Інвестуй свой голас у беларускую мову

Інвестуй свой голас у беларускую мову

say.by

Мы заклікаем вас паўдзельнічаць у “марафоне” агучвання невялікіх беларускіх сказаў “Інвестуй свой голас у беларускую мову”. У будучыні гэта пойдзе на карысць развіцця тэхналогій распазнавання беларускага маўлення, адкрые многа карысных сучасных магчымасцей для нашай мовы і дакажа, што ў нашай мовы ёсць будучыня!


Працэс надзвычай просты

1. Трэба зайсці на https://commonvoice.mozilla.org/be і націснуць на мікрафон!

2. Пачніце начытваць сказы. Можна зарэгістравацца, каб адсочваць свой прагрэс (але нават гэта не абавязкова).

3. Альбо правярайце ўжо  начытаныя іншымі людзьмі сказы (гэта таксама важна).


Працэс агучкі

Ваш голас мусіць гучаць натуральна, нібы падчас звычайнай размовы. Памятайце і пра свой беларускі акцэнт – цвёрдае ч, фрыкатыўнае г, "дзеканне" і "цеканне", “мяккасць” пры спалучэнні зычных, напрыклад “свет” чытаецца як “сьвет”, “насенне” – як “насеньне”.

Беларуская мова ў праекце Mozilla Common Voice з’явілася дзякуючы намаганням каманды say.by і адкрытых да супрацоўніцтва арганізацый і валанцёраў шляхам выверкі лінгвістамі вялікага масіву беларускіх сказаў, і цяпер за месяц трэба назбіраць як мага больш галасоў для лепшай працы сістэмы распазнавання маўлення ў праграме навучання размоўнаму беларускаму маўленню – “Мова прафесіі”.

Акрамя Мовы прафесіі і say.by, набор вашых запісаў і запісаў іншых людзей стане даступным да свабоднага распаўсюджвання для навукоўцаў, праграмістаў, ІТ-кампаній і ўсіх, хто пажадае рабіць праекты, звязаныя з распазнаваннем і сінтэзаваннем беларускага маўлення. Напрыклад, гэта можа дапамагчы людзям са слабым зрокам чытаць сайты на беларускай мове, адаптаваць да нашай мовы галасавы ўвод для розных інфармацыйных сістэм і шмат чаго іншага.


Дадатковыя парады (на што варта звярнуць увагу):

  1. Прачытайце сказ перад агучкай, каб падрыхтавацца.
  2. Агучка мусіць цалкам супадаць з напісаным тэкстам.
  3. Прапускайце сказы з невядомымі вам словамі.
  4. Праслухоўвайце запісы перад тым, як іх даслаць. 
  5. Калі вы збіліся ці запнуліся – пачніце запіс спачатку.
  6. Начытвайце так, як размаўляеце ў звычайным жыцці. Аднак добра вымаўляйце словы.
  7. Мікрафон можа запісаць фонавы шум. Гэта дапушчальна, пакуль на атрыманым запісе кожнае слова можна разабраць без цяжкасцей і няма фонавых галасоў, напрыклад, ад тэлевізара.
  8. Пры праверцы, калі ёсць адхіленні ад тэксту – скасоўвайце начытку.
  9. Калі сказ змяшчае арфаграфічную памылку – націскайце кнопку "Паскардзіцца", каб выдаліць сказ. Гэта можна зрабіць як падчас начыткі, так і падчас праверкі.
  10. Калі агучаны сказ змяшчае невялікую граматычную памылку, і агучка цалкам супадае з тэкстам – прымайце такую агучку.
  11. Калі агучка мае іншую праблему, або граматычная памылка больш грубая, або такі сказ вам толькі прапаноўваецца начытаць – цісніце "Паскардзіцца", каб выдаліць сказ.
  12. Прыклад невялікай граматычнай памылкі: "На захадзе, паралельна АСНОЎНЫ, размешчана яшчэ адна кароткая вуліца" – «асноўнЫ» замест «асноўнАЙ».
  13. Калі вы ў нечым сумняваецеся – прапускайце сказ.
  14. Калі падчас праверкі сказ не прайграецца і вы нічога не чуеце, націскайце «Прапусціць». Гэта вядомая памылка ў рабоце сайту Common Voice. Наступным разам, калі такі запіс трапіць вам ці іншаму чалавеку, ён будзе прайгравацца як след.
  15. Калі вы можаце разабраць, што сказалі, то і машына мусіць навучыцца! А вось калі агучаны тэкст разабраць цяжка (залішне ціхі запіс або вялізная колькасць шуму) — цісніце "Не" і скасоўвайце агучку.
  16. Дыктары могуць нязначна адхіляцца ад фанетычных нормаў: напрыклад казаць [дачцэ] замест [даццэ]. Такія агучкі дапускаюцца.
  17. Таксама прымайце агучку, калі слова начыталі з памылковым націскам.
  18. Калі сайт працуе з памылкамі, паспрабуйце іншы браўзер – напрыклад, Mozilla Firefox.
  19. Сайт можа не працаваць з некаторымі мадэлямі мабільных тэлефонаў (Huawei, Honor, інш.). У гэтым выпадку – ёсць мабільны дадатак пад Андройд, а таксама можаце далучацца з камп’ютару. 
  20. Старайцеся агучваць рэгулярна – напрыклад, праз дзень, штодня.
  21. Калі вы вырашыце зарэгістравацца на сайце, то зможаце задаваць асабістыя мэты і сачыць за сваімі дасягненнямі. Таксама вы зможаце пазначыць свае пол і прыблізны ўзрост, што дапаможа навучыць добрую мадэль распазнавання маўлення. 
  22. На сайце ёсць гарачыя клавішы – цэтлікі. Так, клавіша “з” пачынае і спыняе запіс. 
  23. Клік камп’ютарнай мышы ў запісе – гэта невялікі недахоп. Мы раім карыстаць тэлефон або гарачыя клавішы для клавіятуры (глядзіце папярэдні пункт).


Па любых пытаннях вы можаце напісаць нам у суполку ў тэлеграме – t.me/voice_by – або на нашую пошту: say@say.by. Напрыклад, калі вы заўважыце памылку ў рабоце сайта – рабіце скрыншот і дасылайце яго нам. Мы з радасцю вам адкажам і дапаможам!

А за прагрэсам вы можаце сачыць на сайце: mova.pro.

Мы вітаем распаўсюджванне інфармацыі пра агучванне, у тым ліку праз суполкі ў сацыяльных сетках і сярод сваіх калегаў.


Давайце разам прадэманструем, што ў беларускай мовы ёсць будучыня! Нам патрэбны ваш голас!


Report Page