“Усе розныя і хочуць быць сабой. А “нармальная большасць ” з’ява больш рэдкая, чым аднарог”. Даша Гардзейчык расказала, як працавала над падкастам “Іншыя гісторыі” 

“Усе розныя і хочуць быць сабой. А “нармальная большасць ” з’ява больш рэдкая, чым аднарог”. Даша Гардзейчык расказала, як працавала над падкастам “Іншыя гісторыі” 

Тётя Ира


Што адчувае чалавек, калі мае досвед некалькіх спробаў самагубства? Як жывецца асобе з пазітыўным ВІЧ-статусам? Як быць, калі ў эміграцыю давялося з’ехаць у вельмі сталым веку? І - як размаўляць з людзьмі, якія маюць такі не падобны на твой ўласны жыццёвы досвед. Пра гэта для канала “Тётя Ира разрешила” расказала журналістка і падкастарка з Гродна Дар’я Гардзейчык. Яна - аўтарка і вядоўца падкаста “Іншыя гісторыі”. 

“Праект прымусіў мяне яшчэ раз пераканацца, што не існуе аніякай «нармальнай большасці», - кажа журналістка. -  Гэты канцэпт - з'ява яшчэ больш рэдкая, чым аднарог. Яго таксама немагчыма спаткаць у рэальнасці”.

 

Дар'я Гардзейчык, аўтарка і вядоўца падкаста "Іншыя гісторыі"

Навешванне на людзей “цэтлікаў” вядзе да дыскрымінацыі

“Насамрэч , іншыя - мы ўсе. Гэта акурат тое, што я зразумела за гады сваёй працы. Кожны і кожная з нас мае свае асаблівасці, прывілеі і ўразлівасці. У кожнага і кожнай – свой унікальны досвед і жыццёвы шлях. Падаецца, што думка банальная, але на гэтым палягае, напрыклад, маё перакананне, што няма аніякай “большасці” і аніякай “меншасці”, якія супрацьстаўляюцца адно аднаму””.

Даша прыводзіць у прыклад фармуліроўкі пра “сэксуальную меншасць” і “сэксуальную большасць”, “большасць, якая не мае асаблівых патрэб” і “меншасць, якая мае”, “сярэднестатыстычная асоба” і “несярэднестатыстычная асоба”.

“Гэта не больш, чым стэрэатып, які вядзе да навешвання цэтлікаў на пэўных людзей, а далей – да іх дыскрымінацыі”.

Іншыя людзі - гэта не “экзотыка”

“Акурат тое, чаго я ўсімі сіламі намагалася пазбегнуць у падкасце – гэта экзатызацыі. Маўляў, паглядзіце, якія дзівакі, як яны адрозніваюцца ад “звычайных людзей”. Мая мэта - расказаць гісторыі беларусак і беларусаў у вымушанай эміграцыі, якія праз прыналежнасць да розных уразлівых груповак сутыкаюцца з тымі выклікамі, каторыя мала асвятляюцца ў медыя.

Напрыклад, мы часта кажам, як складана нам адаптавацца ў новай краіне праз бюракратычную сістэму. Але не кажам пра тое, з якімі дадатковымі выклікамі сутыкаюццаа людзі з ВІЧ-станоўчым статусам, якія мусяць прымаць антырэтравірусную тэрапію. Або людзі, якім трэба выпісваць антыэпілептычныя ці антыпсіхатычныя прэпараты. Хоць гэтую тэму варта асвятляць, бо шмат якім эмігрант:кам даводзіцца прымаць пэўныя лекі. І шмат хто з іх адначасова са змаганнем з бюракратыяй змагаецца з праявамі дыскрымінацыі і нянавісці.” Калі раптам у вас узнікнуць сумневы, што ў наш час людзі з ВІЧ-станоўчым статусам ці псіхіятрычнымі захворваннямі церпяць ад дыскрымінацы, паслухайце падкаст “Іншыя гісторыі”. Там пра гэта вельмі падрабязна расказваецца.

Гісторыі людзей ілюстраваныя праз саунд-дызайн

Дар’я Гардзейчык працуе з падкастамі даўно і паспяхова. Яе ведаюць па праектах “Утульны горад”, “Гісторыя беларускага сэксу”, “Дочкі - маткі”. Гэтыя падкасты - размоўныя. А падкаст “Іншыя гісторыі” стаў для Дашы першым наратыўным падкастам.

“Гэта такі падкаст, дзе расказваецца пэўная гісторыя з умоўнымі завязкай, кульмінацыяй і развязкай.
Яны патрабуюць зусім іншага ўзроўню падрыхтоўкі і мантажу, чым размоўныя падкасты. Ад пачатку я пісала сцэнар размовы, брала інтэрв'ю, а потым пісала новы сцэнар – сцэнар выпуска. Бо тое, што я дазнавалася пра гераіню ці героя падчас інтэрв’ю, моцна змяняла маю папярэднюю ідэю".

Таксама новым для мяне стала неабходнасць “замарочвацца з саўнд-дызайнам”. То-бок дадаваць шмат гукавых эфектаў, каб ілюстраваць расповед.. Я вельмі люблю гэтую частку працы: яна творчая, хоць і патрабуе пэўных высілкаў”.

