A Plague Tale: Requiem
MARA Games - Відэагульні
Гульня пра сярэднявечча і чуму? - Так!
Гульня пра сярэднявечча, чуму ды з элементамі фэнтэзі? - Дайце две!
Больш за тры гады давялося чакаць працяг A Plague Tale: Innocence, якая ў маім асабістым рэйтынгу адна з найлепшых гульняў 2019 года. У вытворчасці сіквела перад стваральнікамі з французскай студыі Asobo стаяла няпростая задача, бо першая частка паставіла вельмі высокую планку. Ці ўдалося ім падняць пацучыны апакаліпсіс на новы ўзровень, ці яны проста засяродзіліся на гісторыі, якую пачалі раней?
A Plague Tale: Requiem - гэта працяг папярэдняй часткі Innocence ад французкай студыі Asobo Studio, і каб зразумець, што адбываецца на самым пачатку гульні, трэба пагуляць ў першую частку, ці хацяб ведаць яе сюжэт.
Каб не спойлерыць сюжэт, нагадаю самы пачатак.
1349 год, Францыя, правінцыя Гіень, часы позняга сярэднявечча і інквізіцыі. На самым пачатку нам паказваюць дваранскую сям'ю, якая складаецца з Аміцыі дэ Рун - старэйшай дачкі і галоўнага персанажа, за яе мы і будзем гуляць амаль увесь час, Гуга - яе малодшага брата і іх бацькоў. 15-ці гадовая дзяўчына з самага дзяцінства навучалася мастацтву палявання, і як вынік - умела валодае прашчай, асноўнай зброяй у гульні. Яе малодшы брат хварэе на невядомую хваробу, накшталт чумы - Макулай. Якая паступова развіваецца ў ягоным целе, а маці пры дапамозе алхіміі, усяляк намагаецца яе стрымаць. З-за гэтага хлопчык увесь час ізаляваны ад сваякоў і бачыць заўсёды толькі сваю маці, з-за чаго ён дастаткова аддалены ад сваёй сястры, што згуляе на іх узаемаадносінах у будучыні. Аднаго дня да дому сям'і Дэ Рун наведваецца інквізіцыя, якая даведалася пра хваробу хлапчука і ўбачыла ў гэтым магчымасць знайсці лекі ад чумы, на якую хварэе Старэйшы інквізітар і галоўны антаганіст. Святая інквізіцыя хоча забраць Гуга, але сям'я натуральна супраць. Таму ваяры інквізіцыі вырашаюць узяць сваё сілай і пачынаецца жорсткая бойня. Воляю лёсу Аміцыя і Гуга апынаюцца разам і збягаюць з маёнтка, трымаючы шлях у Аквітанію. Такім чынам пачынаюцца іх прыгоды.

Падзеі Requiem адбываюцца праз паўгыды пасля падзей Innocence. У другой частцы прыгоды Аміцыі і яе малодшага брата пачынаюцца з таго, што яны ўцякаюць на поўдзень Францыі і дасягаюць Праванса. На залітых сонцам вуліцах горада пануе ціхамірнасць і мерны лад жыцця. Людзі забаўляюцца, павольна шпацыруюць; у цэнтры раскінуўся кірмаш, праходзяць розныя конкурсы і паказы з танцамі. Здаецца, вось тое месца, дзе нашыя героі здабудуць спакой і пачнуць сваё мірнае існаванне! Але лёс прыгатаваў ім чарговае суровае выпрабаванне. Хвароба Гуга зноў дае аб сабе знаць у самы не падыходны момант. Маці адпраўляе Аміцыю на пошукі Водэна - магістра “Ордэна”, які з даўніх часоў вывучае чуму, у надзеі, што той дапаможа хлопчыку зладзіцца з хваробай. Але спробы Беатрыс і Вордэна дапамагчы Гуга толькі пагаршаюць ягоны стан і ўскраіны горада паступова пачынаюць запаланяць полчышчы пацукоў. Бачачы, што сітуацыя ў Правансе пагаршаецца, Водэн арганізуе адплыццё групы на лодцы ў штаб-кватэру «Ордэну» у Марсэлі, але горад раптоўна падвяргаецца нападу вялізнага рою пацукоў, які пакідае ўвесь горад у руінах. У гэтым хаосе Вордэн гіне, а сям'і дэ Рун і Луку ледзь удаецца выратавацца. Са слоў маці, Аміцыя разумее, што "Ордэн" зноў хоча замкнуць Гуга ў якасці паддоследнага, і вырашае развітацца з маці і яе вучнем. Замест гэтага яна хоча знайсці выспу, якую Гуга ўвесь час бачыць у сне, спадзяваючыся, што там знойдзецца сродак, які вылечыць яе брата ад Макулы.
У гэтай захапляльнай і поўная небяспек прыгодзе, дзеці дэ Рун сустрэнуць наймітаў-рэнэгатаў, сапраўдных піратаў і нават паслядоўнікаў паганскага культу. На працягу ўсёй гульні гісторыя трымае гульца ў напружанні і не дае засумаваць.
“Requiem мае іншую каляровую гаму ў параўнанні са сваёй папярэдніцай. У выніку сэтынг гульні быў перанесены са змрочнай, спустошанай вайной Аквітаніі ў Праванс, які з'яўляецца больш маляўнічым і яскравым. Па словах вядучага сцэнарыста Себасцьена Рэнара, гэта дазволіла стварыць «больш рэзкі кантраст паміж суровай рэальнасцю сярэднявечнага сетынга, у якім адбываюцца жудасныя падзеі, і прыгожым, часам маладаследаваным наваколлем”.

