Імгненьне першае: надзвычайнае пасьмерце Выканкам Даздрапермыча

Імгненьне першае: надзвычайнае пасьмерце Выканкам Даздрапермыча


Рып! – пажаліліся ў пустату дзьверы "масквіча" апошняй мадэлі. На тратуар, дрыгаючы канцавінамі, нібы амёба ілжэножкамі, вывалілася ўкормленае цела. Левы бок труны на колах падскочыў, нібы на спружынах, ды завагаўся, паціху зьмяншаючы амплітуду. Гуп! – з палёгкаю бразнулі дзьверы.

Цела (або, мабыць, слушней сказаць "туша") пырхнула, выцерла пот зь ілба насовачкай ды пакацілася да ўваходу ў вуглаваты, пафарбаваны ў вар'яцкую сумесь банананавага і ружовага колераў будынак. 

Хол будынка быў аздоблены турнікетам, карыстаным мэталашукальнікам ды будкай з пажаўцелага плястыку. У камплекце да будкі ішоў ссушана-ссучаны ахоўнік з заспанымі вачыма ды доўгімі, жоўтымі ад кепскага харчаваньня ды застою жоўці зубамі. Нягледзячы на трыццацігадовы ўзрост ён ніколі не здымаў фуражкі. Туша апусьціла галаву, наколькі гэта дазваляла безьліч падбародзьдзяў. Зразумеўшы, што кіўнуць так і не атрымалася, зьлёгку пакруціла галавой. 

– Здрасьці, Выканкам Даздрапермычь! – нарэшце апрытомнеў ахоўнік.

Выканкам Даздрапермыч з пачуцьцем перавагі паправіў парык, задаволена пырхнуў, выцер пот зь ілба насовачкай ды, цяжка пырхаючы, спатыкаючыся ды выціраючы пот з усіх бакоў галавы ўсё тым жа шматпакутным шматком тканіны, пакаціўся па лесьвіцы. Ліфт праз амаль поўную адсутнасьць электрычнасьці ды знос тросаў ужо даўно ржавеў у занядбаньні. Закончыўшы ўзыходжаньне туша радасна пырхнула, кіўнула сакратарцы, якая, няўдала парадуючы гаворку мэтраполіі, павіталася:

– Добрый дзень, гаспа-адзін прідсі-ідацьль!

Абое, задаволеныя сумнеўным посьпехам, зьлёгку ўсьміхнуліся, вярнуліся на свае месцы ды пачалі займацца сваімі справамі. Выканкам Даздрапермыч раскладаў касынку, сакратарка, паклаўшы нагу на нагу, пракручвала сайт "краевых ведомостей". 

Апоўдні сакратарка ўнесла ў кабінэт тэлефон. На запытвальна-абуранае пырханьне паслужліва адказала:

– Двацц трі зва-анка ат пра-асіцьлей. Эці пра-аслушйем па-атом. Ішшё зва-аніл Лі-іксей Ва-адзімчь. Ізвольць пірізва-аніць?

Выканкам Іваныч "ізвольл". Праз колькі сэкунд гудкоў па той бок слухаўкі знаёма засакатаў голас старога сябра:

– Алё? Даздрапермыч? Ну шо, як зьвязь? У парадке? Замячацельна. Як здароўе тваё? Ўсё яшчо выпіваеш? Ну ты там гэта, собсна, ў меру пей. Як ляхі гавораць "Цо забардза, то нездарова", ілі як іх там, трасца разьбяры...

Мінула прыкладна паўгадзіны зьмястоўнага дыялёгу, цягам якога Даздрапермычаў суразмоўца бясконца запытваў і сам адказваў на свае пытаньні, ведучы нітку размовы навобмацак і звыкла арыентуючыся па працягласьці і інтанацыі пырханьня. У рэшце рэшт Ляксей Вадзімыч урэшце перайшоў да справы:

– Я чаго, собсна, званю. Мне сёньня выступленьне нада правадзіць у актавым зале. Перад маладзёж'ю, ісьцесна. Пра вялікія пабеды прошлага і настаяшчага плюс пабеды прадстаяшчыя, ге-ге. Зь пасьледнімі двума пунктамі праблем няма. А во зь первым... Кароча, ты ж шасят трэцяга года, к таму жа історык. А я семсят васьмога, мала шо помню, малой быў ды яшчо й аграрый. Як яно там было?

Размова трывала яшчэ блізу гадзіны, закранаючы найсмачнейшае ў сьвеце марозіва, Вялікую Перамогу і бясплатныя кватэры. Проціпастаўляліся ім сучасныя прадажніцтва, двурушніцтва ды павышэньне пэнсійнага ўзросту на тры чвэрці года штогод. Ляксей Вадзімыч не саромеўся ў выразах, бо ведаў: у мясцовага ўпраўленьня ФСБ бракавала сродкаў на праслушку. Напасьледак узгадваліся надзеі на шчасьлівае паваеннае жыцьцё. Цягам размовы сябар прадэманстраваў выбітныя навыкі эмпатыі (хаця, хутчэй экстрасэнсорыкі), фармулюючы суразмоўцавы думкі і выказваючы іх яму. Сам Выканкам Сямёныч даўно ад гэтага адвык за непатрэбаю.

