Істэрыя «літвінізму» — як адзін рэдактар ператварыў англійскую Вікіпедыю ў зброю супраць беларусаў
Вольныя вікіпедысты
Гісторыя пра тое, як пад выглядам барацьбы з «псеўданавукай» у самай папулярнай энцыклапедыі свету была створана пляцоўка для распальвання міжнацыянальнай варожасці, і чаму спатрэбіўся не адзін год, каб спыніць гэтую інфармацыйную дыверсію.
Лёс беларускага вікіпедыста Іллі Барыскевіча (вядомага пад нікам Kazimier Lachnovič) склаўся трагічна: яго асудзілі на два гады калоніі за «дыскрэдытацыю Беларусі». Але яшчэ да турэмнага зняволення Lachnovič аказаўся ўвязаны ў іншы палітычны канфлікт, але ўжо міжнацыяльнага ўзроўню. Канфлікт адбыўся на Вікісховішчы з літоўскім рэдактарам пад нікам Pofka, які фактычна выціснуў аднаго з самых плённых аўтараў з праекта.
Літоўскі ўдзельнік абвінаваціў Барыскевіча ў «сістэматычным тролінгу»: нібыта беларус скажаў гістарычныя назвы і займаўся «русіфікацыяй» літоўскай спадчыны. Вынікам стала паўгадавая блакіроўка Барыскевіча. І хоць пазней супольнасць прызнала пакаранне празмерным і неабгрунтаваным, час быў страчаны — Lachnovič ў Вікісховішча не вярнуўся. Штогадовая загрузка дзясяткаў тысяч унікальных архіўных выяў спынілася.
Зрэшты метады самога Ляхновіча ў беларускамоўнай Вікіпэдыі, дзё ён меў статус адміністратара і на якой сканцэнтраваў усё сваю дзейнасць пасля блакіроўкі ў Вікісховішчы, мала чым адрозніваліся ад метадаў Pofka, толькі ідэалагічная фіксацыя была супрацьлеглай.
Аднак, як высветлілася пазней, гэтае сутыкненне беларускага і літоўскага рэдактара ў Вікісховішчы было толькі тактычным. Сапраўдная стратэгічная аперацыя разгортвалася ў іншым месцы — у англамоўным артыкуле пад назвай «Litvinism».
Анатомія фэйка: Як стваралася ілюзія навуковасці
Калі зірнуць на гісторыю рэдагаванняў артыкула «Litvinism», становіцца відавочным, што гэта не была калектыўная творчасць, уласцівая Вікіпедыі. Гэта была праца аднаго аўтара. У выпадку з артыкуламі на палітычныя тэмы гэта амаль заўсёды азначае, што прадстаўлена будзе меркаванне толькі аднаго боку — як адзіна правільнае і неаспрэчнае.
Рэдактар Pofka пачаў цікавіцца гэтай тэмай яшчэ ў 2021 годзе, але актыўная фаза «крыжовага паходу» стартавала 9 верасня 2023 года.
Менавіта тады ён пачаў метадычна напаўняць артыкул тэзісамі, якія павінны былі ператварыць беларускі погляд на гісторыю ў вачах сусветнай супольнасці ў экстрэмісцкую ідэалогію.
Статыстыка гаворыць сама за сябе. За перыяд з верасня 2023 па жнівень 2024 года Pofka практычна аднаасобна павялічыў аб'ём артыкула з 23 038 байт да каласальных 177 397 байт.
За няпоўны год ён стварыў гіганцкае палатно, насычанае сотнямі зносак, картамі, цытатамі і ілюстрацыямі. Для знешняга назіральніка, асабліва з заходняга свету, гэта выглядала як фундаментальнае акадэмічнае даследаванне.
Гэта быў класічны прыклад «кнігі, якую судзяць па вокладцы»: візуальная саліднасць павінна была замаскіраваць поўную адсутнасць нейтральнасці. Але за фасадам навуковасці хаваўся толькі салідны спіс маніпуляцый і парушэнняў правілаў Вікіпедыі.
