Аб супрацьстаянні пагрозам, звязаным з магчымым размяшчэннем расійскай ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі

Аб супрацьстаянні пагрозам, звязаным з магчымым размяшчэннем расійскай ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі

Заява Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі

a) У сувязі з заявай прэзідэнта Расійскай Федэрацыі У. Пуціна аб размяшчэнні ў Беларусі тактычнай ядзернай зброі,

b) нагадваючы аб незаконнасці ўтрымання Аляксандрам Лукашэнкам улады пасля яго пройгрышу на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года,

c) прымаючы да ўвагі агрэсію Расійскай Федэрацыі і рэжыму Лукашэнкі супраць Украіны, якая працягваецца,

d) пацвярджаючы імкненне беларускага народа да бяз'ядзернага статусу Беларусі, выяўленае ў Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Рэспублікі Беларусь ад 27 ліпеня 1990 года, Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь ад 15 сакавіка 1994 года і Мемарандуме аб гарантыях бяспекі ад 5 снежня 1994 года (Будапешцкі мемарандум) у сувязі з далучэннем Беларусі да Дагавора аб нераспаўсюджанні ядзернай зброі ад 1 ліпеня 1968 года (ДНЯЗ),

e) улічваючы абавязацельствы Рэспублікі Беларусь па ДНЯЗ, уключаючы тыя з іх, якія згаданыя ў Будапешцкім мемарандуме, - вывесці ўсю ядзерную зброю са сваёй тэрыторыі, а таксама вынікаючыя з іх абавязацельствы Вялікабрытаніі, Расійскай Федэрацыі і Злучаных Штатаў Амерыкі ў рамках Будапешцкага мемарандума,

f) улічваючы катастрафічныя рызыкі для міжнароднага міру і бяспекі, якія нясе ў сабе існаванне ядзернай зброі,

g) зыходзячы з імкнення сусветнай супольнасці да поўнай забароны ядзернай зброі, выказанага ў Дагаворы аб забароне ядзернай зброі ад 20 верасня 2017 года;

h) пацвярджаючы раней узятыя Рэспублікай Беларусь міжнародныя абавязацельствы аб нераспаўсюджанні ядзернай зброі,

i) нагадваючы аб катастрафічных наступствах для Беларусі аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі ў 1986 годзе,

j) пацвярджаючы раней заяўленае патрабаванне Аб'яднанага Пераходнага Кабінета да Расійскай Федэрацыі аб неадкладным і поўным вывадзе ўсіх яе войскаў і ваенных аб'ектаў з тэрыторыі Беларусі,


Аб'яднаны Пераходны Кабінет Беларусі:

Заяўляе аб недапушчальнасці размяшчэння ядзернай зброі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

Дэкларуе, што размяшчэнне Расійскай Федэрацыяй ядзернай зброі ў Беларусі будзе з'яўляцца абуральным актам парушэння суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, які стварае сур'ёзную пагрозу незалежнасці Рэспублікі Беларусь і падрывае міжнародны мір і бяспеку.

Патрабуе ад Расійскай Федэрацыі адмовіцца ад планаў па размяшчэнні ядзернай зброі ў Беларусі і вывесці ўсе войскі і вайсковыя аб'екты з тэрыторыі Беларусі.

Заклікае міжнародную супольнасць, уключаючы Еўрапейскі саюз, Злучаныя Штаты Амерыкі, Вялікабрытанію, Канаду, Японію, іншыя дзяржавы і міжнародныя арганізацыі, у мандат якіх уваходзіць падтрыманне міжнароднага міру і бяспекі, кантроль па выкананні абавязацельстваў па нераспаўсюджванні ядзернай зброі, прыняць неадкладныя меры прэвентыўнага характару па недапушчэнні размяшчэння ў Беларусі расійскай ядзернай зброі насуперак волі беларускага народа, уключаючы неадкладныя і шырокія меры санкцыйнага характару супраць рэжымаў Пуціна і Лукашэнкі.

Заклікае Генеральнага Сакратара ААН прыняць меры па прававой ацэнцы размяшчэння ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі і выкарыстання Расійскай Федэрацыяй тэрыторыі Беларусі для вядзення вайны супраць Украіны ва ўмовах незаконнага ўтрымання ўлады рэжымам Лукашэнкі.

Заклікае Міжнароднае агенцтва па атамнай энергіі зрабіць неабходныя крокі з мэтай праверкі выканання Рэспублікай Беларусь абавязацельстваў па Дагаворы аб нераспаўсюджанні ядзернай зброі ад 1 ліпеня 1968 года.

У сувязі з тым, што размяшчэнне ядзернай зброі Расійскай Федэрацыі на тэрыторыі Беларусі стварае пагрозу перш за ўсё для суседніх з Беларуссю краін, звяртаецца да ўрадаў Рэспублікі Польшча, Літоўскай Рэспублікі, Латвійскай Рэспублікі, Украіны і Эстонскай Рэспублікі з прапановай сумесна выпрацаваць адзіную пазіцыю і план дзеянняў па недапушчэнні размяшчэння ядзернай зброі ў Беларусі.



Report Page