Адкуль растуць ногі ў гомельскіх насарогаў, альбо вартае жалю ўпарадкаванне азёр у Валатаве
https://t.me/shtodzienФігуры-тапіярыі жывёл у натуральную велічыню на каскадзе азёр у Валатаве знаходзяцца ў абсалютова гаротным стане. “Штодзень” выехаў на месца падзей, прыгадаў, як так сталася і паразважаў, што цяпер рабіць.
Адкуль растуць ногі ў гомельскіх насарогаў
Адміністрацыя Цэнтральнага раёна ўсталявала вечназялёныя фігуры жывёл яшчэ ў ліпені 2019 года. Менавіта тады ля азёраў з’явіліся тапіярыі бегемотаў, мядзведзяў, сланоў, коняў, насарогаў ды жырафа. Адмыслоўцы пад тапіярыямі разумеюць садоўніцкую практыку прыдання шматгадовым раслінам шляхам стрыжкі лістоты і галінак дрэў, кустоў і паўхмызнякоў адмысловай формы. Першыя ўзгадкі пра майстроў, якія стваралі падобныя вечназялёныя фігуры ў Еўропе, адносяцца да часоў Старажытнага Рыму.
Але гомельскія ўлады вырашылі пайсці хуткім шляхам і сканструявалі фігуры, абшытыя штучнай травой. На жаль, прыгожым эстэтычна такі выбар матэрыялаў не назавеш, але стваральнікі запэўнівалі, што такі выбар прадыктаваны існымі кліматычнымі ўмовамі, даўгавечны і зносаўстойлівы. Апынулася, што яны памыляліся.
Вандалы наносяць зваротны ўдар
Літаральна пару месяцаў спатрэбілася вандалам, каб сапсаваць скульптуры. Атакі працягнуліся, нягледзячы на тое, што чыноўнікі двойчы рамантавалі “жывёлаў”.
Побач нават размясцілі шыльды, на якіх адпачывальнікам нагадалі правілы паводзін і дзейнае заканадаўства. Так, паводле артыкула 218 Крымінальнага кодэкса, наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне чужой маёмасці караецца штрафам, грамадскімі працамі або нават арыштам ды абмежаваннем волі тэрмінам ад двух да дванаццаці гадоў! Аднак застрашальныя меры не мелі ніякага выніку і гомельскія псеўдатапіярыі працягвалі псаваць і ў 2020-м, і ў 2021-м.
Асабліва смешна выглядаюць шыльды, што папярэджваюць пра відэаназіранне на дадзенай тэрыторыі, бо ніякіх камер там насамрэч не ўсталявана і заўважыць гэта можна няўзброеным вокам. Адміністрацыя Цэнтральнага раёна прызнавалася ў адсутнасці сродкаў для ўсталявання сістэм відэаназірання нават у публікацыях гарадскіх СМІ. Каму неабходныя падобныя смеху вартыя і фэйкавыя шыльды, застаецца незразумелым. Пры гэтым у абласным цэнтры знайшлі сродкі на ўсталяванне соцень новых відэакамер на вуліцах і нават прыпынках пасля пратэстаў супраць афіцыйных вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020-га. Але адна справа — лавіць сапраўдных хуліганаў, што псуюць маёмасць у парках гораду і могуць уяўляць небяспеку навакольным, а зусім іншая адсочваць дзеянні гараджан, што мірна выказваюць свой пункт гледжання.
Зрэшты, улічваючы кепскі стан сыходных матэрыялаў і адсутнасць агароджаў, частку пашкоджанняў маглі нанесці зусім не хуліганы, а проста дзеці. Ахвотныя ўсё памацаць і пасядзець на ільвах ды бегемотах у адсутнасці цікавых альтэрнатыў баўлення часу ў гэтых мясцінах узнікненне ірваных “ранаў” гэтым скульптурам было гарантаванае.
Альтэрнатыва парку дзікіх і “дзіка параненых” жывёл
У існай сітуацыі абараніць скульптуры фактычна немагчыма. Агароджваць іх нелагічна, бо яны створаны для агульнага карыстання. Гомельскія ўлады ўжо адмовіліся ад планаў дапаўнення існай калекцыі макетаў экзатычных жывёлаў новымі экзэмплярамі, але ўжо ўсталяваныя раней застаюцца ў вартым жалю стане і больш не ўпрыгожваюць месца адпачынку гараджан. Від жывёлаў з вырванымі вачыма і абадранымі спінамі ды азадкамі не ўпрыгожвае краявіды, а наадварот псуе настрой і любыя спробы расслабіцца.
Важна вынесці правільныя ўрокі з гэтай гісторыі. Гомельскім уладам варта ў будучыні інвеставаць сродкі ў сапраўды трывалыя скульптуры ў месцах адпачынку і ўлічваць, што яны будуць карыстацца попытам і ў дзяцей. Сродкі пры гэтым варта выдаткоўваць на сапраўды якасныя аб’екты, што праслужаць не адзін год і не спадзявацца, што фэйкавыя вечназялёныя фігуры з танных матэрыялаў будуць радаваць гараджан. Пры дапамозе публічных конкурсаў праектаў можна сабраць больш цікавых ідэй і пасадзейнічаць канкурэнцыі сярод вытворцаў, што заўжды прыводзіць да зніжэння коштаў і падвышэння якасці.
Неабходна пераасэнсаваць нашыя грамадскія прасторы, што часта з’яўляюцца бязлюднымі, пустымі ды “мёртвымі” тэрыторыямі, на якіх, акрамя рэдкіх святаў, нічога не адбываецца.
Побач з валатоўскім каскадам азёраў месцяцца вялікія мікрараёны. Важна стварыць ідэальнае месца для баўлення часу самых розных груп грамадства, месца, дзе будзе цікава і дзецям, і дарослым.
Хочацца спадзявацца, што пры належным падыходзе Гомель стане сапраўды зручным і прыемным месцам для жыцця і баўлення часу ды будзе славіцца сваімі культурніцкімі аб’ектамі. На жаль, за апошнія гады горад займеў дурную славу праз спрэчныя з эстэтычнага пункту гледжання скульптураў і флагштокаў.
Штодзень
Аўтар: Юліян Доўгабародаў