Аліна Коўшык – пра сімволіку выявы «Партызанскага Народнага крыжа»

Аліна Коўшык – пра сімволіку выявы «Партызанскага Народнага крыжа»

Аб'яднаны Пераходны Кабінет Беларусі

Прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык патлумачыла сімволіку розных элементаў новай узнагароды Аб’яднанага Пераходнага Кабінета:


«У аснове сюжэту «Партызанскага Народнага крыжа» ляжыць традыцыйны для Беларусі рыцарскі крыж. Выява так званай «Партызанскай Пагоні» – гэта вершнік з мячом, пад якім бачны чэрап с косткамі і лісце дуба: Геральдычная Рада, якая распрацоўвала ўзнагароду, запазычыла гэты элемент з аўтэнтычных пячатак партызанскіх атрадаў Беларускай сялянскай партыі «Зялёны дуб», якая з 1919 і да 1930-х гадоў кіравала антысавецкім беларускім рухам на тэрыторыі Беларусі.

Чэрап і косткі – гэта традыцыйная хрысціянская сімволіка, са старажытных часоў уласцівая нашай культуры, а ў кантэксце ўзнагароды – гэта сімвал бескампраміснага змагання партызан з ворагам. Перакрыжаваныя мячы – сімвал адвагі і ўзброенай барацьбы з акупантамі і калабарантамі.

Што да надпісу «Ніколі ня быць у няволі», то гэта адаптаваная фраза з «Лясной песні» на музыку Уладзіміра Алоўнікава і словы Адама Русака, прысвечанай беларускім партызанам.

Сімвалічнае значэнне маюць і колеры: чорны – падкрэслівае ўтоенасць і незаўважнасць партызанскай барацьбы, шэры – сімвалізуе лініі камунікацый ворага, якія падвяргаюцца атакам партызан, срэбра – азначае чысціню ідэалаў партызанскага змагання. Дарэчы, у склад латуні, з якой выраблены крыж, дададзены метал з дэталяў расійскіх танкаў, разбітых ва Украіне.

Ужо хутка мы ўзнагародзім нашых першых партызанаў і падпольшчыкаў за акцыі, якія для ўсіх беларусаў сталі сімваламі нашай нязломнай барацьбы. Вядома ж, як і з медалём «Гонар і Годнасць» тут не будзе месца публічнасці – такія ўжо часы. Але ўсё гэта да пары, пакуль Беларусь не стане вольнай. І гэты час імкліва набліжаюць нашыя героі. Гэтай узнагародай мы ім паказваем, што шануем іх смелыя ўчынкі, здзейсненыя дзеля ўсіх нас, дзеля будучыні нашай роднай Беларусі»


@CabinetBelarus

Report Page