«Абсалютная крывадушнасьць — жыць у краіне і нічога не зрабіць для перамен», — чэмпіёнка сьвету і Эўропы Марына Арзамасава

«Абсалютная крывадушнасьць — жыць у краіне і нічога не зрабіць для перамен», — чэмпіёнка сьвету і Эўропы Марына Арзамасава

Радыё Свабода, Ігар Карней
Марына Арзамасава падчас спаборніцтваў у Лёндане, 2017 год

«Ужо папярэджваюць: прыбярыце подпісы — і вам нічога ня будзе. Калі ад слоў пяройдуць да пагрозаў, мы пакідаем права надаць гэтаму міжнародную агалоску». Уганараваная лёгкаатлетка Марына Арзамасава разважае, ці могуць людзі спорту прысьпешыць перамены.

Сьпіс спартоўцаў і работнікаў галіны, якія падпісаліся пад адкрытым лістом да ўладаў з патрабаваньнем прызнаць прэзыдэнцкія выбары несапраўднымі, вызваліць палітзьняволеных, спыніць супрацьпраўную дзейнасьць сілавікоў ды іншымі пунктамі, імкліва разрастаецца — ад першай сотні да амаль 350 на гэты момант.

Ужо створаны Фонд салідарнасьці для пацярпелых ад дзяржаўнага ціску. Атлеты, якія страцілі працу, атрымаюць выплаты і юрыдычную дапамогу. Гэта паказвае, што людзі аб’ядноўваюцца, дапамагаюць адзін аднаму. Ня трэба больш баяцца заставацца ў сыстэме, калі твая пазыцыя адрозьніваецца, падкрэсьліваюць ініцыятары звароту.

«Гатовыя да ўсяго: звальненьня, скасаваньня збораў, выключэньня са зборнай»

У ліку першых паставіла свой подпіс лёгкаатлетка Марына Арзамасава — чэмпіёнка сьвету і Эўропы ў бегу на дыстанцыі 800 мэтраў. У гутарцы з карэспандэнтам Свабоды яна прызналася, што да нядаўняга часу лічыла сябе чалавекам апалітычным.

Аднак сапраўдная вайна, абвешчаная сілавікамі ўласнаму народу, у літаральным сэнсе перавярнула яе жыцьцё. Зрабіла гэта дзеля самых блізкіх людзей — мужа, спарынг-партнэра і прафэсійнага лёгкаатлета Ільлі Арзамасава, і дачок Сашы і Насьці.

— Марына, колькасьць спартоўцаў, якія падтрымалі зварот да ўладаў, штодня павялічваецца. Вы ў гэтым сьпісе аказаліся сярод першых. Што падштурхнула да такога кроку? Ці рэальна заявамі паўплываць на сытуацыю ў краіне?

— Я проста акрэсьліла сваю пазыцыю. Шчыра кажучы, досыць доўга вырашала, падпісваць ці не. Гэта адказны крок, усе падпісанты цудоўна разумеюць, якія могуць быць наступствы. Хоць і абсурд, што ў ХХІ стагодзьдзі ў цэнтры Эўропы чалавек ня можа выказаць сваю думку. Зрэшты, мы да ўсяго гатовыя — ад звальненьня да выключэньня са зборнай. Няважна.

Пасьля перамогі ў фінальным забегу на 800 мэтраў у Пэкіне, 2015 год

Абсалютная крывадушнасьць жыць у краіне, праслаўляць яе — як мы, спартоўцы, — і нічога не зрабіць для перамен. Нават тэлевізійнікі паспрабавалі, хоць не зусім атрымалася. Выйшлі рабочыя на заводах, агучылі свае патрабаваньні. Сацыяльныя сеткі перапоўненыя абурэньнем, болем за пацярпелых. А мы як староньнія назіральнікі. Вайсковец баіцца, што аддадуць пад трыбунал. Спартовец трасецца, што пакінуць без фінансаваньня. Ніякая праца ня вартая маўчаньня. Гэта самападман, хлусіш толькі сабе. Унутры бурліць, кіпіць і супраціўляецца, а ня можаш сказаць — хіба дома на кухні. Годзе!

«Цынічна адмахваюцца: не было жорсткасьці, не катавалі, не абмяжоўвалі свабоды»

— Сьпіс хоць і вялікі, але многія вядомыя спартоўцы ўсё ж там адсутнічаюць. Гэта пацьверджаньне таго, што ня ўсе гатовыя ахвяраваць мінімальным камфортам ды бюджэтнай падтрымкай?

— Сьпіс спачатку трымаўся на вядомых прозьвішчах — гэта людзі, якія прынялі рашэньне, пасьля якога адступленьня быць ня можа. Пасьля пачаў пашырацца. Мы з калегамі абмеркавалі, я паставіла ў вядомасьць сям’ю. Мяне падтрымалі. Да ўсяго гатовыя, хоць спадзяюся, што ўсё будзе добра.