Чужы боль баліць як уласны

Найвялікшым выклікам для мяне стала прапусканне чужога болю праз сябе. Немагчыма неяк “адключыць” эмпатыю і не суперажываць людзям, якія перажылі палітычны пераслед, страты блізкіх, гвалт, уцёкі ад вайны. Да таго ж я мусіла праслухаць гэтыя гісторыі не раз, і нават не два, а нашмат больш. Тое, як некаторыя героі ці гераіні расказвалі пра пэўныя трагічныя падзеі са свайго жыцця, я дагэтуль памятую даслоўна. Нават інтанацыі памятаю.

Псіхалагічна гэта вельмі складана. Пасля таго, як я ўзяла інтэрв’ю ў гераіні апошняга выпуска, я проста лягла і заснула на тры гадзіны. Хаця напапярэдні я выспалася, праз гэтае інтэв’ю ўся жыццёвая энэргія мяне проста пакінула.

Яшчэ адзін тэхнічны момант – гэта працягласць інтэрв’ю. Немагчыма распавесці ўсю сваю біяграфію за дваццаць хвілін. Мне давадзілася размаўляць з кожнай ці кожным  ў сярэднім па дзве гадзіны з перапынкамі на падыхаць. Гэта няпроста нават фізічна”.

Шмат “адкрыццяў” пра сістэму, уладу і прабачэнні

Інсайтаў было шмат. Па-першае, я ў чарговы раз пераканалася, што людзі здольныя на абсалютна любую ступень жорсткасці датычна тых, над кім маюць уладу.

Па-другое, я яшчэ раз пабачыла, што беларуская ўлада з яе “ўсемагутнымі” сілавымі структурамі, якая быццам бы ўсё трымае ў “яжовых рукавіцах”, насамрэч гарманічна суіснуе з усеахопным крыміналам.

Па-трэцяе, я стала па-іншаму ставіцца да людзей, якія свае паводзіны апраўдваюць цяжкім дзяцінствам і траўмамі. Зразумела прыклад (але далёкі не адзін) – гэта выпадак, калі рамантычны партнёр у стасунках паводзіць сябе дзіўна, а потым кажа: “Так я не меў рацыі, але зразумей мяне, мне ж так цяжка”. Не, даражэнькі. Гэта маім гер:аіням было цяжка, але яны паводзяць сябе прыстойна. Не трэба блытаць з абясцэньваннем пакут іншых людзей, таму шта яны быццам бы меншыя, чым у кагосьці (пакуты ўвогуле нельга мераць аніякімі інструментамі), але пра тое, каб не здымаць адказнасці з людзей, якія свае брыдкія паводзіны тлумачаць цяжкім жыццём.

Як не пакрыўдзіць тых, хто згадзіўся адкрыць сваё жыццё з усімі складанасцямі?

“Яшчэ раз падкрэслю, што іншыя для мяне – гэта ўсе людзі. Бо ўсе людзі розныя. Таму пра кожную асобу трэба пісаць як пра чалавека з неад'емнай чалавечай годнасцю.

На мой густ, найлепшы спосаб быць тактоўнай, калі ёсць пэўныя сумневы, сказаць пра гэта прама.

Напрыклад: «ведаеш, я баюся быць нетактоўнай, калі кажу пра гэтую з'яву. Як бы ты гэта назва:ла, каб гэты было камфортна для цябе?»

Чаго я звычайна пазбягаю, дык гэта слюру (словы, якімі можна абразіць людзей пэўнай нацыянальнасці, сацыяльнага статусу, сэксуальнай арыентацыі, гендэра і стану здароўя) і мовы нянавісці. Больш канкрэтна і падрабязна можна пачытаць у артыкулах на сайтах theothersby.org і humanconstanta.org.

Як на мой густ, рэцэпт удалага інтэрв’ю з любым чалавекам – гэта быць шчыра зацікаўлен:ай ў яго ці яе асобе, а не намагацца павесіць цэтлік, даць ацэнку і падвесці пад нейкі стандарт, які існуе ў нас у галаве.

 Усе розныя, усе хочуць адкрыта быць сабой 

Не стамлюся паўтараць, што іншыя – гэта ўсе мы. І гісторыя кожнага і кожнай з нас адрозніваецца ад адной. Расказваць сацыяльна значныя гісторыі – гэта наша прафесія як журналіста:к. А гісторыі беларуса:к у вымушанай эміграцыі, якія маюць розныя ўразлівасці, - гэта сацыяльна значныя гісторыі.

Ведаць пра досвед людзей, якія жывуць побач з намі, - гэта заўсёды актуальна. У сітуацыі, калі сотні тысяч беларусак і беларусаў мусілі пакінуць краіну, - гэта ўдвая актуальна.

Дар'я Гардзейчык, аўтарка і вядоўца падкаста "Іншыя гісторыі"
У сучасным свеце ўжо немагчыма адмаўляць людзям у частцы іх досведу і ідэнтычнасці (калі не накіраваць на гэта ўсю моц дзяржаўнага гвалту, канешне). Маўляў, сядзіце дома, не высоўвайцеся, не кажыце нікому, што вы «такія». Не. Усе розныя, усе хочуць адкрыта быць сабой і не цярпець ад таго, хто яны ёсць.

Я спадзяюся, што чым больш мы дазнаемся пра іншых, тым больш цярпімымі мы становімся да таго, што хтосьці адрозніваецца ад нас. 

Report Page