваючы фіранкі, якія віселі перад акном.

– Вы пра што? – перапытаў я.

Ён паказаў за вакно... За ім адкрываўся вельмі прыгожы від на горад, на маё роднае Берасьце.

– Гэта як?.. Мы ж былі ў падвале? – са зьдзіўленым позіркам спытаў я.

– Прыгожа, ці ня праўда? – паўтарыў дзед.

– Так.. вельмі... А як яно так? Мы ж былі ніжэй за зямлю!

– Ну, вось так яно неяк...

– А чаго вы хацелі ад мяне?

– Хацеў?!.. Чаго хацеў ты, калі вяртаўся ў горад? Хіба ж ты жадаў зьезьдзіць у клюб, падхапіць там першую дзяўчыну, якая патрапіць табе, і правесьці зь ёю ноч?

– Ну... я відавочна не хацеў правесьці гэтую ноч зь нейкім дзедам!

– І тое дакладна... – прамовіў ён.


Мы амаль не размаўлялі зь ім, не вялі ніякіх дыялёгаў. Але ўсё адно ў мяне было пачуцьцё, нібыта я перапоўніўся ў сваім спазнаньні, нібыта мне распавялі нешта такое, што моцна зьменіць маё жыцьцё.

Але ж мне нічога ніхто не расказваў..

Няўжо на мяне так паўплывала гэтае "падарожжа" зь дзедам?!

У мяне пачала моцна балець галава і, здаецца, я ўпаў на падлогу.


Прачнуўся... Ляжаў на падлозе звычайнага ліфту магілёўскага ліфтавога заводу з закасанымі рукавамі. Галава мая быццам расколвалася...

А прачнуўся я праз тое, што мяне будзілі ліфтавыя супрацоўнікі.


– Каторая цяпер гадзіна? – спытаў я цяжка дыхаючым голасам.

– Восьмая.

– Раніцы ці вечару?

– Раніцы, – адказалі яны.

Ліфтавыя супрацоўнікі дапамаглі мне падняцца з падлогі. Я глянуў на свае рукі, вена мая выглядала, нібыта ў яе ўваходзіла ігла. «Але аналіз крыві я апошні раз здаваў вельмі даўно. Адкуль тады гэты сьлед на маёе жыле?»


Я глянуў на супрацоўнікаў. Яны выцягнулі мяне зь ліфту. Сярод іх я заўважыў таго самага дзеда.

– Дзед?! То ты?! – гучна спытаў я.

– Вы пра што? – з усьмешкай запытаўся дзед.

– Прабачце, я... напэўна... памыліўся... – сказаў я.


Мне было сорамна.. Ён ці ня ён тое быў, ужо не ўсталюю, бо, на жаль, нават ня памятаю дзедавых рысаў твару...

Я перайшоў у кватэру, паспаў некалькі гадзінаў, а потым прывёў сябе ў парадак.


Што адбылося са мною ў тую ноч, я ня ведаю дасюль. Ці тое я знаходзіўся ў стане алькагольнага ці, нават горш, наркатычнага ап'яненьня. А можа гэтае ўсё мне проста прысьнілася?..

Ні ў адным з гэтых варыянтаў я дасюль цалкам ня ўпэўнены...

Report Page