Адкрывай мяне асцярожна: Сардэчныя лісты Эмілі Дыкінсан да С'юзан Хантынгтан Дыкінсан

Адкрывай мяне асцярожна: Сардэчныя лісты Эмілі Дыкінсан да С'юзан Хантынгтан Дыкінсан

Эмілі Дыкінсан

3

 

Пятніца перад поўднем

Ці дазволіла б ты прыйсці мне, дарагая С’юзі – так, як я выглядаю зараз: у маёй запэцканай і зношанай сукенцы, з маім вялікім старым фартухам, а валасы – о, дарагая С’юзі, час не дазваляе мне апісаць увесь мой выгляд, але ж я люблю цябе так сардэчна, як быццам бы я была б такой далікатнай, так што табе будзе ўсё адно, так? Я так рада, С’юзі – што нашыя сэрцы заўсёды чыстыя, заўсёды ахайныя і чароўныя, то не варта саромецца. Я старанна працавала зранку і мушу працаваць і цяпер – але я не магу адмовіць сабе асалоду хвівлінкі ці дзвюх з табой.

Посуд пачакае, дарагая С’юзі – і брудны столік таксама, яны заўсёды побач са мной, але ты “не заўсёды”. А што, С’юзі, у Хрыста многа святых – у мяне мала, але ты – анёлы не займеюць С’юзі – не – не, не!

Віні ўяўляе, што яна швачка і шые, а я напалову чакаю, што да дзвярэй прыйдзе які-небудзь рыцар, прызнае сябе пустым месцам перад яе прыгажосцю і ўручыць свае руку і сэрца, як адзіныя ягоныя рэшткі, якія могуць быць вартымі адмовы.

Мы з Віні сёння гутарылі пра старэнне. Віні думае, што дваццаць гадоў – гэта страшнае становішча для чалавека – а я кажу ёй, што мне не важна, маладая я ці не, я была б такой жа шчаслівай як у трыццаць, так, як і яна, як і ў любы іншы ўзрост. Віні выказвае спагаду майму “звяламу і жоўтаму лістку” і працягвае сваю работу. Дарагая С’юзі, скажы мне, як ты адчуваеш сябе – хіба не бывае такіх дзён, калі старасць не падаецца такой сумнай рэччу –

Гэтай раніцай я адчуваю сябе хмурнай і панурай і мне падаецца, што суцяшэннем быў бы прарэзлівы голас, зламаная спіна і спалох маленькіх дзяцей.

Не ўцякай, С’юзі, дарагая, бо я не пакрыўджу і я вельмі люблю цябе, хоць сёння я і жудасная.

О, мая дарагая, як доўга ты адхіляешся ад мяне, як я стамляюся чакаць і шукаць, і клікаць цябе; часам я заплюшчваю вочы і зачыняю маё сэрца да цябе, і моцна спрабую забыць цябе, бо ты прычыняеш мне вялікі боль, але ты ніколі не адыходзіш, о, і ты ніколі не пойдзеш – скажы, С’юзі, паабяцай мне зноў, і я слаба ўсміхнуся – і зноў уздыму мой маленькі крыж сумнай – сумнай разлукі. Як жа дарэмна пісаць, калі ведаеш, што адчуваеш – наколькі ж  мілей сядзець побач з табой, гаварыць з табой, чуць колер твайго голасу – як жа цяжка “адрачыся ад сябе, узяць крыж свой і ісці за Ім –“ дай мне сілы, С’юзі, напішы мне пра надзею і любоў, і сэрцы, якія вытрымалі, і якой вялікай была іх узнагарода ад “Айца нашага які ёсць у Небе”. Я не ведаю, як я вынясу вясну, калі яна прыйдзе; калі ж яна ўбачыць мяне і загаворыць пра цябе, о, гэта пэўна заб’е мяне! Пакуль мароз прыліпае да вокнаў, а свет суровы і маркотны – нястача лягчэй – зямля таксама гаруе з усіх сваіх маленькіх птушак; але калі яны вярнуцца ізноў, і яня спявае і такая вясёлая – Божа, што будзе са мной? С’юзі, прабач мне, забудзь усё, што я казала, знайдзі якога-небудзь прыгожага маленькага вучонага, каб чытаць пяшчотны гімн пра Бэтлеем і Марыю, і ты соладка заснеш такімі лагоднымі снамі, нібы я ніколі не пісала табе ўсе гэтыя брыдкія рэчы. Не звяртай увагі на ліст, С’юзі, я не раззлуюся на цябе, калі ты зусім нічога мне не дашлеш – бо я ведаю, якая ты занятая, і як мала сілы застаецца табе вечарам, каб падумаць і напісаць. Мне дасткаткова, каб ты толькі хацела пісаць мне, проста ўздыхні часам, што ты так далёка ад мяне, і гэтага хопіць, С’юзі! Хіба не думаеш ты, што мы такія добрыя і цярплівыя, што адпусцілі цябе так надоўга; і хіба мы не думаем, што ты, дарагая, сапраўдная гераіня, цяжка працуеш дзеля людзей, вучыш іх і пакідаеш свой родны дом? Бо мы сумуем па табе, не думай, што мы забываем дарагога патрыёта на вайне ў іншых краінах! Ніколі не будзь жалобнай, С’юзі – будзь шчаслівай і весяліся, бо вось ужо колькі доўгіх дзён мінула, як я пішу табе – ужо амаль поўдзень і неўзабаве прыйдзе ноч, і доўгай пілігрымкі стане яшчэ на дзень менш. Мэці вельмі разумная, многа пра цябе гаворыць, мая дарагая; я мушу пакінуць цябе – “адна Райская гадзіна,” дзякуй таму хто дай яе мне, і хай ён дасць мне яшчэ адну даўжэйшую, і нават больш, калі ён зробіць мне ласку – вярні С’юзі дадому! З любоўю заўсёды, заўжды і вечна! Эмілі—

Люты 1852

Ва ўсіх лістах да С’юзан Эмілі злучае мову шляхецкіх заляцанняў са словамі духоўнай адданасці. У 1915 годзе дачка С’юзан Марта Дыкінсан Біянкі апісала сваю цётку Эмілі ў часопісу Atlantic Monthly, кажучы: “Яе адданасць тым, каго яна любіла, была адданасцю рыцара да сваёй пані”


Станіслаў Вярба

Report Page