1937 – 2020. «Вечныя вершы»

1937 – 2020. «Вечныя вершы»

Арт Сядзіба

83 гады таму, у ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года, у сутарэннях мінскай унутранай турмы НКВД «амерыканкі» былі расстраляныя больш за 100 прадстаўнікоў інтэлектуальнай эліты БССР: літаратары, дзяржаўныя дзеячы і навукоўцы. 

«Арт Сядзіба» і KROK FILMS стварылі відэа-праект «Вечныя вершы», у якім нагадваюць пра падзею, што засталася крывавай плямай у гісторыі Беларусі. Свае новы вершы ды вершы трох рэпрэсаваных паэтаў – Алеся Дудара, Зямы Піваварава, Тодара Кляшторнага чытаюць Ганна Севярынец, Віталь Рыжкоў, Уладзь Лянкевіч.

Глядзі на ютуб-канале YOUBEL TV.


Сучасная беларуская пісьменніца, выкладчыца і журналістка Ганна Севярынец чытае свой новы верш.

«Апошняй кропляй да напісання верша сталі кадры з разгону нядзельнага марша: чалавек у белай кашулі, заліты крывёй. Я тады на марш не пайшла, бо хварэў сын, і сачыла праз тэлеграм, таму гэта было асабліва балюча. Ды выплеснула ўнутраную напругу ў верш», – кажа пра свой твор Ганна Севярынец.

Наколькі падзеі 2020 года ў Беларусі перасякаюцца з падзеямі 1937 года?

Алесь Дудар«калючы, але пры гэтым нязмушаны, вясёлы чалавек, якога немагчыма было прынізіць».

Алесь – адлічаны за творчасць студэнт БДУ, якога пасля расстралялі за вершы – так можна коратка апісаць яго жыццё. Усяго напрацягу чатырох гадоў ён выдаў пяць зборнікаў вершаў і дзве паэмы, пераклаў на беларускую мову сусветнавядомыя творы: «Анегіна», «Фаўста», «Жаніцьбу Фігара» і шмат яшчэ. 


Сучасны беларускі паэт, перакладчык і музыка Віталь Рыжкоў чытае свой новы верш «Непагадзь».

«Я думаю, што ўмоўны «той бок» успрымае нас, пратэстоўцаў, як недарэчныя і звяглівыя ападкі, да якіх ніяк не могуць падрыхтавацца камунальныя службы, і таму «чорныя камунальнікі» змагаюцца з намі – то спрабуюць адмаўляць факт нашага існавання, то намагаюцца зменшыць «маштаб трагедыі», хочуць схаваць нас, загнаць пад асфальт, у адводныя каналы, знішчыць як такіх. А гэта акурат тое, што нагадвае не толькі «вялікі тэрор», але і час да яго, і час пасля яго. Проста напрыканцы 30-х быў пік», – кажа пра свой твор Віталь Рыжкоў.

Зяма Півавараў«качагар, які стаў паэтам, за што і страціў жыццё».

Зяма – для яго творчасць пачалася з БДПУ (тады гэта быў Вышэйшы педагагічны інстытут). У дваццаць чатыры гады ён скончыў універсітэт, працаваў у «Чырвонай змене», друкаваўся ў ленінградскіх часопісах і альманахах, аўтар зборніка вершаў «Лірыка двух нараджэнняў», быў вядомым тэатральным і кінакрытыкам.


Сучасны беларускі паэт, перакладчык і музыка Уладзь Лянкевіч чытае свой новы верш «Непрыгожа».

«Гэты верш я пісаў яшчэ два гады таму, і сам здзівіўся, наколькі ён набыў актуальнасць сёння. Мы і дагэтуль жылі ў міліцэйскай дзяржаве, якая паўсюль суне свой нос, спрабуючы нават на эстэтычным узроўні знішчыць усё прыгожае і замяніць сваёй навязлівай брыдкасцю. 

Разам з тым, 2020 год – гэта адкрыццё, бо людзі раскрываюцца, разнявольваюцца, дазваляюць сабе паказаць, на што яны здольныя ў добрым стваральным сэнсе. 

І я веру, што падзеі 2020 года не адпавядаюць 1937, бо ўсё скончыцца іначай. Мы пераадолеем выпрабаванні, і вінаватыя панясуць адказнасць за гвалт, які ўчыняюць», – кажа пра свой твор Уладзь Лянкевіч.

Тодар Кляшторны«з капной густых, саламяна-светлых валасоў на галаве, з блакітнымі, пад колер васількоў, вачыма, ён быў заўсёды неяк па-асабліваму сумны, нейкім смуткам веяла ад яго. Каля ягоных тонкіх бледных губ рана леглі складкі горычы. Ён рэдка смяяўся, і ягоная ўсмешка таксама была заўсёды сумнай»

Тодар – пісьменнік, які мог прынесці ў беларускую паэзію сотні песімістычна-рамантычных вершаў, якімі б мы зачытваліся дагэтуль. Калі б яго не расстралялі. Нават за свае трыццаць чатыры гады паспеў выдаць чатыры зборнікі вершаў, безліч паэмаў і апавяданняў.


Сотні сэрцаў перасталі біцца ў адну ноч. Сотні мараў не спраўдзіліся. Адна вера і надзея на ўсіх жыве і будзе жыць – вольная шчаслівая Беларусь.








Report Page