Ізноў пра Давіда Бержэца, або Як можа пашкодзіць фельетон

Ізноў пра Давіда Бержэца, або Як можа пашкодзіць фельетон

Віталь Аніська

Два гады таму я распавядаў, як мінскаму шашысту Давіду Бержэцу ў 1952 годзе прысвойвалі першы разрад. Як паказалі апошнія архіўныя знаходкі, падобная гісторыя здарылася і з прысваеннем яму звання суддзі рэспубліканскай катэгорыі праз дзесяць гадоў: незадаволены адмовай Бержэц зноў напісаў ліст кіраўніку беларускага спорту. Праўда, на гэты раз зварот не дапамог. Храналогія падзей была такой.

14 жніўня 1962 года на пасяджэнні прэзідыума Савета Саюза спартыўных таварыстваў і арганізацый БССР, які ажыццяўляў кіраўніцтва фізкультурнай і спартыўнай працай у рэспубліцы з 1959-га па 1968 год, разглядалася пытанне прысваення звання «Суддзя рэспубліканскай катэгорыі» прадстаўнікам розных відаў спорту, у тым ліку і шашысту Давіду Бержэцу. У прысваенні яму было адмоўлена.

Постановили:
2. Воздержаться в присвоении звания «Судья республиканской категории» т.Бержиц Д.Я. – как скомпрометировавшего себя на судействе соревнований по шашкам.

8 верасня Бержэц, як і ў 1952 годзе, піша заяву на імя тагачаснага міністра спорту Беларусі Віктара Лівенцава, у якой просіць паўторна разгледзець пытанне аб прысваенні звання.

НАРБ, ф. 1163, воп. 1, спр. 456, арк. 325

Як можна зразумець з ліста, Бержэц лічыць, што адмовілі яму не па прычыне, пазначанай у пратаколе, а з-за фельетона ў газеце «Савецкі спорт». Я адшукаў гэты фельетон, які выйшаў 18 лютага 1961 года пад назвай «Не скупіцеся! Я – Бержэц...».

З часу публікацыі да моманту разгляду дакументаў Бержэца прайшло паўтара года, але нехта з прысутных на пасяджэнні прэзідыума ўспомніў тую гісторыю.

Аркадзь Плакхін, які таксама ездзіў тады ў Петразаводск, на маю просьбу распавесці пра тыя падзеі адказаў коратка: «Той шум, які паднялі арганізатары турніру, уключаючы фельетон у цэнтральнай прэсе, не адпавядаў маштабу таго, што адбылося насамрэч. Яны паступілі непрыгожа».

Як жа новаспечаны чэмпіён СССР Плакхін і Бержэц увогуле апынуліся ў Петразаводску? Аркадзь Міронавіч успамінае, што неяк ён сустрэў знаёмага шашыста Зорына, які даўно пераехаў з Мінска ў Карэлію. Той прапанаваў Плакхіну прыехаць да іх і арганізаваў ліст кіраўніка мясцовага спорту Піражка калегу Лівенцаву. Арыгінал ліста з просьбай камандзіраваць беларускіх шашыстаў для ўдзелу ў першынстве Карэльскай АССР па рускіх шашках ў лістападзе 1960 года знайшоўся ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь.

НАРБ, ф. 1163, воп. 1, спр. 194, арк. 34

Тады гэта было распаўсюджанай практыкай, запрошаныя спартсмены гулялі па-за конкурсам. Акрамя Плакхіна, запрасілі і Бержэца, які служыў у Карэліі ў сярэдзіне 1950-х гадоў і, відаць, быў знаёмы з мясцовымі шашыстамі. Захаваўся ліст Бержэца ў спорткамітэт Карэла-Фінскай ССР ад 12 снежня 1955 года, дзе ён паведамляе, што яго па службе перавялі ў горад Кемь, цікавіцца калі будуць спаборніцтвы, просіць паставіць на ўлік як шашыста першага разрада і паведаміць адрас рэспубліканскай шашачнай секцыі.

Дарэчы, перамог у першынстве Аркадзь Плакхін. Давід Бержэц, дзякуючы фінішнаму спурту, заняў другое месца. А чэмпіёнам Карэльскай АССР стаў той самы Аляксандр Зорын, які запрасіў беларускіх шашыстаў на турнір.

1960 год, Петразаводск. Першынство Карэльскай АССР. На заднім плане А. Зорын. З архіва А. Плакхіна

Вернемся ў 1962 год. Бержэцу пайшлі насустрач і на пасяджэнні прэзідыума Савета Саюза 22 верасня разгледзелі яго заяву, але сваё першапачатковае рашэнне пакінулі ў сіле.

Слушали:
Заявление тов. Бержиц о неправильном отклонении президиумом Совета Союза о присвоении судьи Республиканской категории по шашкам.
Постановили:
2. Воздержаться в присвоении судьи Республиканской категории по шашкам тов. Бержиц.

Званне «Суддзя рэспубліканскай катэгорыі» Давіду Якаўлевічу ўсё ж прысвоілі, аднак толькі праз год – 21 лістапада 1963 года.

Давід Бержэц злева


Дзякую за дапамогу пры падрыхтоўцы артыкула Антону Пячэрыну.

Цытаты прыводзяцца з захаваннем арфаграфічных асаблівасцей арыгінала: НАРБ, ф. 1163, воп. 1, спр. 456, 571.

Report Page