Іосіф Сярэдзіч: «Калі б у 1995-м дэпутаты абаранілі «Народную газету», можа, па-іншаму развіваліся б падзеі»

Іосіф Сярэдзіч: «Калі б у 1995-м дэпутаты абаранілі «Народную газету», можа, па-іншаму развіваліся б падзеі»

Аляксандр Стрыжневіч

Сышла эпоха. Нязменны галоўны рэдактар «Народнай Волі» абвясціў, што пакідае пасаду. Чалавек-глыба, які праз дзесяцігоддзі дакладна памятае імёны, даты, факты. Іосіф Сярэдзіч — архіў каштоўных сведчанняў. Друкуем інтэрв'ю, у якім легендарны журналіст распавёў аб белых плямах, паркетных карэспандэнтах і наменклатурнай барацьбе.

Іосіф Сярэдзіч. Фота: Таццяна Ткачова / Прэс-клуб

«У «Советскую Белоруссию» я трапіў дзякуючы Пятру Міронавічу Машэраву»

— Не ўсе ведаюць, што вы ў свой час працавалі ў «Советской Белоруссии» і ўзначальвалі «Народную газету». Можаце расказаць пра тыя часы?

— У «Советскую Белоруссию» я трапіў дзякуючы Пятру Міронавічу Машэраву. Да гэтага я працаваў у «Сельскай газеце», дзе склалася канфліктная сітуацыя з сакратаром ЦК па сельскай гаспадарцы Віктарам Сцяпанавічам Шавелухам.

Ён паехаў у Сенненскі раён, а гэта, лічы, побач з радзімай Машэрава. Знайшоў дырэктара саўгаса, які абвёў яго вакол пальца. Шавелуха патэлефанаваў у «Сельскую газету», майму рэдактару Андрэю Данілавічу Коласу, і сказаў: «Тэрмінова адпраўляй журналіста. Там моцны перадавы вопыт».

Я ўзяў фотакарэспандэнта і спецыяліста з Міністэрства сельскай гаспадаркі. І мы ўбачылі, што ніякага перадавога вопыту і блізка няма. Гэта была хлусня! Хітры дырэктар увёў у зман сакратара, хаця той быў доктарам сельскагаспадарчых навук.

Калі я прывёз паласу не пра перадавы вопыт, а крытычны артыкул, які называўся «Сплошная липа», распачаўся вэрхал. Шавелуха хацеў адыграцца на мне, маладым журналісце. А я пайшоў у наступ і праз другога сакратара, які вёў пытанні ідэалагічнага кшталту (быў такі Кузьмін), змог данесці інфармацыю да Пятра Міронавіча. Пытанне разглядалася на бюро ЦК і потым мяне рэкамендавалі ў «Советскую Белоруссию» на пасаду загадчыка аддзела сельскага жыцця.

Там я працаваў чатыры гады. Пасля стаў намеснікам галоўнага рэдактара. Тады газету ўзначальваў легендарны Аляксандр Кандрац’евіч Зінін. Намеснікам папрацаваў адзін год, і мяне накіравалі ў Акадэмію грамадскіх навук пры ЦК КПСС. Два гады вучыўся на асноўным факультэце і вярнуўся ў Мінск першым намеснікам галоўнага рэдактара «Советской Белоруссии».

А ўжо ў 1990-м мяне выбралі дэпутатам Вярхоўнага Савета. Дарэчы, выбары былі сумленныя. У пінскай акрузе было 13 кандыдатаў на адзін дэпутатскі мандат, у тым ліку першы сакратар пінскага гаркама партыі. Такім чынам я заваліў дванаццаць супернікаў і стаў дэпутатам.

У Вярхоўным Савеце ў той час правілі бал чыноўнікі. Частку дэпутатаў выбіралі не па акругах, а самі ветэраны. Ім была адведзена пэўная квота.

Дык вось тады я ўнёс прапанову аб заснаванні «Народной газеты» і часопіса «Дэпутатская думка». Газету я ўсё ж такі змог стварыць, а часопіс так і не выйшаў.

— Цікава, што, адстойваючы свой пункт гледжання, вы пайшлі ў контрнаступ падчас апаратнай барацьбы з сакратаром ЦК. Здаецца, свабоды тады было больш. Сапраўды так?

— Я не помню, каб у той час за праўду судзілі, каб за праўду кідалі ў турму, каб за праўду выганялі з работы. Але даказваць сваю пазіцыю даводзілася нялёгка. Вы ўявіце, што такое счапіцца з сакратаром ЦК!

Дарэчы, артыкул «Сплошная липа» усё ж такі быў надрукаваны.

— Здаецца, сёння гэта было б немагчыма…

— Адстойваць праўду заўсёды цяжка, але без гэтага немагчыма, каб развіваліся нармальнае жыццё, краіна, грамадскі рух.

— У той час было разуменне, што крытычнае асэнсаванне рэчаіснасці неабходна?