Глябальна наўрад ці на што можам паўплываць. Аднак цяпер такі час — складаны і адначасова цікавы. Людзі сябе праяўляюць па-рознаму. Бачым выказваньні хакейных трэнэраў, адміністратараў клюбаў, дэпутатаў, якія раней былі ў спорце. Некаторыя атлеты, імёны якіх на слыху, зьдзіўляюцца: ну што яшчэ не падабаецца, дзяржава ўсё для вас робіць? Мне здаецца, гэта дзьве несупастаўныя рэчы. Як можна казаць «што вам не падабаецца, калі арганізуюць зборы і даюць заробак» і адначасова рабіць выгляд, што не было жорсткасьці, што не зьбівалі людзей, што не абмяжоўвалі нашых свабод. Нельга сядзець і адмоўчвацца, баючыся за свой кашалёк.

— Ці сапраўды спартоўцы купаюцца ў дзяржаўных грашах? Здаецца, ёсьць пэўны перагіб: чым больш убухваюць, тым менш аддачы. У гэтым выпадку гаворка пра любімую цацку Лукашэнкі — хакей.

— Хакей — гэта асобная гісторыя. Узяць тую ж лёгкую атлетыку. Кожны вядомы спартовец зрабіў сябе дзякуючы найперш асабістым здольнасьцям. Дзяржаўная падтрымка, безумоўна, ёсьць, але гэта адна са стратэгічных ліній любой краіны — разьвіваць спорт, каб людзі дасягалі лепшых вынікаў. Лічу, што найперш я сама выйшла на такі ўзровень, бо шмат трэнуюся, удасканальваюся, выступаю на найвышэйшым узроўні.

Можна мець фінансаваньне і нічога не паказваць. Таму прыпісваць заслугі толькі дзяржаве няправільна. Калі чалавек першы ў сьвеце, ён варты таго, каб атрымаць узнагароджаньне. Тут нічога ганебнага. Толькі падазраём, колькі зарабляюць хакеісты. Але сёньня яны схаваліся, адмоўчваюцца. Вы жывяце за кошт людзей, грамадзян краіны, і ня можаце іх падтрымаць? Можа, і цяжка было, але я з кожным днём усё больш пераконваюся ў правільнасьці сваёй пазыцыі — прынамсі сама сябе не падманваю.

«Эфэкт прапаганды: толькі да таго часу, пакуль бяда не закране асабіста»

— Сэнсацыяй стала заява старшыні лёгкаатлетычнай фэдэрацыі Вадзіма Дзевятоўскага, які фактычна адцураўся Аляксандра Лукашэнкі. Выглядае, што пакуль гвалт, беззаконьне не закране асабіста ці блізкіх, так і будуць жыць ва ўласнай «бурбалцы»?

— Нам невядома, што адбываецца на самой справе. Вадзіма Анатолевіча я паважаю як чалавека і аўтарытэт у спорце. Нягледзячы на тое, што мая пазыцыя пайшла насуперак ягонай, ён зрабіў асабісты выбар. Я жадаю яму ў першую чаргу здароўя. Кожны можа перагледзець свае погляды, у кожнага чалавека свой шлях.

Ня буду таіць: заўсёды лічыла сябе апалітычнай. Добра пачувалася і таксама была за прэзыдэнта. Аднак падзеі апошняга месяца паказалі жорсткасьць і несправядлівасьць сыстэмы. Я пра тое, што пачало тварыцца яшчэ перад выбарамі, калі АМАП разганяў пікеты, чэргі да ЦВК і ў крамы. Нармальныя людзі пачалі абурацца: у «стабільнай дзяржаве», дзе лідэр апэлюе да «ўсенароднай падтрымкі», так сябе не паводзяць. Мы становімся сьведкамі страшных падзеяў. І гэта пункт кіпеньня. Я не заглыблялася ні ў палітыку, ні ў эканамічны стан. Але ўлада прымусіла нас стаць «палітолягамі»: людзі чытаюць, сочаць і пачынаюць усё разумець.

— Многія вашы калегі далучыліся да шматтысячных маршаў прыхільнікаў пераменаў. Вы пакуль устрымліваецеся?

— Шчыра кажу, у сумненьнях. Вельмі страшна, што здарыцца нядобрае. Мы ж бачым, якая агрэсіўная рэакцыя сілавікоў. Каб хаця не пачалі зноў пакаваць у аўтазакі, калечыць. Не хачу думаць пра самае горшае. Мы жывём за горадам і стараемся выбірацца ў Менск толькі ў выпадку крайняй патрэбы.