Выгнаннік ва ўласным доме
Каб зразумець матывацыю чалавека, які стварыў самы таксічны антыбеларускі тэкст у Вікіпедыі, трэба зірнуць на яго рэпутацыю ў родным моўным асяроддзі. Высвятляецца, што Pofka — персона нон-грата ў літоўскай інтэрнэт-прасторы. Яго «паслужны спіс» блакіровак уражвае:
- 12 кастрычніка 2022: Бестэрміновая блакіроўка ў Літоўскай Вікіпедыі (lt.wikipedia.org) за «паўторныя асабістыя нападкі».
- 5 лістапада 2022: Бестэрміновая блакіроўка ў Літоўскіх Вікікрыніцах за «абразы, пагрозы, лаянку і пераслед удзельнікаў на іншых праектах (cross wiki abuse)».
- 15 кастрычніка 2022: Бестэрміновая блакіроўка ў Жамойцкай Вікіпедыі (bat-smg.wikipedia.org) за распальванне варожасці.
Яго родная супольнасць адрынула яго за радыкалізм, няздольнасць да дыялогу і празмерную палітызацыю гісторыі. Адзін з літоўскіх адміністратараў, Hugo.arg, тлумачачы прычыны блакіроўкі, пісаў:
«Чалавек агрэсіўна настроены, ходзіць па ўсіх Вікіпедыях і лье ad hominem замест культурнай дыскусіі... Колькі можна?».
Аналіз яго паведамленняў у вікіпедыйных абмеркаваннях паказвае чалавека, які жыве ў стане «абложанай крэпасці». Ён выкарыстоўвае ваенную рыторыку: піша пра «атакі літвіністаў і ватнікаў», пра «інвазію ў англійскую Вікіпедыю», пра неабходнасць «даваць адпор».
Для Pofka Вікіпедыя — гэта не энцыклапедыя, а поле бітвы, дзе ўсе сродкі добрыя. Выгнаны з нацыянальных раздзелаў, ён знайшоў прытулак у глабальнай Англійскай Вікіпедыі, дзе адміністратары горш разбіраюцца ў тонкасцях усходнееўрапейскай гісторыі.
«Доказная база»: Ад неанацыстаў да «рускага свету»
Каб даказаць свету, што беларуская прэтэнзія на спадчыну ВКЛ — гэта небяспечны радыкалізм, Pofka выкарыстоўваў метады, якія ў навуковым асяроддзі лічыліся б махлярствам. Вікіпедыя не з'яўляецца аўтарытэтнай крыніцай, але і тут ёсць жорсткія правілы. Праўда, гэтыя правілы Вікіпедыі (у прыватнасці, WP:RS — аўтарытэтныя крыніцы і WP:FRINGE — маргінальныя тэорыі) проста не існавалі для гэтага рэдактара, бо заміналі ягоным мэтам.
Вось тры слупы, на якіх трымалася ягоная версія артыкула «Litvinism»:
1. Аргумент ад маргіналаў

У якасці доказу існавання агрэсіўнага «літвінізму» ў артыкуле на поўным сур'ёзе цытаваўся допіс у Facebook Сяргея Каваленкі — актывіста, вядомага сваімі вельмі радыкальнымі, часам неанацысцкімі поглядамі. Ягоныя словы пра «вялікую арыйскую беларуска-літоўскую нацыю» падаваліся як рэлевантная пазіцыя беларускага боку.
Сутнасць маніпуляцыі: Гэта класічны прыём «саламянага пудзіла». Pofka ўзяў выказванне аднаго фрыка з сацсетак і выставіў яго як твар беларускай гістарыяграфіі, каб паказаць чытачу: «Глядзіце, яны ўсе вар'яты».
2. Саюз з «рускім светам»
Каб дыскрэдытаваць ідэю беларускасці ВКЛ, Pofka пайшоў на парадаксальны крок — ён заключыў ідэалагічны саюз з прарасійскімі аўтарамі. У артыкуле, напрыклад, прыводзілася крытыка «літвінізму» з вуснаў Льва Крыштаповіча — адыёзнага дзеяча, які адмаўляе існаванне беларусаў як асобнай нацыі і лічыць іх часткай «трыадзінага рускага народа».
