Ад 2006 да 2020: экс-кандыдаты ў прэзідэнты пра шлях беларусаў да перамогі

Ад 2006 да 2020: экс-кандыдаты ў прэзідэнты пра шлях беларусаў да перамогі

Кірыл Стаселка Belsat.eu

«Белсат» паразмаўляў з кандыдатамі ў прэзідэнты розных гадоў пра палітычную сітуацыю ў краіне, беларускі рух за свабоду, пераможныя сцэнары і іх намаганні ў сённяшніх падзеях.

Аляксандр Мілінкевіч: кандыдат 2006 года

– Як вы ацэньваеце сённяшнюю палітычную сітуацыю?

– Пытаннем прэзідэнцкай кампаніі гэтага года было не столькі хто будзе кіраваць краінай, а хто будзе тут гаспадаром – мы ці Масква. Я ў захапленні ад суайчыннікаў і ганаруся, што я беларус. Пакуль мы выглядаем прыстойней і мацней, чым Крэмль.

Аляксандр Мілінкевіч. Фота: Саша Праўдзіна / «Белсат»

– Якім бачыце магчымае паспяховае выйсця. І ці хутка?

– Добрае выйсце адно – незалежнасць і свабода. Ці хутка ніхто не ведае. Галандцы рабілі рэвалюцыю 80 гадоў, палякі – 10, бальшавікі – за двое сутак. Маю надзею, што ў лічбавую эпоху час бяжыць хутка.

– У чым вашая роля сёння? Што менавіта вы робіце для перамогі?

– Справа маёй адказнасці – інфармаваць свет аб падзеях у Беларусі. Зрабіў каля 20 аналітычных артыкулаў, даваў інтэрв’ю ў еўрапейскіх медыям, удзельнічаў у дыскусійных стрымах.

Віталь Рымашэўскі: кандыдат 2010 года

– Як вы ацэньваеце сённяшнюю палітычную сітуацыю?

– Упэўнены, што многія пакаленні беларусаў, якія змагаліся за праўду, свабоду і справядлівасць у нашай краіне і за яе Незалежнасць, хацелі б бачыць тое, што адбываецца сёння ў гэтыя дні. Гэта не проста пратэст супраць аўтарытарызму, гэта нараджэнне нацыі XXI стагоддзя, Беларусі і беларусаў, якімі можна ганарыцца, з якіх можа браць прыклад уся Еўропа, увесь свет.

Віталь Рымашэўскі

Самая важнае: якаснае змяненне, якое адбылося ў тым, што беларусы бяруць адказнасць на сябе, сотні тысяч, мільёны беларусаў гатовыя дзейнічаць, абараняць свабоду і незалежнасць без усялякіх лідараў. Разумеюць, што гэта іх асабістая справа. Такога не было ніколі. І гэта значыць, што мы проста не можам не перамагчы, бо сёння не апазіцыя змагаецца з Аляксандрам Лукашэнкам. Сёння новы беларускі народ змагаецца з аўтарытарызмам.

– Якім бачыце магчымае паспяховае выйсця. І ці хутка?

– Трэба працягваць мірны негвалтоўны супраціў. Нельга пераходзіць мяжу гвалту. Гэтага чакае рэжым Лукашэнкі дзеля таго, каб здзейсніць гвалт у адказ. Мірны характар акцыі пратэсту, адсутнасць агрэсіі ва ўсіх нашых дзеяннях – у гэтым залог поспеху. Другая рэч, якую трэба рабіць, гэта пераходзіць на новы ўзровень самаарганізацыі, ствараць незалежныя прафсаюзы на працоўных месцах, у гарадах – мясцовае самакіраванне, выкарыстоўваючы ўсе законныя, легальныя метады: ад стварэння грамадскіх арганізацый да правядзення мясцовых сходаў.

