Вінцэнт Гадлеўскі – адзін з бацькоў беларускай нацыі

Вінцэнт Гадлеўскі – адзін з бацькоў беларускай нацыі

Рух беларускіх нацыяналістаў

Вінцэнт Гадлеўскі – ксёндз, выбітны грамадзка-палітычны дзеяч, ідэёляг беларускага нацыяналізму і нацыянальнай ідэі. Падрабязьней аб жыцьці і змаганьні Вінцэнта Гадлеўскага чытайце ў нашым артыкуле.

"Нацыя без нацыяналізму існаваць ня можа. Кожэны, хто працуе для дабра нацыі або бароніць яе, ёсьць у тым ці іншым сэнсе нацыяналістам. Ды мы, як запраўдныя нацыяналісты, павінны кіравацца дабром свае нацыі". (Вінцэнт Гадлеўскі "Што такое нацыяналізм", 1939 год)

Вінцэнт Гадлеўскі нарадзіўся ў 1888 годзе на Ваўкавышчыне. Навучаўся ў Віленскай каталіцкай сэмінарыі, а пасьля ў Пецярбурскай акадэміі. У сталіцы Расейскай імпэрыі далучыўся да дзейнасьці беларускага гуртка. У 1916 годзе пачынае служыць у менскім катэдральным касьцёле.

Пасьля рэвалюцыйных падзей Вінцэнт Гадлеўскі актыўна далучаецца да беларускай дзейнасьці і прадвігае нацыянальныя ідэі ў каталіцкім асяродку. Быў абраны у Беларускі нацыянальны камітэт і удзельнічаў у Першым Усебеларускім зьездзе ў сьнежні 1917 года, які быў разагнаны бальшавікамі. Затым увайшоў у склад, абвешчанай у сакавіку 1918 года, Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.

Калі адбыўся ганебны "Рыскі мір", падзяліўшы беларускія землі, Вінцэнт Гадлеўскі застаўся ў Заходняй Беларусі. У 1920-ых гадах служыў у мястэчку Жодзішкі на Смаргоншчыне, дзе актыўна разгарнуў беларускую палітычную і асьветніцкую дзейнасьць.

Вінцэнт Гадлеўскі (у цэнтры) з гуртком беларускай моладзі ў Жодзішках, 1925 год
Вінцэнт Гадлеўскі прамаўляе казаньне ў Жодзішскім касьцёле

Вінцэнт Гадлеўскі быў адным з заснавальнікаў і лідэраў "Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі" і "Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры". Выступаў за братэрства паміж беларусамі каталікамі і праваслаўнымі дзеля агульнай працы на карысьць Радзімы. Некалькі разоў арыштоўваўся польскімі ўладамі. У 1927 годзе быў асуджаны на два гады зьняволеньня.

Па вызваленьні Вінцэнт Гадлеўскі жыў у Вільні, дзе арганізаваў беларускае выдавецтва. Пераклаў на беларускую мову Эвангельле.

У 1936 годзе Вінцэнт Гадлеўскі выйшаў з аднадумцамі з БХД з-за рэарганізацыі партыі і супрацы апошніх з прадстаўнікамі беларускіх левых сілаў. Заснаваў у Вільні "Беларускі нацыянальны фронт" і газэту "Беларускі фронт", якія стаялі на пазыцыях беларускага нацыяналізму. За гэтую дзейнасьць у 1937 годзе арыштоўваліся ягоныя паплечнікі, а ў 1939 годзе і сам сьвятар, а частка нумароў газэты канфіскоўваліся ўладамі.

Напрыканцы 1939 года Вінцэнт Гадлеўскі заснаваў "Беларускую Незалежніцкую Партыю", якая ў 1940-ых гадах стане галоўнай палітычнай сілай сапраўднага беларускага нацыяналізму і супраціву чырвоным і карычневым ворагам.

Пасьля нямецкай акупацыі Беларусі Вінцэнт Гадлеўскі выехаў у Менск. Быў прызначаны галоўным школьным інспэктарам і распрацоўваў праграмы навучаньня, уваходзіў у кіраўніцтва "Беларускай народнай самапомачы", якая дапамагала ахвярам вайны. Сваю сьвятарскую дзейнасьць праводзіў у менскім Чырвоным касьцёле.

Першапачаткова Вінцэнт Гадлеўскі бачыў у немцах надзею на вызваленьне Радзімы ад крывавай бальшавіцкай тыраніі, як і многія шчырыя беларускія патрыёты. Але хутка зразумеўшы, што адная акупацыя зьмянілася на іншую пераглядзеў свае погляды. Сьвятар актывізаваў падпольную дзейнасьць "Беларускай Незалежніцкай Партыі", а таксама стаў публічна крытыкаваць немцаў, супрацьстаяць угону людзей на працы і зьнішчэньню жыдоўскага насельніцтва.

У ноч на 24 сьнежня 1942 года Вінцэнт Гадлеўскі быў арыштаваны гестапа прама ў Чырвоным касьцёле. Яму, як непажаданаму элемэнту, прапанавалі зьехаць зь Беларусі ў Рыгу, але ён цьвёрда адмовіўся, за што неўзабаве быў расстраляны нямецкімі акупантамі ў Трасьцянцы. Так скончыў свой шлях ідэйны змагар за незалежнасьць нашай Радзімы, які ўсё сваё жыцьцё прысьвяціў беларускай нацыянальнай ідэі.

Адзначым, што ў 2008 годзе у Трасьцянцы быў усталяваны памятны крыж Вінцэнту Гадлеўскаму. Але ж пасьля ён быў прыбраны па патрабаваньню ўладаў і захоўваўся у касьцёле сьвятога Роха ў Менску. У 2019 годзе крыж быў адрэстаўраваны і ўсталяваны наноў на тэрыторыі парафіі на Залатой горцы, але ўжо ў 2023 годзе ён зноў быў дэмантаваны.

📌 P.S. Раім вам пачытаць працу вядомага дасьледвальніка беларускага супраціву Сяргея Ярша пра Вінцэнта Гадлеўскага - "Рыцар Свабоды". Таксама кнігу пра змагара напісаў гісторык Андрэй Вашкевіч. Цікавыя артыкулы – інтэрвію з аўтарам пра Вінцэнта Гадлеўскага і 10 кароткіх фактаў пра сьвятара з кнігі.


📌  Далучыцца да РУХУ

🤝 Дапамога РУХУ

📝  t.me/ruchbelnac_bot

📰  t.me/ruchbelnac

📷  instagram.com/ruchbelnac


⬜⬛⬜

Беларусь перадусім!

⬜🟥⬜

Report Page