«200 чалавек у лісце чакання». Архітэктурная студыя яшчэ не дарабіла стылёвыя домікі на Браславах, а туды ўжо чарга — расказваем, што за ажыятаж

«200 чалавек у лісце чакання». Архітэктурная студыя яшчэ не дарабіла стылёвыя домікі на Браславах, а туды ўжо чарга — расказваем, што за ажыятаж

Праект "1906"

«Наша мэта — папулярызацыя прыроды Беларусі», — натхнёна кажа архітэктар і сузаснавальнік бюро Zrobim architects Андрусь Бездар. Яшчэ ў дзяцінстве ён закахаўся ў Браслаўскія азёры і вырашыў адкрыць іх прыгажосць іншым. Праўда, так, каб назіраць яе можна было са стылёвага, утульнага доміка. Так у кампаніі «Зробім» з’явіўся яшчэ адзін кірунак дзейнасці: з модульнымі дамамі ў райскіх куточках, дзе можна адпачыць ад гарадской мітусні.

Блог «1906» даведаўся, колькі будзе каштаваць такі адпачынак і калі яго можна будзе ацаніць.

Бюро Zrobim architects ужо больш за сем год займаецца модульнымі дамамі, але сёлета яны вырашылі не толькі рабіць іх на замову канкрэтым сем’ям, але і здаваць у арэнду. 

«Хацелася, каб людзі маглі пажыць у добрай архітэктуры, хай і некалькі дзён. Пры гэтым натхняючыся наваколлем Беларусі. Мне прыемна, што можна такім чынам развіваць унутраны турызм, каб мы яшчэ больш вандравалі па сваёй краіне», — кажа Андрусь Бездар.
Андрусь Бездар. Фота: інстаграм

У Беларусі існуе фармат кемпінгаў у прыгожых месцах, але цэльныя новыя, мабільныя дамы ў сучасным прачытанні, з уласнымі маленькімі саунамі ў турыстычных кропках да Zrobim architects ніхто не будаваў.

«Пры гэтым за мяжой такім фармат досыць распаўсюджаны. Мікрадамы будуюць у прыгожых месцах — у гарах, лесе ці на беразе возера, і яны набіраюць папулярнасць. Самы блізкі арыенцір — нямецкі праект Raus haus. У іх ёсць дамы, напрыклад, у яблыневым садзе», — расказвае Андрусь. 

Распачаць забудову вырашылі каля Браслаўскіх азёраў: Андрусь правёў там дзяцінства.

«У школьныя гады бацькі закідвалі мяне туды да дзядулі на тры месяцы, там я бавіў летні час. Я палюбіў гэты край, ён прыгожы, азёрны. Там прайшоў ляднік і пакінуў шмат звязаных паміж сабой азёраў на актыўным рэльефе. І для мяне Беларусь — гэта ў першую чаргу Браслаўскія азёры. Гэткае месца моцы». 

Архітэктар ведаў, што знайсці месца пад забудову на Браславах звычайна справа не з лёгкіх. Некаторыя губляюць на пошукі два-тры гады. Але Андрусю пашанцавала, і свой гектар ён набыў недзе праз 1,5 месяца пошукаў.

Усяго ў гэтай лакацыі плануецца паставіць восем домікаў. Яны не будуць стаяць адзін на адным, каб забяспечваць прыватнасць гасцей і каб не сапсаваць галоўную ідэю і звышмэту: дазволіць чалавеку правесці час у дыялогу з прыродай.

Фота: інстаграм @nomad_houses

Першыя два невялікія дамы на 16 м² з’явяцца ў сярэдзіне ліпеня. І ў ліст чакання, каб засяліцца туды, запісалася ўжо 200 чалавек (пры гэтым ніякай рэкламы пакуль не запускалася, першыя патэнцыйныя наведнікі прыйшлі з інстаграма архітэктара).

Фота: інстаграм @nomad_houses

«200 чалавек — гэта вельмі шмат для двух домікаў. У Браславе, у прынцыпе, арэндны сезон усяго 4-5 месяцаў. Ужо палову з іх вядзецца наша будаўніцтва. Два месяцы прыблізна застаецца — гэта 120 дзён для двух домікаў, а заявак ужо больш. Гэта сведчыць пра тое, што праект цікавы людзям, і што мы можам адчыняць іншыя домікі. Менавіта таму мы замовілі на вытворчасці новыя два. І далей за імі пойдуць іншыя, каб усім хапала месца для адпачынку.

Наступныя дамы, дарэчы, будуць большымі па плошчы: ужо 35 квадратных метраў, з двума пакоямі. Фармат не для шумных тусовак, хутчэй для людзей, якія сярод тыдня ці ў выходныя хочуць збегчы на Браслаўскія, пабыць ля возера, пакатацца на роварах, паплаваць на лодцы».

Што тычыцца цэн, то планаваная сума за суткі — каля 65 даляраў за домікі без лазні і 75 даляраў з ёй.

Фота: інстаграм @nomad_houses

На Браславах каманда «Зробім» спыняцца не збіраецца.

«Мы ўжо разглядаем месца ў Налібоцкай пушчы, каля эка-сцежкі. Там мы збіраемся крыху іншым спосабам ставіць дамы, бо тэрыторыя не прадугледжвае забудову, як у Браславе, яна выдаецца пад фермерскія надзелы. І ў прынцыпе мы плануем займацца гэтым бізнэсам разам з фермерам. Пакуль, акурат, вырашаем усе юрыдычныя пытанні наконт зямлі і ўзаемаадносін — нас і фермерскай гаспадаркі.

Я ў прынцыпе думаў, калі не буду моцна залежыць ад грошай, то мне б было і далей цікава будаваць у розных месцах Беларусі стылёвыя домікі. І пасля стварыць мапу з імі — каб людзі маглі вандраваць з доміка ў домік, натхняючыся рознымі месцамі нашай краіны», — дзеліцца марамі Андрусь.


Report Page