А палове на трэцюю Выканкам Сямёныч урэшце расклаў пасьянс. Задаволена пырхнуўшы, ён выцер пот зь ілба насовачкай ды чакальна ляпнуў на па стале. Сакратарка зразумеўшы сыгнал, выгукнула:

– Следушшій!

"Следушшім" клікалі кожнага з наведнікаў. Нават калі ён быў першы за дзень. "В нашм гасу-ударсві все ра-авны" – так думала сакратарка. Выканкам Даздрапермыч так ня думаў. Ён агулам мала як думаў. І мала калі. І мала дзе. Але пабачыўшы круглявы, поўны самаздваленьня твар наведніка, мусіў. 

– День добрый, Даздрапермыч! - па тушы прайшла лёгкая рабізна, - О, не вставайте! Тем более в вашем возрасте и кхм... положении это не очень рекомендуется.

У адказ Выканкам Сямёныч выдаў нейкі прыглушаны нечленападзельны гук, поўны жаху, неспадзяванасьці ды рабалепнага захапленьня.

– Совсем забыл представиться. Смирнов Георгий Анатольевич. Старший инспектор по делам о местном управлении при администрации генерал-губернатора Края. Да сядьте же наконец! 

Рэкамэндацыя ды заўвага былі лішнімі. Старшага інспэктара ведаў у твар кожны чыноўнік, што прабавіў гадзіны пад дзьвярыма ягонага кабінэта, разглядаючы ягоны недарэчна гераічны партрэт. А мелі такі досьвед амаль усе. Выканкам Сямёныч зморана плюхнуўся ў крэсла і дастаў з кішэні насовачку, шчыра шкадуючы, што ня можа выцерці ёй пот з усіх частак свайго аб'ёмістага цела. 

– Прекрасно. Давайте сразу перейдём к делу.

Высокапастаўны наведнік дастаў з кішэні аркушык ды пачаў зачытваць яго безжыцьцёвым канцылярскім голасам.

– Внеплановая проверка отчётности вверенной вам районной администрации выявила множественные грубые нарушения законодательства Содружества, совершённые за двадцать лет вашего нахождения в должности. Среди них...

Далейшага пераліку Выканкам Даздрапермыч ня чуў. Перад ягонымі вачыма імкліва ды ўрывіста праносілася ўсё жыцьцё. Гэта не было падобна да эпізодаў з танных кінафільмаў пра "самоотверженное превозмогание" "бравых рубак" ва ўніформе Супольнасьці, якія "из последних сил" бяруць у палон варожага палкоўніка/генэрала/міністра/прэзыдэнта (патрэбнае падкрэсьліць), вызваляюць народы ды, калі гэтыя сілы канчаюцца, прашытыя як мінімум парай дзясяткаў куль, пад флэшбэкі зь дзяцінства гераічна падаюць на амбразуру. 

Не, Выканкам Даздрапермыча быў далёкі ад кіношных герояў. Нарадзіўся ён у сям'і пралетара зь дзіўным імем Даздраперм Ўладленыча, рабочага падшыпнікавага заводу. Даздраперм Уладленыч піў, кідаў піць праз нястачу грошай, цягаў з заводу прадукцыю, прадаваў ды зноў піў. У перапынках любіў скардзіцца на жыцьцё (найперш на сышоўшую зь сям'і жонку ды хворую фантазію бацькоў-камуністых) ды як сьлед адводзіць душу на любым сыночку. 

Выканкам Даздрапермыч проста ня мог жыць як бацька. Ён зразумеў гэта адразу, як толькі пазнаёміўся з дыхтоўна (хоць і безгустоўна) адзетымі, укормленымі дзецьмі намэнклятуры. У школе адразу стаў акцябронкам. У другое клясе заняў пасаду старасты, падкінуўшы свайму папярэдніку забароненую тады жуйку. Вучыўся ўвесь час на выдатна, уступіў у піянэры, закончыў школу на залаты мэдаль. А ўспаміны беглі, усё паскараючыся: гістфак, камсамол, стараста курса, безэмацыйны твар на бацькавым пахаваньні, раздушанае жаданьне зьмяняць сьвет і чырвоны дыплём. 

Далей былі Перабудова, Партыя Адраджэньня, статысячныя дэманстрацыі, артыкул пра рэпрэсіі часоў Саюза ў папулярным часопісе. Муры падалі, цягнучы за сабою жалезную заслону і пэўнасьць у заўтрашнім дні. Дэвіз Выканкам Даздрапермыча "Tempora mutantur et nos mutamur in illis" (часы зьмяняюцца, а мы зьмяняемся разам зь імі) вымагаў зьмены жыцьцёвага курсу. І Выканкам Даздрапермыч выйшаў з камуністычнай партыі, няўдала балятаваўся ў Парлямэнт ды ўрэшце асеў у пыльным архіве выканкама Богам забытага раёна Горада Сонца. Пабудаваў дачу, купіў стары вішнёвы масквіч апошняй (як тады наіўна думалі) мадэлі. Абачліва памяняў сьцяжок на пісьмовым стале. Tempora зноў зьмяніліся і жыцьцё пайшло на лад. Выканкам Даздрапермыч патроху абрастаў сувязямі, старой мэбляй, грашыма ды тлушчом. Жонкі так і не завёў, бо гэта вымагала зашмат рэсурсаў.

