Афіша на тыдзень
TanyaПачнем з доўгачаканых прэм’ер.
Незалежная тэатральная група “Купалаўцы” прадстаўляе спектакль “Войцэк. Сцэны” паводле Георга Бюхнера. Хто такі Войцэк? Франц Войцэк – патульны, як цялё, салдат. Служыць ён аддана і пагаджаецца на ўсё: на сумнеўныя эксперыменты шарлатана-доктара, на папрокі дурнаватага капітана, на кпіны і знявагі. Абы прынесці грошай сваёй каханай Марыі і прабавіць вольную хвіліну над калыскай сына. Аднак падзеі паступова выходзяць з-пад яго і так слабога кантролю. Доступ да спектакля “Войцэк. Сцэны” будзе адкрыты 20 студзеня. Паказ бясплатны і даступны па спасылцы на ютуб-канале https://www.youtube.com/channel/UCoS4_e9Re3RGf1obN_6Wepw

21 студзеня ў 19.00 Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры запрашае на літаратурна-музычнае мерапрыемства “Мой Багдановіч”, падрыхтаванае сумесна з Літаратурным тэатрам “Слова” пад кіраўніцтвам Зінаіды Феакціставай-Каладзяжнай. Паспрабуйце наноў пазнаеміцца з творчасцю Максіма Багдановіча, пачуўшы яго творы, а таксама паэтычныя і музычныя рэфлексіі Максіма Танка, Уладзіміра Караткевіча, Алега Лойкі, Яўгена Глебава, Ігара Паліводы, Уладзіміра Мулявіна.
http://bellit.museum.by/node/53392

Завітвайце таксама на часовую літаратурна-дакументальную экспазіцыю «Залатая раніца беларускага Адраджэння». 1920-30 гг. – адны з самых яскравых старонак у гісторыі культуры Беларусі. Маладыя літаратары імкнуліся да творчага гуртавання, аб’ядноўваліся ў суполкі «Маладняк» і «Узвышша». Пра тыя часы яны стваралі шэдэўры, знакавасць і значнасць якіх сёння не падлягае сумненням. Лейтматывам твораў таго часу была раздвоенасць у грамадстве і ў чалавеку, панаванне абуральнай стыхіі і прадчуванне вялікіх зменаў.
http://bellit.museum.by/node/52771

У Беларусі на працягу ўсёй яе гісторыі духоўныя каштоўнасці фарміраваліся пры ўзаемадзеянні і ўзаемаўплыве рэлігіі і свецкай культуры. Выстаўка "Беларусь: адраджэнне духоўнасці" паказвае шляхі фарміравання духоўных прынцыпаў жыцця беларусаў у розныя часы праз народныя традыцыі, рэлігію, мастацтва. Праект засведчыць дасягненні Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, іншых музеяў краіны ў справе захавання, вывучэння і прэзентацыі помнікаў гісторыі і культуры.
http://history.museum.by/node/49104

Добрая нагода сустрэцца з нацыянальнай драматургіяй - камедыя “Хто смяецца апошнім”, якая з’яўляецца адной з лепшых сатырычных п’ес Кандрата Крапівы. Паставіць чалавека на месца, сарваць маску з невуча і пляткара, высмеяць падхалімства, баязлівасць, прыстасаўленства, паказаць якую шкоду грамадству і навуцы прыносяць кар’ерызм і дэмагогія – гэтаму прысвечана пастаноўка.
http://teatrkinoaktera.by/events/khto-smyaetstsa-aposhnim?sid=715

Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі прапаноўвае гістарычна недакладную трагікамедыю “Кар’ера доктара Раўса”.
Людзi, якiя нарадзiлiся раней сваёй эпохi. Што мы ведаем пра iх? Сухія гістарычныя факты, даты і лічбы, партрэты ў падручніках. Ведаем iх дасягненні, якія сёння для нас натуральныя і незаўважныя. Але мы наўрад ці задумваемся аб тым, як такія людзі жылі, што адчувалі, як да іх ставіліся навакольныя i чаго iм каштавала апантанасць сваімі ідэямі, якая змяняла жыццё ўсяго чалавецтва. Кар’ера доктара Рауса – гісторыя чалавека, якi нарадзiўся значна раней сваёй эпохi. І імя яго – Францыск Скарына.