Дарэчы, усё, што адбывалася ў першы дні, ва ўсім жаху адкрылася пазьней. Інтэрнэт заблякавалі, штосьці вылоўлівалі з навін Euronews. Нават ня верылася, што гэта пра Беларусь. А потым сталі зразумелыя маштабы гвалту. Вядома, страшна. Ненармальная сытуацыя, калі ў горадзе да абеду стараесься парабіць усе справы, каб не апынуцца там увечары. Як так можна застрашыць людзей? Запэўніваюць, што АМАП ужо не «палюе». Але колькі сьведчаньняў, што працягваюць хапаць нават у спальных раёнах. Ня ўсё фаташоп і фэйкі, у чым нас спрабуюць пераканаць.

«Ужо папярэджваюць: прыбярыце свае подпісы — і вам за гэта нічога ня будзе»

— Як думаеце, на якім узроўні цяпер давер да сілавікоў? Бо Лукашэнка іх выключна абараняе, ягоныя прыхільнікі таксама лічаць, што парушальнікі спакою атрымалі па заслугах...

— Мне, як і тысячам ці нават ужо мільёнам, цяжка ўцяміць, але, мабыць, сапраўды існуюць тыя, хто пакуль яшчэ верыць і прэзыдэнту, і міліцыі, і арміі. Хочуць, каб усіх нязгодных пакаралі, задушылі. Хто сьвядома глядзіць афіцыйныя тэлеканалы, напэўна, думаюць менавіта так. Гэта найбольш маргінальная і агрэсіўная частка грамадзтва.

Яны наагул гатовыя замяніць нас кім заўгодна — як апальных беларускіх тэлевядоўцаў памянялі на расейцаў. Абы каб не перашкаджалі жыць у іхнай «стабільнасьці»... Зрэшты, будзем праблемы вырашаць па меры паступленьня. Іначай можна сябе накруціць да такой ступені, што зусім спаць па начах перастанеш.

— Марына, не прыходзіцца сумнявацца, што на падпісантаў у той ці іншай ступені будуць ціснуць: кагосьці папросяць «па-добраму» адмовіцца ад патрабаваньняў, на некага пачнуць зьбіраць кампрамат. Як плянуеце рэагаваць?

— Да мяне ніхто не зьвяртаўся, але ёсьць выпадкі, калі папярэджваюць: прыбярыце подпісы — і вам за гэта нічога ня будзе. Калі ад слоў пяройдуць да пагрозаў, мы таксама пакідаем за сабой права надаць гэтаму сусьветную агалоску. Будзем зьвяртацца ў Міжнародны алімпійскі камітэт, інфармаваць, як паводзяць сябе спартовыя функцыянэры.

У выпадку неабходнасьці пойдуць паведамленьні ў міжнародныя фэдэрацыі па відах спорту, звароты да замежных спартоўцаў, каб тыя падтрымалі хвалю салідарнасьці... Хочацца верыць, што сярод нашых начальнікаў адэкватныя людзі, якія думаюць і разумеюць. І наш міністар пагарачыцца, але ня будзе нечага сур’ёзнага. Прынамсі ёсьць спадзяваньні, што зможам працаваць разам. Нельга звальняць толькі за пазыцыю.

І ўсё ж закончыць хачу на пазытыўнай ноце. Наша краіна цудоўная, і я хачу жыць тут. У нас ёсьць шмат добрага, што мы цэнім і павінны берагчы. Лукашэнка многа зрабіў для краіны і народа. Але надышоў момант, калі людзі ня могуць дараваць фатальных памылак. Час падумаць ня толькі пра сябе. Беларусы салідарныя, аб’ядналіся і дапамагаюць адзін аднаму. Будзем верыць, што ўсё вырашыцца мірным шляхам, а Беларусь справіцца з цяжкасьцямі, эканоміка ўздымецца і ўсе мы будзем жыць значна лепш.


Марына Арзамасава нарадзілася ў 1987 годзе ў Менску. Яна прадаўжальніца спартовай дынастыі. Яе тата Аляксандар Катовіч займаўся скачкамі ў вышыню. Мама Равіля Аглетдзінава — лёгкаатлетка, чэмпіёнка Эўропы і СССР у бегу на сярэднія дыстанцыі. Яе ня стала, калі Марына была яшчэ малая.Дачка дасягненьні ня толькі паўтарыла, а і палепшыла. На чэмпіянаце Эўропы-2013 у закрытых памяшканьнях здабыла бронзавую ўзнагароду ў бегу на 800 мэтраў. На аналягічным форуме ў 2014-м стала чэмпіёнкай Эўропы. А яшчэ праз год прынесла Беларусі першае золата на чэмпіянаце сьвету ў лёгкай атлетыцы на сваёй кароннай 800-мэтровай дыстанцыі.

Майстар спорту міжнароднай клясы. Скончыла юрыдычны факультэт БДУ. Капітан Узброеных сілаў Рэспублікі Беларусь.

Марына замужам за лёгкаатлетам Ільлём Арзамасавым, яны гадуюць дзьвюх дачок — 10-гадовую Аляксандру і 2-гадовую Настасьсю.

Report Page