Адкрывай мяне асцярожна: Сардэчныя лісты Эмілі Дыкінсан да С'юзан Хантынгтан Дыкінсан

Адкрывай мяне асцярожна: Сардэчныя лісты Эмілі Дыкінсан да С'юзан Хантынгтан Дыкінсан

Эмілі Дыкінсан


4

 

Серада зранку

Гэта смутная раніца, С’юзі – дзьме вецер і ідзе дождж; “на кожнае жыццё мусіць упасці колькі дажджу” і я ледзь магу пабачыць, што падае хутчэй – вецер звонку, ці вецер знутры. О, С’юзі, я б тулілася да твайго цёплага сэрца і ніколі не чула веянне ветру ці шторму зноў. Ці ёсць там пакой для мяне, альбо ж я буду блукаць беспрытульнай і адзінокай? Дзякуй за тваю любоў, дарагая, хай жа ты будзеш “любіць мяне яшчэ больш, калі ты павернешся дадому!” Гэтага хопіць, дарагая С’юзі, я ведаю, што буду задаволеная. Але што я магу зрабіць для цябе? Даражэйшай ты быць не можаш, бо я ўжо люблю цябе так моцна, што ў мяне разрываецца сэрца. Можа, я магу любіць цябе наноў кожны дзень майго жыцця, кожную раніцу і вечар? О, калі ты дазволіш мне, якой шчаслівай я буду!

Бясцэнны дазвол на пастой, С’юзі, я зношваю паперы, чытаючы іх зноў і зноў, але дарагія думкі не могуць знясілець, нават калі паспрабуюць, дзякуючы Ойчу Нашаму, С’юзі! Мы з Віні доўга гутарылі пра цябе мінулым вечарам і пайшлі спаць, смуткуючы па табе, а даволі хутка я прачнулася, кажучы “каштоўны скарб, ты – мой”, і вось ты была ў парадку, С’юзі, і я не наважвалася спаць, каб цябе ніхто не выкраў. Не звяртай увагі на ліст, С’юзі; у цябе так многа работы; проста кожны тыдзень пішы мне адзін радок, і хай ён будзе “Эмілі, я цябе люблю”, і я буду задаволеная. Твая Эмілі.

 

Дагары нагамі на першай старонцы

З любоўю, Віні і маці

 

На краі на трэцяй старонцы

З любоўю да Хэці ад усіх нас. Дарагая Мэці амаль ачуняла.

недзе ў лютым 1852

Цытата "на кожнае жыццё мусіць упасці колькі дажджу" узятая з верша Лангфела "Дажджлівы дзень", якім Эмілі і С’юзан дзяліліся са сваімі сябрамі.

Станіслаў Вярба


Report Page