Афіша на тыдзень
TanyaДзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа запрашае на адкрыццё часовай экспазіцыі „Уладарства холаду вяліка“: зімовыя матывы ў творчасці Якуба Коласа і Васіля Шаранговіча, якое адбудзецца а 16-й гадзіне 26 студзеня. Якуб Колас — адзін з лепшых прыродаапісальнікаў у беларускай літаратуры. Больш за тое, класік беларускай літаратуры Якуб Колас выдатны мастак слова, які вельмі тонка і пранікнёна апісвае беларускія краявіды, а яго прыродаапісальная лірыка не можа не кранаць. Кожная пара года ў творчасці Якуба Коласа вельмі хораша і рэалістычна перададзена чытачам рознага ўзросту. Зімовы час у творчасці Якуба Коласа выступае як вясёлая пара для дзяцей, адметная сваімі надзвычай прыгожымі малюнкамі і з’явамі, што ствараюць непаўторную атмасферу.
Не менш маляўніча і выдатна перадае радкі Якуба Коласа, што апісваюць зімовыя краявіды, у графічных работах Васіль Шаранговіч. Яго мастацкія працы тонка перадаюць апісанне прыроды беларускага класіка і ствараюць рэалістычныя зімовыя карціны, што моцна прывабліваюць сваёй вобразнасцю.
Народны паэт і народны мастак яскрава перадаюць непаўторную зімовую прыгажосць, хараство зімовай пары ў сваёй творчасці, якую можна будзе ўбачыць на часовай экспазіцыі „Уладарства холаду вяліка“.

Класіка ў жывапісе працягвае існаванне таго феномена, які завем «беларускай школай».
Што зараз прымушае мастакоў займацца гэтым, здаецца, гістарычным жывапісам? Адказ шукаем на выставе “Сучасны беларускі пейзаж” , якую можна ўбачыць у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь .
З ўсіх відаў мастацтва пейзажны жывапіс аднолькава далёкі як ад абстракцыянізма, гэтак і дызайна. Прыкладна з 17 стагоддзя мы маем шэраг рэальных выяў прыроды, ідэальны свет якіх быў прызваны ўпрыгожыць вольны час схільнага да роздуму чалавека
Беларускія мастакі стварылі свой стыль, які дапамагае беларускаму лірычнаму краявіду заставацца візітнай карткай айчыннага мастацтва.

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры прапаноўвае прасачыць дыялог паміж мастаком і пісьменнікам, ілюстратарам і чытачом, мэтрамі кніжнай графікі мінулага стагоддзя і іх сучаснымі творчымі нашчадкамі на выставе “Пісьменнік. Мастак. Чытач: Дыялог праз кнігу” .
Калі адкрываем кнігу, мы знаёмімся не толькі з тэкстам, але і з мастацкім афармленнем выдання. Ілюстраваная кніга – сапраўдны твор мастацтва кніжнай графікі. Не заўжды пераасэнсаванне літаратурнага вобраза мастаком супадае з уяўленнем чытача, але часам можа стаць для апошняга вызначальным на ўсё жыццё ў стаўленні да кнігі ў прыватнасці і да чытання ўвогуле.
На выстваве прадстаўлены ілюстрацыі і кнігі з ілюстрацыямі з фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Экспазіцыя схематычна падзелена на тры блокі ілюстрацый: да празаічных твораў, да паэтычных зборнікаў і да дзіцячай кнігі, якія адрозніваюцца як канцэпцыяй, так і стылістыкай мастацкага ўвасаблення. Прадстаўлены ілюстраваныя выданні твораў Янкі Купалы, Якуба Коласа, Кузьмы Чорнага, Івана Шамякіна, Янкі Брыля, Максіма Танка, Івана Мележа, Анатоля Вярцінскага, Надзеі Ясмінскай і іншых.

РТБД запрашае на якасны і сэнсавы эксперымент. Рэжысёр Яўген Карняг прэпарыруе народную песню і дастае з тэкстаў, якія зацягвалі нашыя бабулі за вясельным сталом, шмат трагічных — і да мурашак рэалістычных — сюжэтаў.
Лёс мужчыны, які знаходзіцца ў палоне чужых рашэнняў.
Матчына любоў, якая паглынае сына і паралізуе яго асобу.
Гісторыя, расказаная не словамі, а складзеная ў самым сэрцы народа, з рытму і песень, што гучаць як рэха знікаючых вёсак. Спектакль «Шлюб з ветрам» – гэта спроба ўз’яднання са сваімі каранямі.
БЕЛАРУСЬ. ДЫДАКТЫКА
Аб сваім месцы ў свеце, аб адносінах з людзьмі, з рэчаіснасцю, роднай прыродай, сваім народам, праз беларускі фальклор і ўрыўкі з беларускай класічнай літаратуры разважае народная артыстка Беларусі Таццяна Мархель, а дапамагае ёй у гэтым музыка Дзмітрый Лук’янчык.
Трагедыя СІНДРОМ МЕДЭІ
«Усё, што мела я, злілося ў адным,
І гэта быў мой муж…»
Эўрыпід «Медэя»
Сюжэт Эўрыпіда актуальны і па сённяшні дзень. Змяняюцца толькі дэкарацыі жыцця і формы рэакцый.
Як чалавек жыве і будуе сваё жыццё ў межах жыцця іншага чалавека? Што ён адчувае пасля здрады ці страты? Што стаіць за яго ўчынкамі?
Сёння мы не паглыбляемся ў сутнасць псіхалагічнага выбуху: дастаткова, што ён адбыўся. Мы лёгка выносім свае вердыкты ў каментарыях у сусветнай павуціне, каб праз пару дзён забыцца на гэта і пераключыцца на чарговую гісторыю.
Павярхоўны позірк на этыкетку, паскораныя меркаванні і нежаданне зразумець іншага – трагедыя не толькі адной Медэі.

Гурт RECHA запрашае на шчыры анлайн!
Музыкі шчыра распавядуць пра свае прыгоды апошніх часоў, адкажуць на пытанні слухачоў і выканаюць вялікую разнастайную праграму. Будзе файна!
Квіток у анлайн - падзяка артыстам ды дапамога ў пакрыцці выдаткаў арганізацыі. Таму кожны можа абіраць любы кошт, які хоча заплаціць.
27 студзеня, 20:00, квіткі тут.

DZIECIUKI зайграюць вялікі канцэрт анлайн!
Упершыню электрычная праграма гурта прагучыць віртуальна - гарадзенскія панкі запаляць для гледачоў з усяго свету ды заспяваюць найлепшае з усіх трох альбомаў. Разам з гуртом на сцэну выйдуць адмысловыя госці, імёны якіх пакуль трымаюцца ў сакрэце.
Уваход на канцэрт па квітках, але кожны можа абраць той кошт, які гатовы заплаціць.
29 студзеня, 20:00, квіткі тут.