Паводле цытаты ў артыкуле, Крыштаповіч казаў:
Насамрэч пад выглядам беларускага нацыяналізму, або так званага літвінізму, хаваецца польска-шляхецкая камарылья, мэтай якой з’яўляецца ператварыць Беларусь ва ўсходнія крэсы Польшчы
Самае неверагоднае, што гэтую цытату рэдактар знайшоў на адыёзным імперскім сайце Regnum, на які не пасаромеўся паставіць зноску ў вікіпедыйным артыкуле.
Сутнасць маніпуляцыі: Pofka выкарыстоўваў чалавека, які адмаўляе права беларусаў на існаванне, у якасці аўтарытэтнага эксперта, толькі таму што той таксама крытыкаваў ідэю літвінізму.
3. Фабрыкацыя «фашызму»
Адзін з самых скандальных тэзісаў артыкула гучаў так: «Літвінізм таксама быў апісаны як форма фашызму з экспансіянісцкімі тэрытарыяльнымі прэтэнзіямі».
Сутнасць маніпуляцыі: Гэтае страшнае абвінавачванне грунтавалася на адной спасылцы — публіцыстычным артыкуле на літоўскім сайце alkas.lt.
Гэты рэсурс цесна звязаны з рухам неаязычніцкім рухам Рамува і гісторыкам Томасам Баранаўскасам, які вядомы сваёй непрымірымай пазіцыяй супраць літвінізму.
Pofka ўзяў прыватнае меркаванне з ангажаванага партала і падаў яго як агульна прыняты факт, парушаючы правіла пра выключныя сцвярджэнні (WP:EXCEPTIONAL).
4. Змешванне Пазняка з Дугіным
Вяршыняй маніпулятыўнага майстэрства Pofka стала спроба паставіць знак роўнасці паміж дыяметральна супрацьлеглымі палітычнымі фігурамі.
У артыкуле ў адзін лагічны шэраг ставіліся погляды Зянона Пазняка, аднаго з лідараў беларускага нацыянальнага адраджэння, які ўсё жыццё змагаўся супраць расійскага ўплыву, і Аляксандра Дугіна, ідэолага «рускага свету» і неаеўразійства.
Сутнасць маніпуляцыі: Дугін сапраўды прэтэндуе на спадчыну ВКЛ, але лічыць яе «Літоўскай Руссю» — часткай агульнарускай імперыі. Пазняк жа бачыць у ВКЛ выток еўрапейскай беларускай дзяржаўнасці. Pofka наўмысна змяшаў гэтыя пазіцыі ў адну кучу пад назвай «літвінізм».
Для заходняга чытача гэта стварала ілжывую карціну: нібыта беларускі нацыяналізм і расійскі імперыялізм — гэта дзве галавы адной небяспечнай гідры.
Падмена паняццяў: Як патрыятызм стаў злачынствам
Але галоўная шкода артыкула заключалася не ў асобных памылках, а ў сістэмнай падмене паняццяў.
У беларускім навуковым дыскурсе пад «літвінізмам» разумеюць выключна радыкальныя тэорыі, якія цалкам адмаўляюць балцкі складнік ВКЛ. Аднак Pofka сканструяваў сваё вызначэнне. У яго версіі «літвінізмам» стала любая спроба беларусаў прэтэндаваць на спадчыну ВКЛ.
- Лічыце, што Наваградак тэарэтычна мог быць цэнтрам дзяржавы? — Вы літвініст.
- Карыстаецеся «Пагоняй»? — Вы злодзей, які крадзе літоўскую гісторыю.
- Сцвярджаеце, што старабеларуская культура дамінавала ў ВКЛ? — Вы адэпт псеўданавукі.
Такім чынам, натуральнае права беларускай нацыі на сваю немалую частку гістарычнай спадчыны ВКЛ было загадзя крыміналізаванае і абвешчанае «гібрыднай вайной».
Голас, якога не чуваць
Чаму гэтая маштабная маніпуляцыя заставалася беспакаранай не адзін год? Чаму адзін чалавек здолеў навязаць сваё меркаванне мільярднай аўдыторыі?
