Інтэрвалы ў музыцы

Інтэрвалы ў музыцы

Тэкст: Ганна Цюкіна, рэдагаванне: Ягор Цюкін

Для таго, каб лепей зразумець, якую ролю адыгрываюць інтэрвалы ў музыцы, варта будзе звярнуцца да паходжання самога гэтага слова. З лацінскай мовы intervallum перакладаецца як "адлегласць" і ў музыцы яно выражае суадносіны двух музычных гукаў па іхняй вышыні (адлегласць паміж імі). Нюансаў у гэтых суадносінах бывае вельмі шмат, і з дапамогай гэтага артыкула вы даведаецеся пра самыя важныя з іх.

Меладычныя і гарманічныя інтэрвалы

Інтэрвалы можна выканаць двума шляхамі: сыграць гукі разам або па чарзе. У першым выпадку інтэрвал будзе называцца гарманічным, а ў другім - меладычным.

Як было адзначана вышэй, гукі гарманічнага інтэрвалу выконваюцца адначасова, і, калі прыслухацца да яго, можна адчуць, як яны зліваюцца ў адно сугучча - гармонію, якая можа прагучаць зладжана і мякка, калюча і востра, а можа і наогул пуста - залежыць ад таго, які менавіта інтэрвал выконваецца. Ніжні гук інтэрвала называецца аснова, а верхні - вяршыня.

Верхні і ніжні гукі інтэрвала называюцца аднолькава як пры меладычным так і пры гарманічным выкананні

Меладычныя інтэрвалы можна не толькі сыграць ці праспяваць, але і адчуць у наваколлі - ў спевах птушак ці, напрыклад, у сірэнах пажарнага аўтамабіля. Гукі меладычнага інтэрвала іграюцца адзін за адным, і, паколькі існуе паслядоўнасць гукаў, яны могуць мець узыходзячы і сыходны рух, пры гэтым ніжні і верхні гукі захоўваюць тыя ж назвы, што былі і пры гарманічным выкананні - аснова і вяршыня. Сама назва інтэрвалаў, "меладычныя", кажа пра тое, што з іх дапамогай можна пабудаваць мелодыю ў аснове якой ляжыць паслядоўнае спалучэнне гэтых інтэрвалаў.

Віды руху ў меладычных інтэрвалах

Назвы асноўных музычных інтэрвалаў

Усяго існуе восем асноўных, простых інтэрвалаў. Яны маюць назвы, што адпавядаюць лічэбнікам у лацінскай мове. Назвы даюцца ў залежнасці ад таго, колькі ступеняў ахоплівае той ці іншы інтэрвал: гэтыя парадкавыя лічэбнікі азначаюць, якая па ліку ступень вяршыня інтэрвала ў адносінах да асновы.

Назвы інтэрвалаў з іх лічбавымі абазначэннямі

ПРЫМА - "адзін". Гэты інтэрвал ахоплівае адну ступень. Часцей за ўсё прыма выконваецца ў меладычным выглядзе, бо інструментаў, на якіх можна сыграць два аднолькавых гукі адначасова існуе даволі няшмат. Па-іншаму прыма яшчэ называецца ўнісонам. Яна стварае пачуццё стабільнасці і нерухомасці.

СЕКУНДА - "два". Ахоплівае дзве ступені. Секунда - найменшы інтэрвал з тых, што складаюцца з розных гукаў. Пры гарманічным выкананні гучыць востра, а ў меладычным руху па-рознаму: ўверх - як плаўны крок наперад, а ўніз - журботна, сумна.

ТЭРЦЫЯ - "тры". Ахоплівае тры ступені. Тэрцыі гучаць прыемна і прыгожа як у меладычным, так і ў гарманічным варыянтах - апошняя асаблівасць пасуе таму, што менавіта з некалькіх спалучаных тэрцый пераважна складваюцца акорды.

КВАРТА - "чатыры". Ахоплівае чатыры ступені. Кварта лічыцца ўрачыстым інтэрвалам, нярэдка яе можна пачуць у фанфарах, як у меладычным, так і ў гарманічным выкананнях.

КВІНТА - "пяць". Ахоплівае пяць ступеняў. Квінта стварае пачуццё пустэчы праз адсутнасць пэўнага характарнага гучання.

СЕКСТА - "шэсць". Ахоплівае шэсць ступеняў. Секста перадаць мяккасць і пявучасць у гучанні, асабліва пры меладычным выкананні.

СЕПТЫМА - "сем". Ахоплівае сем ступеняў. У адрозненні ад папярэдняга інтэрвала гучыць рэзка, непрыемна, асабліва пры гарманічным выкананні.

АКТАВА - "восем". Ахоплівае восем ступеняў. Так жа, як і прыма, актава змяшчае аднолькавыя ноты, толькі размеркаваныя па вышыні. Гэты інтэрвал таксама стварае пачуццё стабільнасці і дазваляе напоўніць мелодыі аб'ёмам. 

Характары інтэрвалаў

У папярэдняй частцы артыкула пры пералічэнні назваў інтэрвалаў даваліся апісанні таго, якія суб'ектыўныя пачуцці інтэрвалы могуць выклікаць у слухача - ў істотнай ступені гэта звязана з гарманічным выкананнем інтэрвалаў, а менавіта з дзяленнем іх гучання на дзве вялікія групы: дысанансы і кансанансы.

Пачнем з дысанансаў. Само гэта слова ў цэлым агульнавядомае, нават калі вы не ведаеце канкрэтную дэфініцыю - яно абазначае няўзгодненасць, нязладжанасць. Так ёсць і ў музыцы, дысананс - гэта такое спалучэнне гукаў, паміж якімі адбываецца нейкі суб'ектыўны канфлікт. Калі вы адчуваеце нейкае напружванне, нават раздражненне пад час слухання інтэрвала, гэта і ёсць дысананс. Да дысаніруючых інтэрвалаў адносяцца секунды і септымы. Дысанансы ёсць амаль у кожным творы, яны дадаюць пэўную "пярчынку", робяць музыку больш разнастайнай і кантраснай.

Кансананс жа ў музыцы - гэта супрацьлегласць дысанансу, гэтае слова азначае зладжанасць. У кансанасах нельга адчуць канфлікта ці нейкага ўзбуджэння, толькі мілагучнасць або спакой. Да гэтай групы інтэрвалаў адносяцца: прыма, тэрцыя, кварта, квінта, секста, актава.

Менавіта ажыццяўленне плаўных пераходаў ад дысанансаў да кансанансаў і наадварот нараджае ў музыцы рух, развіццё і цікавасць, бо на псіхалагічным узроўні слухачом такія пераходы ўспрымаюцца як назапашванне канфліктаў і іх вырашэнне - такая гульня, якая ідзе напрацягу музычнага твора і праз гэтыя ўзаемаадносіны расказвае тую ці іншую гісторыю.

Падсумаванне

Гэта толькі базавае знаёмства з тэмай інтэрвалаў, насамрэч і пра нюансы іх пабудовы і пра розныя іх назвы і нават пра іх колькасць магчыма распавесці яшчэ вельмі, вельмі шмат. Калі вас цікавіць гэтая тэма, калі ласка, падпісвайцеся на суполку Muzyka bielaruskaj, сачыце за абнаўленнямі і далучайцеся да абмеркавання. Таксама пакупайце нашыя беларускамоўныя нотныя сшыткі, калі самі з'яўляецеся выкладчыкам/цай музыкі!

Report Page