Дзякуючы тэхналогіі фотаграмметрыі карцінка сапраўды атрымалася выбітнай. Гэта насамрэч цудоўная мастацкая праца! Неабсяжныя пейзажы з лавандавымі палямі, берагамі Рыўеры і горнымі ланцугамі Альпаў змяняюць змрочныя панарамы начнога горада з полчышчамі пацукоў. Гульня атрымалася вельмі дынамічнай і рознай. Бясконцыя палі, вуліцы горада, руіны замкаў, пячоры (прывітанне Tomb Raider!), марскія прасторы: з пункту гледжання візуалу гульня насамрэч захапляе!
Прагулачныя сцэны гульні выглядаюць значна больш маляўнічымі і дэталёвымі, чым баявыя, што адразу кідаецца ў вочы. Адчуваецца флёр першай часткі The Last Of Us. Ці можна сцвярджаць, што A Plague Tale: Requiem натхнёная гульнямі ад Naughty dog, дзе сюжэтна атмасферная частка пераважае над гульнявой? Безумоўна!
Аміцыя, хоць крыху і пасталела з моманту падзей арыгінала і ўжо не памірае з аднаго дотыку, але ўсё роўна засталася дзяўчынкай, якая не ў стане здолець ворагаў у адкрытай канфрантацыі. У яе ўсё гэтак жа ў арсенале ёсць прашча, гліняныя гаршкі і алхімічныя субстанцыі, камбінацыяй якіх можна з лёгкасцю разабрацца нават з наймацнейшымі ворагамі. Усім гэтым арсеналам мы можам падпальваць агонь, узмацняць яго ці наадварот тушыць. Асноўнае адрозненне ад першай часткі - з'яўленне арбалета, апгрэйд якога да трэцяга ўзроўню, можна лічыць імбавым. У гэтым выпадку малая колькасць нітаў у наяўнасці кампенсуецца тым, што іх можна падбіраць з ужо забітых ворагаў.
Як я ўжо згадваў раней, у гульне ёсць стэлс і ён крыху марудлівы. Насамрэч усю гульню можна прайсці з мінімальнай колькасцю забітых сапернікаў і, мяркуючы па ўсім, менавіта такі стыль праходжання задумваўся стваральнікамі як асноўны. У адваротным выпадку, ідучы напралом і забіваючы ўсіх ворагаў, якія трапляюцца на шляху, адчуваецца луданаратыўны дысананс. Асабліва, калі пасля кожнага забойства Аміцыі ўсклікае, што гэта было неабходна і шкадуе аб зробленым. Тым часам нашыя паплечнікі не ўпусцяць магчымасці нагадаць, што "мы тут не дзеля помсты" і просяць дзяўчынку спыніць забойства. У той самы час, практычна на самым пачатку гульні, ёсць сцэна, дзе Аміцыя ўпадае ў лютасць і пачынае знішчаць натоўпы жаўнераў, якія лезуць з усіх бакоў, прыгаворваючы, што знішчыць іх усіх да астатняга.
Неад'емнай часткай сіквэла, таксама як і арыгінала, з'яўляюцца пацукі. З надыходам цемры лакацыі імі проста кішаць. Іх тут стала заўважана болей. Распрацоўшчыкі называюць лічбу ў 300 тысяч асобін супраць 5 тысяч у першай частцы. Цяпер яны могуць руйнаваць будынкі і вывальвацца патокамі на вуліцы, знішчаючы ўсё на сваім шляху. Такія сцэны выглядаюць эпічна і проста заварожваюць.
Яшчэ адна асаблівасць, якую Requiem атрымала ў спадчыну ад першай часткі - галаваломкі. Яны даволі простыя і некаторыя з іх вырашаюцца банальным пераборам. З аднаго боку гэта спрыяе таму, каб не затрымлівацца на адным месцы і раўнамерна рухаецца па сюжэце. Са з'яўленнем арбалета, з'явілася новая механіка - калі трэба стрэліць вяроўкай у прадмет і падцягнуць яго (яшчэ раз прывітанне Tomb Raider!). Нягледзячы на тое, што ў параўнанні з Innocence з'явіліся новыя механізмы, галаваломкі на працягу ўсёй гульні застаюцца аднатыпнымі і ўжо пасля першых разоў знікае эфект навізны, а пад канец яны банальна становяцца маруднымі.
Практычна на працягу ўсёй гульні нас суправаджаюць напарнікі. На самым пачатку гэта маці герояў і яе вучань-алхімік Лука, іх мы ведаем з першай часткі. Але далей з'яўляюцца новыя - салдат, які пераследаваў нашых герояў, а пасля перайшоў на іх бок і піратка. Гісторыі новых напарнікаў раскрыты недастаткова добра, калі не сказаць дрэнна. Распрацоўшчыкі даюць не вельмі выразныя тлумачэнні іх матывацыі дапамагаць нам. На мой погляд, раскрыць іх гісторыі можна было б падчас усё тых жа марудлівых сцэн з хадзьбой, балазе іх тут шмат.
Свет прыгожы і вялікі для лінейнай гульні, але напаўненне лакацый беднае. У самай вялікай лакацыі на выспе ёсць літаральна пару несюжэтных месцаў, дзе можна пабадзяцца і паразгадваць галаваломкі.

