Аўтуховіч і Гундар былі ў наручніках. Што вядома пра апошняе паседжанне ў "справе Аўтуховіча"

Аўтуховіч і Гундар былі ў наручніках. Што вядома пра апошняе паседжанне ў "справе Аўтуховіча"


Блізкі сябар аднаго з асуджаных у справе Аўтуховіча расказаў "Плыту", спасылаючыся на сваякоў падсудных, як прайшло апошяне паседжанне ў гарадзенскай турме і як падсудныя ўспрынялі агучаныя выракі.

"Па словах сваякоў, якія прысутнічалі на абвяшчэнні выракаў, ім адразу кінулася ў вочы, што Мікалай Аўтуховіч і Уладзімір Гундар былі ў кайданках, хоць у судовую залу іх заводзілі не закутымі. Гундар, калі ў залу заходзілі слухачы, крыкнуў, што гэткім чынам з іх проста здзекуюцца і хочуць прынізіць.

Перад пачаткам паседжання, калі яшчэ не прыйшоў суддзя, Уладзімір Гундар запеў песню з кінафільму "Беларускі вакзал", але замест фразы «дэсантны батальён» пяяў «ліцвінскі батальён». Падчас абвяшчэння прысуду Гундару дазволілі не ўставаць, бо з рукамі, заведзенымі за спіну і ў кайданках, ён не змог бы стаяць на адной назе", - расказаў наш суразмоўца.

Прысутныя ў той дзень ў судовай зале распавялі яму, што падсудным мужчынам не дазволілі надзець кепкі і ўсіх прымусілі зняць нацельныя крыжыкі, а ў Галіны Дзербыш дасталі заколку з валасоў. 

«Сваякі расказвалі, што ўсе падсудныя былі вельмі спакойныя, трымаліся малайцамі. З пачуццём годнасці і высока паднятымі галовамі. Эмацыйна ўспрымала словы суддзі толькі Любоў Разановіч, асабліва калі агучвалі прысуд сыну, якому далі 19 гадоў. Яна шчыра і гучна абуралася, як можна выносіць такія прысуды людзям, вінаватасць якіх не даказаная. Усе астатнія проста спакойна слухалі», - кажа блізкі сябар аднаго з асуджаных.

"На судзе, як мне расказалі, усіх размясцілі так сама, як падчас ранейшых паседжанняў. Мікалай Аўтуховіч і Павел Разановіч  знаходзіліся ў асобных "стаканах"-клетках. У адной агульнай - Уладзімір Гундар, Любоў Разановіч, Галіна Дзербіш, Вольга Маёрава, Павел Сава. У другой агульнай - астатнія. Прысутным на паседжанні падалося, што Мікола Аўтуховіч выглядаў не вельмі добра. Магчыма, яму было блага. Ён стаяў з закутымі рукамі і не паварочваўся тварам да людзей, глядзеў ці на сцяну, ці ў падлогу. Ці скончыў ён галадоўку, якую трымаў, ніхто не ведае", - пераказвае нашая крыніца.

Як распавялі мужчыне сваякі асуджаных, адразу пасля таго, як былі агучаныя выракі, суддзя не даў сказаць падсудным ані слова. Запытаўся ў іх: "Все согласны с приговором?" И сам жа без усякай паўзы адказаў на пытанне: "Вижу, что все согласны". Пасля гэтага пакінуў судовую залу.

"Што гэта за прысуд такі? Спачатку я думаў, што гэта яны проста хочуць застрашыць нас, іх і тых, хто яшчэ на волі, але сёння мне прыйшла такая думка… Ну так, не маглі яны прысудзіць гэтых людзей да расстрэлу. Але ж хіба 18, 20, 25 гадоў - гэта не смяротны прысуд для людзей, большасць якіх пажылога веку? Калі адбываць гэтыя гады, то гэта - смерць.

Вось і ўсё. Я лічу, яны вось такім чынам прысудзілі іх да смерці. Цяпер адна надзея на тое, што гэты прысуд ім не ўдасца выканаць да канца. Упэўнены ў гэтым!" - мяркуе наш суразмоўца.



Report Page