Аб'яднаны пераходны кабінет заснаваў Медаль Няскораных

Аб'яднаны пераходны кабінет заснаваў Медаль Няскораных

Надзея Вольная belsat.eu 

30 ліпеня Святлана Ціханоўская падпісала пастанову АПК аб заснаванні Медаля Няскораных (Ларысы Геніюш). Стаць уладальнікам гэтага медаля адзін чалавек зможа толькі аднойчы. Узнагародзіць ім могуць і пасмяротна.

Святлана Ціханоўская. Фота: Анастасія Дубровіна / Белсат

Як паведамляе АПК, медаль будуць уручаць беларускім і замежным грамадзянам, якія сваёй актыўнай дзейнасцю «спрыялі абароне і ўмацаванню ў Беларусі ідэалаў дэмакратыі і правоў чалавека, развіццю беларускай грамадзянскай супольнасці або праявілі асабістую адвагу, стойкасць і ахвярнасць у дзейнасці на карысць прасоўвання ідэалаў дэмакратыі і правоў чалавека».

«Асоба, у гонар якой названы медаль, – Ларыса Геніюш – сапраўдная беларуская гераіня, якая не схіліла галавы перад чэкістамі, выжыла ў лагерах, не прыняла савецкае грамадзянства і ахвяравала асабістым шчасцем дзеля Радзімы, – заявіла прадстаўніца АПК па нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык.

На адным баку медаля размешчаны партрэт Ларысы Геніюш, на другім – надпіс «Жыць для Беларусі» і птушка, якая ляціць. АПК адзначае, што надпіс – гэта фрагмент верша паэткі, які сімвалізуе яе «непахіснасць і вернасць нацыянальным і дэмакратычным ідэалам, фактычна яе запавет наступным пакаленням беларусаў». Птушка з'яўляецца сімвалам «свабоды, надзеі на вызваленне і перамогі над прыгнятальнікамі».


Report Page