— Вядома ж! Журналісты не вылазілі з камандзіровак. Я прапоўз на жываце, на каленях амаль усе раёны краіны, ведаў кіраўнікоў. Калі прыязджаў журналіст «Звязды», «Сельскай газеты» альбо «Советской Белоруссии», то першы сакратар райкама партыі кідаў усё, каб сустрэцца, пагаварыць, даведацца, з чым з’яджае карэспандэнт.

Журналісты мелі зусім іншы досвед! А не так, як сёння некаторыя нашыя паркетныя калегі, якія гадамі не выязджаюць далей за кальцавую дарогу. Гэта прапагандысты… І раней прапаганда існавала, але мы жыццё ведалі не па кніжках і газетах, а непасрэдна там, дзе яно ўтваралася.

«Я заўсёды служыў аб’ектыўнай інфармацыі»

— Журналістыка ў Беларусі фактычна стала сэрвіснай прафесіяй. Калі гэта адбылося?

— Для мяне журналістыка — святая прафесія, і я ёй не здрадзіў ні тады, калі працаваў у раённай газеце, ні ў рэспубліканскіх выданнях, ні апошнія 28 гадоў у «Народнай Волі». Я не служыў і тады камуністычнай ідэалогіі. Я заўсёды служыў аб’ектыўнай інфармацыі. Мая задача была — убачыць сваімі вачамі, пачуць сваімі вушамі і напісаць. Я ніколі пад дыктоўку не працаваў!

Што цікава, спрабаваў адзін раз сакратар ЦК выкруціць мне рукі — не атрымалася і ў яго.

— Калі з’явілася «Народная газета», гэта было цікавае выданне. Тыраж, калі не памыляемся…

— …дасягаў 700 тысяч экзэмпляраў!

— Адна з найбольш гучных гісторый была звязана з белымі паласамі. Можаце расказаць, што адбылося?

— Пытанне вырашалася ўсю ноч. Аляксандр Фядута, які цяпер у турме, тады быў начальнікам ідэалагічнага упраўлення Адміністрацыі прэзідэнта. Ён быў адпраўлены ў Дом друку, каб не дапусціць публікацыі крытычных артыкулаў.

А я сядзеў у сваім кабінеце ў рэдакцыі і вёў перамовы. Звязаўся з Лукашэнкам. Папрасіў, каб ён сам прачытаў матэрыял. Ён: «Добра! Я накірую чалавека». З’явіўся яго ардынарац і забраў тэкст.

Я і Фядута чакалі рашэння Лукашэнкі. Можа, пасля дванаццаці ночы прыляцеў чалавек: «Забаронена публікаваць». Такая ж каманда пастіупіла ў друкарню. Таму газета выйшла з белымі плямамі.

— Выглядала як пратэст. А чаму не замянілі якім-небудзь тэкстам?

— Калі праблема вырашаецца наверсе, то чаму я павінен поўзаць на каленях і мяняць публікацыю, за якую я гатовы адказваць нават перад судом? Тым больш, што гэта было ноччу — у рэдакцыі амаль нікога не было. Але ў першую чаргу гэта была прынцыповая пазіцыя.

«Саша Лукашук павінен быць удзячны, што я тады не залічыў яго ў штат!»

— На той момант у «Народнай газеце» быў зорны склад журналістаў. Як атрымалася сабраць такую каманду?

— Выданне стваралася з нуля, на кожны накірунак я падбіраў чалавека. На мяне нават пакрыўдзіўся… Хто б вы думалі? Саша Лукашук, які ў той момант быў загадчыкам аддзела ў газеце «Звязда». Ён сустрэў мяне, калі я ўжо сфарміраваў каманду: «Іосіф Палыч, ну што ж ты мяне не запрасіў?»

А праз некаторы час Саша выбіўся ў Еўропе ў зорны склад журналістаў. Можаце ўявіць, што цяпер мы абодва — пенсіянеры. Толькі я маю 280 даляраў, а ён напэўна — некалькі тысяч. Ён мне павінен быць удзячны, што я тады не залічыў яго ў штат!

— На пачатку 1990-х гэта было найбольш перспектыўнае месца для журналістаў. Але за кароткі тэрмін газета страціла аўтарытэт. Як гэта атрымалася?

— Калі б «Народная газета» у 1995 годзе выдавалася тыражом, як некаторыя дзяржаўныя газеты па 20-30 тысяч экзэмпляраў, то і сёння галоўным рэдактарам, магчыма, быў бы Іосіф Паўлавіч Сярэдзіч.

Але ж выданне чыталася і фарміравала грамадскую думку. А паколькі пазіцыя рэдакцыі разыходзілася з пунктам гледжання новай улады, то, вядома, газета не спатрэбілася. Была знойдзена беспадстаўная прычэпка, каб турнуць мяне з пасады галоўнага рэдактара.

Парламент не змог абараніць ні сваё выданне, ні свайго рэдактара. А потым не абараніў дэпутатаў, якія абвесцілі галадоўку. Калі б дэпутаты абаранілі «Народную газету», можа, па-іншаму развіваліся б падзеі.

— А былі ў іх улада і моц, каб абараніць?

— У тым Вярхоўным Савеце чыноўнікі варылі кашу. Чыноўнікі — гэта па большасці камуністычная наменклатура, а побач — ветэраны-ленінцы.