Аптымізацыя
A Plague Tale: Requiem стала значна патрабавальнай, чым Innocence.
Першую частку я праходзіў на максімальных наладах графікі ў 1080p на GTX 970. У гульні былі стабільныя 60 FPS. Прасадак і нейкіх крытычных багаў я не заўважыў.
Другую частку (рэлізная версія) у 1440p я праходзіў на высокіх наладах графікі з DLSS усталяваным на "якасць" на RTX 3060 mobile. Амаль увесь час FPS быў стабільны - 60 кадраў, але з прасадкамі ў сцэнах з вялікай колькасцю агню, ажно да 20 кадраў. Што сапраўды давала дыскамфорту, дык гэта тое, што можна захраснуць у тэкстурах у самы непрыдатны момант. Асабліва злавала гэта ў сцэнах з бітвамі, якія даводзілася праходзіць нанова. Тут усё ж варта ўлічваць, што на момант выхаду Requiem, з рэлізу першай прайшло больш за тры гады. Лакацыі ў другой частцы зрабіліся больш маштабнымі, ізноў жа - стала больш пацукоў 300 тысяч супраць 5. Дарэчы, я не заўважыў, каб іх колькасць неяк уплывала на прадукцыйнасць. Але што, казаць, калі на момант выхаду гульні на прасадку FPS скардзіліся нават уладальнікі RTX 3090 і RTX 4090.

Высновы
Асабіста мяне ў гульне крыху засмуціла тое, што з героямі не адбылося амаль ніякага росту з моманту падзей першай часткі. Так, яны з незнаёмых адзін аднаму людзей ператварыліся ў самых блізкіх асоб і паміж імі з'явілася моцная сувязь. У Гуга яна стала нават мацнейшай, чым з маці. Здавалася б, што пасля ўсіх тых выпрабаванняў, якія ім давялося прайсці ў першай частцы, у другой яны павінны былі б хоць крыху ўзмужнець. Гэта магло б хоць неяк адбіцца, напрыклад, на баявой сістэме, але гэтага, на жаль, не адбылося. Яшчэ адзін момант, які крыху раздражняе - ныццё Гуга, з гэтым тут, на мой погляд, - перабор. Асабіста я апраўдваю гэта тым, што ён усё ж такі маленькае пяцігадовае дзіця, на лёс якога выпала нямала складаных выпрабаванняў: страшная хвароба, страта роднай хаты і інквізіцыя, якая гналася за ім па пятах у Innocence. Адзінае, што дапамагае яму не маркоціцца і рухацца далей - гэта сон, у якім ён знаходзіць крыніцу вылячэння сваёй жудаснай хваробы.
У чым прынцыповая розніца паміж першай і другой часткай? На мой погляд - гэта канцэпцыя. У Innocence - гэта было супрацьстаянне, дзе Аміцыя і Гуга змагаліся з ворагамі і дзе быў цікавы галоўны антаганіст. У другой частцы галоўны ліхадзей хутчэй намінальны, а фінал крыху зацягнуты і нецікавы з пункту гледжання гульнявога працэсу, але і канцэпцыя другой часткі ўжо зусім іншая. Requiem - гульня пра падарожжа, пра шлях герояў (і зноў The Last Of US!). Нават самы мацёры гулец, калі ён дастаткова пільна сачыў за ўзаемаадносінамі Аміцыі і Гуга і прасякнуўся імі, у фінале пусціць слязу.

Не гледзячы на ўсе пералічаныя недахопы, A Plague Tale: Requiem атрымалася прынамсі нядрэннай і цалкам упісваецца ў жанр. Дынамічны і драматычны сюжэт, які падтрымлівае інтрыгу да самага канца, візуал і саўндтрэк - гэта яе моцныя бакі, якія і ствараюць атмасферу гульні. Праект заслугоўвае ўвагі, асабліва супольнасці ПК-геймераў. Гэта выдатная гульня, якую можна і нават трэба прайсці напярэдадні выхаду першай часткі The Last of US на ПК.
Так, магчыма кошт гульні крыху завышаны, але на мой погляд гэта справядлівая цана за тое, каб такія праекты выходзілі ў свет.