Нашая барацьба зацягнецца на месяцы, бо сёння Крэмль падтрымлівае Аляксандра Лукашэнку і дае яму грошы на тое, каб у яго былі заробкі для вузкага кола падтрымліваючых яго людзей. На іх штыках сёння трымаецца ягоная ўлада.

Але эканамічнае банкруцтва гэтага рэжыму непазбежна і гэта стане апошняй кропляй у тых зменах, якія адбудуцца. Думаю, што бліжэйшыя год-паўгады ўлада ў нашай краіне зменіцца.

– У чым вашая роля сёння? Што менавіта вы робіце для перамогі?

– Я з’яўляюся сябрам Каардынацыйнай рады ад пачатку яе заснавання, і каманда хрысціянскіх дэмакратаў цалкам падтрымлівае яе працу. Гэта самае важнае, самае галоўнае, што адбываецца сёння. Сустаршыня БХД Вольга Кавалькова стала адным з сябраў прэзідыума, асабіста я актыўна ўдзельнічаю ў працы групы па сувязі з рэгіёнамі, ды разам з маімі калегамі з БХД, а таксама правацэнтрысцкай кааліцыі, актыўна падтрымліваем працу Каардынацыйнай рады і ўсіх кампаній, якія яна праводзіць.

Алесь Міхалевіч: кандыдат 2010 года

– Як вы ацэньваеце сённяшнюю палітычную сітуацыю?

– Ацэньваю як рэвалюцыю, якая ўжо перамагла.

– Якім бачыце магчымае паспяховае выйсця. І ці хутка?

– Лічу што пытанне, колькі Лукашэнка прабудзе фармальна на пасадзе і колькі чалавек забярэ з сабой на той свет. Цяжка казаць пра час, але думаю, што гэта месяцы, а не годы.

Алесь Міхалевіч

– У чым вашая роля сёння? Што менавіта вы робіце для перамогі?

– Я ўдзельнічаю ў розных працэсах як звычайны грамадзянін, асабіста хаджу як мінімум на кожную нядзельную акцыю, а таксама дапамагаю як адвакат рэпрэсаваным, якім такая дапамога патрэбная.

Андрэй Дзмітрыеў: кандыдат 2020 года

– Як вы ацэньваеце сённяшнюю палітычную сітуацыю?

– У Беларусі палітычны і прававы Чарнобыль. Грамадства змагаецца за права быць пачутым і вырашаць. Улада ж наўмысна ігнаруе законы і правы чалавека, бо зрабіла стаўку на гвалт у падаўленні пратэстаў. Мэта – праз гвалт і бясчынства запалохаць людзей і вынішчыць іншадумства. Гэтыя дзеянні правакуюць грамадзянскія канфлікты і істотна адкідваюць нашую краіну ў развіцці.

– Якім бачыце магчымае паспяховае выйсця? І ці хутка?

– Прагнозаў рабіць не буду, але ўпэўнены, што трэба працягваць пакуль не даможамся дыялогу па новых выбарах, свабоды палітзняволеных і пакарання тых, хто ўжываў гвалт супраць мірных беларусаў.

Андрэй Дзмітрыеў. Фота: «Белсат»

– У чым вашая роля сёння? Што менавіта вы робіце для перамогі?

– Я і каманда «Гавары праўду» удзельнічаем у мірных акцыях пратэсту. Нашыя людзі, як і астатнія, атрымліваюць штрафы і содні, некаторыя былі вымушаны з’ехаць з Беларусі. Таксама працуем над адкліканнем дэпутатаў, стварэннем дваравых супольнасцяў, дапамагаем людзям выходзіць з праўладных арганізацыяў, я асабіста часта дапамагаю шукаць арыштаваных сваякоў, кансультую грамадзянаў і, канешне, падтрымліваю. Асабліва ў рэгіёнах, дзе людзям больш страшна дзейнічаць. Езджу па гарадах, сустракаюся з людзьмі. Мы таксама дапамагаем распаўсюджваць па рэгіёнах забароненую прэсу.


Report Page