85 гадоў з дня нараджэння Івана Мялешкі
Віталь Аніська7 красавіка спаўняецца 85 гадоў з дня нараджэння першага слонімскага майстра спорту па шашках Івана Мікалаевіча Мялешкі.
Нарадзіўся Іван Мялешка ў Слоніме. Пасля заканчэння школы паступіў у медвучылішча. Падчас вучобы ў ім, у 1957 годзе, атрымаў першы разрад. Пасля ўладкаваўся ў санэпідэмстанцыю, дзе прарабіў усё жыццё.
Шмат разоў Іван Мікалаевіч станавіўся чэмпіёнам Гродзенскай вобласці, удзельнічаў у рэспубліканскіх спаборніцтвах, уключаўся у зборную Белсавета ДСТ “Ураджай” для ўдзелу ва ўсесаюзных першынствах.
У канцы 1967 года сланімчанін выканаў норму майстра спорту СССР. Гэта званне яму прысвоілі 27 лютага 1968 года. Іван Мялешка стаў першым майстарам па шашках не толькі Слоніма, а і ўсёй Гродзенскай вобласці.
Адным з першых турніраў пасля прысваення майстра стаў для Івана Мялешкі паўфінал чэмпіянату Беларусі па стаклетачных шашках 1968 года, які праходзіў у сакавіку ў Віцебску. Ён заняў 4-е месца, саступіўшы толькі тром мясцовым тытулаваным майстрам спорту. У Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь захоўваецца папка з матэрыяламі гэтага турніру.
Паглядзець усе 11 партый І.Мялешкі на гэтых спаборніцтвах у аплеце можна па спасылцы – https://belarus.fmjd.org/aurora/meleshko/
Слонімская раённая газета анансавала ўдзел Івана Мялешкі ў фінале чэмпіянату Беларусі, але ў ім ён па нейкіх прычынах не згуляў.
На працягу многіх гадоў Іван Мікалаевіч вёў гурткі па шашках. Падрыхтаваў трох кандыдатаў у майстры – Уладзіміра Якімовіча, Сяргея Рэбкаўца і свайго сына Сяргея, а таксама дзясяткі разраднікаў. Быў кандыдатам і яго брат Мікалай Мікалаевіч Мялешка.
Пайшоў з жыцця Іван Мялешка 22 сакавіка 2004 года. Шмат гадоў у Слоніме праводзіцца турнір па рускіх шашках, прысвечаны памяці братоў Мялешкаў і Мікалая Крата. Сімвалічна, што чарговы мемарыял пачнецца 7 красавіка, у дзень нараджэння Івана Мікалаевіча.