Гэтая сітуацыя выкрыла фундаментальную слабасць беларускай пазіцыі ў глабальнай інфармацыйнай прасторы. Беларуская супольнасць у Англійскай Вікіпедыі — галоўнай крыніцы ведаў для свету — амаль адсутнічае.
Беларусы аказаліся няздольныя самастойна спыніць распальванне антылітвінскай істэрыі проста таму, што іх там фізічна няма ў гэтым раздзеле. Наратывы пра Беларусь, нашу гісторыю, культуру і нават права «людзьмі звацца» пішуцца для міжнароднай аўдыторыі зусім іншымі людзьмі. І як паказаў кейс Pofka, гэтыя аўтары часта кіруюцца не энцыклапедычнай цікавасцю, а старымі крыўдамі або палітычнымі перакананнямі, ставячыся да беларусаў адкрыта варожа.
Пакуль беларусы займаліся ўнутранымі праблемамі, іх вобраз як нацыі фарміравалі людзі, які лічаць беларусаў «зладзеямі гісторыі».
Снежаньскае паўстанне і канец манаполіі
Да канца 2025 года артыкул ператварыўся ў таксічны зборнік фобій і прапагандысцкіх штампаў. Сітуацыя выбухнула 8 снежня, калі рэдактар Marcelus выставіў артыкул на выдаленне (AfD). Яго вердыкт быў жорсткім:
«Гэта не энцыклапедычны артыкул, а доўгае, хаатычнае, дрэнна напісанае эсэ... Гэта калекцыя найвялікшых страхаў і фрустрацый літоўскага патрыёта... Артыкул — прадукт панікі».
У ходзе дыскусіі незалежныя рэдактары адзін за адным пацвярджалі дыягназ: парушэнне нейтральнасці (NPOV), недапушчальны сінтэз фактаў (WP:SYNTH) і выкарыстанне ненадзейных крыніц.
Было прынята рашэнне дзейнічаць па прынцыпе WP:TNT («Blow it up and start over» — «Узарваць і пачаць спачатку»).
Вялікая чыстка
11–13 снежня 2025 года сталі днямі краху «ўласнай імперыі» Pofka ў англійскай Вікіпедыі. Старая версія артыкула была фактычна знішчаная. Спробы аднаго з удзельнікаў пад нікам +JMJ+, які быў актыўным стваральнам гэтага артыкула да прыходу ў яго Pofka, вярнуць без малога сотні тысяч байтаў, напісаныя за гэтыя гады Pofka, былі спыненыя дасведчаным рэдактарам Altenmann з кароткім каментаром: «Артыкул быў у жаласна-гаротным стане».
Новы артыкул, які з'явіўся на месцы прапагандысцкага гіганта, займае ўсяго 18 729 байт — толькі дзясятую частку ад канчатковай версіі Pofka. З яго выкінута ўсё прапагандысцкае смецце.
Што напісана ў новай версіі:
- Тэрмін як экзонім: Выразна прапісана, што слова «літвінізм» — гэта «прыніжальны ярлык» (pejorative exonym), які выкарыстоўваецца пераважна ў Літве для апісання шырокага спектру з'яў.
- Дакладнае размежаванне: Тэкст праводзіць мяжу паміж радыкальнымі псеўдагісторыкамі і мэйнстрымнай беларускай гістарыяграфіяй, якая разглядае ВКЛ як «агульную спадчыну» беларусаў і літоўцаў.
- Аб'ектыўнасць: Зніклі цытаты неанацыстаў і абвінавачванні ў фашызме. Прызнаецца, што менавіта «семантычная двухсэнсоўнасць» тэрміна стала адной з прычын сённяшніх гістарычных спрэчак паміж народамі.
Гісторыя ўзлёту і падзення артыкула Pofka — гэта ўрок для ўсёй беларускай супольнасці. Яна паказвае, што гісторыя — гэта «поле бою», дзе ў лічбавую эпоху адзін апантаны чалавек, узброены маніпулятыўнымі тэхнікамі, можа сказіць успрыманне цэлай нацыі ў вачах свету. І шнар ад гэтай бітвы застанецца надоўга.
Матэрыял распаўсюджваецца пад свабоднай ліцэнзіяй CC BY-SA 4.0