Што такое фракцыя Пазняка? Гэта ўсяго 25 чалавек. Былі яшчэ дэпутаты, якія схіляліся да дэмакратычных пазіцый. Але нас было мала. Новая ўлада ўжо мела адміністрацыйныя рычагі: каму паабяцалі пасаду, каму — замежную камандзіроўку.

Карацей, Вярхоўны Савет у апошні свой год не вытрымаў экзамена.

— Усё прафесійнае жыццё вы прысвяцілі друку. Чаму?

— Дарэчы, мне прапаноўвалі розныя варыянты. Напрыклад, калі з пасады галоўнага рэдактара «Советской Белоруссии» сышоў Аляксандр Кандрац’евіч Зінін, а прызначылі Зіновія Кірылавіча Прыгодзіча, у той жа вечар мне патэлефанавалі з ЦК: «Тэрмінова прыязджай».

Там сказалі, што я павінен выйсці на работу ў апарат Цэнтральнага камітэта. З якой нагоды? Мяне хацелі бачыць у складзе інспектарскай групы. Я засмяяўся і сказаў: «З маім характарам я магу папрацаваць да абеда, а пасля абеда вы самі мяне звольніце».

А праз некалькі месяцаў былі выбары, дзе я перамог. Такім чынам я прайшоў у Вярхоўны Савет і стаў займацца «Народнай газетай».

«Якое галоўнае слова? Народная»

— Як узнікла ідэя «Народнай Волі»? Чаму адбыўся пераход у апазіцыю?

— Я без работы не быў ніводнага дня. Як толькі 17 сакавіка 1995 года з’явіўся ўказ Лукашэнкі аб адхіленні мяне з пасады галоўнага рэдактара «Народнай газеты», у той жа дзень старшыня Вярхоўнага Савета Мечыслаў Грыб прапанаваў мне перайсці на пастаянную работу ў камісію па галоснасці СМІ і правах чалавека.

Прайшоў месяц-другі, і я вырашыў: Вярхоўны Савет — не вечны. Кадэнцыя яго вось-вось заканчваецца. Тады я за адзін дзень з дапамогай міністра культуры і друку Анатоля Іванавіча Бутэвіча зарэгістраваў «Народную Волю». Сёння гэта было б немагчыма.

— Цяпер «Народная Воля» — гучны брэнд. А як нарадзілася назва?

— Глядзіце. Ёсць «Народная газета». Пастаўце працяжнік і напішыце «Народная Воля». Па-першае, якое галоўнае слова? Народная. А па-другое, назва па-беларуску і па-руску гучыць аднолькава. Самае важнае было стварыць правобраз «Народнай газеты».

Чыноўнікі лічылі, што гэта бэнээфаўская газета. А я адказваў: не. Гэта выданне Вярхоўнага Савета. Але яно давала магчымасць выказвацца ўсім. Калі ласка, спрачайцеся, высвятляйце, удзельнічайце ў дыскусіях.

А тое, што Зянон Станіслававіч (Пазняк — Аўт.) са сваімі прыхільнікамі выкарыстоўваў такую магчымасць больш актыўна, гэта бясспрэчны факт. Аднак я ж не мог стаць і сказаць: забараняю!

Аднойчы, калі я спрабаваў яго пераканаць, што ў артыкуле аб рускім імперыялізме трэба зрабіць дзве-тры невялікія правачкі, ён быў супраць. Я настойваў: ці магу выкарыстаць рэдактарскае права? Ён адказаў: «Тады заўтра раніцай я выкарыстаю дэпутатскае права і пастаўлю пытанне аб тваім звальненні». У мяне былі і з Пазняком такія стычкі, і з іншымі.

— Вядома, што абодва выданні мелі ўплыў на чыноўнікаў, палітыкаў, іншых прадстаўнікоў улады.

— Канешне. Калі рэдактара газеты Вярхоўны Савет трымаў на трыбуне два дні з тым, каб адхіліць мяне ад пасады. Бо лічылі, што мы прасоўваем пазнякоўскія пазіцыі.

І калі Валерый Ціхіня, які ўзначальваў камуністычную групоўку ў парламенце, убачыў на табло, што мяне не удалося зняць, ён на ўсю залу крыкнуў: «Імпатэнты!» Грукнуў дзвярыма і выскачыў.

А рэакцыя па «Народнай Волі» была ўжо іншай. Сёння друкуецца ў Мінску, заўтра — у Вільні, паслязаўтра — у Смаленску. Вось як было. Яны ж не маглі запрасіць мяне на нейкае пасяджэнне і два дні трымаць на трыбуне. Уключаліся адміністрацыйныя рычагі. Былі такія адыёзныя фігуры, як Віктар Кучынскі, Уладзімір Замяталін, Іван Пашкевіч.

На сённяшні дзень я заслужыў, каб проста адпачыць. Я больш за 30 гадоў не быў у адпачынку. Максімум атрымлівалася, каб развеяцца, — пяць дзён. 

— Што будзеце цяпер рабіць?

— Хай гэтае пытанне пакуль застанецца без адказу. Я яго ведаю, але не буду тлумачыць.




Report Page