Празь некаторы час ён пазнаёміўся з Ляксей Вадзімычам, выхадцам зь сяла. Спачатку стары месьціч глядзеў на новага з пагардай, але атрыманьне апошнім пасады намстаршыні птушкафабрыкі зрабіла сваю справу. Праца, вячоркі на кухні за шахматамі, чаркай ды скваркай. Уздыхі аб Саюзе, спадзевы на новае жыцьцё. Зь цягам часу колькасьць шахматных партыяў, спадзеваў ды вымаўляных Выканкам Даздрапермычам словаў скарачалася. У зваротнае прапорцыі расла колькасьць чарак, скварак ды ўздыхаў, якія паступова пераходзілі ў знаёмае пырханьне. 

– Исполком Даздрапермыч, что с вами? Олечка, вызывайте скорую!

Уваччу стаяў туман, у галаве тлум, у вушах - белы шум. Выканкам Даздрапермыч, пачуваўся так, нібы некуды імкліва і незваротна падаў. Апошнія ўрыўкі ўспамінаў ставалі попелам: горан на лінейцы ў піянэрлягеры, першае каханьне, няпэўнасьць на ўручэньні дыплёмаў, вясновы дождж, ліпеньскі таполевы пух, асеньні лістапад і рыплівы зімовы сьнег...

На імгненьне Выканкам Даздрапермычу здалося, што ён злавіў нейкую дужа важную думку. Думку, вартую таго, каб выказаць яе перад сконам. Прадраўшы завесу соннае млявасьці, старшыня шырока разявіў рот... гучна пырхнуў, крыху пакачаўся па пыльнай падлозе ды заціх. 

Георгі Анатоліч здрыгануўся ды на хісткіх нагах выбег з кабінэту, прыціскаючы да грудзей пузаты партфэль з дакумэнтамі. 

– Скорая сказала, што будзіт ні раньшэ, чем чіріз полчяса. Дарогі разбіты нідавнім парадам, - раптоўна забыўшыся на фальшывы "гва-арок" прамармытала агаломшаная сакратарка. Але неўзабаве прыйшла ў сябе ды ўжо спакайней заўважыла: - Ані там са-авсем с ума са-ашлі с свайімі па-арадмі. Пі-ітнацц лет ва-аюйм, а всё ешшё ні прі-ідумлі, ку-уда дзі-іваць цехньку. Тока да-арогі порцьт.

– Полно вам, Олечка. Отмените вызов скорой, а то вам такие счета по приезду выставят, с нашей бесплатной медициной-то, - дабрадушна рагатнуў Георгі Анатоліч. - Лучше вызовите врача завтра, пусть осмотрит его "як след" и без спешки. 

– Перманентнае прэкрашшэніе жызьнедзеяцельнасьці, - ганарліва расьцягваючы словы прамовіў лекар, праціраючы сяк-так змацаваныя ізастужкай акуляры.

Олечка скептычна агледзела цела, раптоўна разьбітага пэрманэнтным спыненьнем жыцьцядзейнасьці Выканкам Даздрапермыча. 

– А с эцім жы-ывут?  - цікаўна запыталася сакратарка.

– Нет. Ва ўсякам случае, такова ў маёй пракціке яшшо не была. Но эта яшшо нікагда не мяшала вядзенію акціўнай трудавой жызьні, цем более, што места на клабішчэ стоіт непад'ёмна дорага, а лішніе рабочые рукі нам очэнь нужны - пасьпяшаўся супакоіць сакратарку, якая штохвілінна выцірала сухія вочы папяровай хустачкай, доктар.

І ён меў рацыю.

З тых часоў у выканкаме мала што зьмянілася. Хіба што старшыня цяпер працаваў так дбайна, што ніколі не пакідаў ягоных пафарбаваных у вар'яцкую сумесь бананавага і ружовага колераў сьцен. У дні прыёму большасьць грамадзянаў нават не зважала на нездароўе Выканкама Даздрапермыча, а толькі ціха казала, выйшаўшы з кабінэта "Он сёдня на удзівленіе малчялівый і спакойный. Всегда б так". Іншыя адзначалі непрыемны пах Выканкамава цела, на што сакратарка, якая цяпер сядзела колькі мэтраў далей ад кабінэта, закрываючы ноўтбукам асьвяжальнік паветра, строга адказвала:

– Чьла-авек ні-ідзелю ні мылсь, са-авсем зра-аботалсь. Я це-ерплю і вы це-ерпіць.

Пачуўшым такую водпаведзь наведнікам заставалася толькі бездапаможна разводзіць рукамі ды бурчаць нешта пад нос. І толькі зусім дробная купка людзей, прычыняючы за сабою дзьверы, радасна думалі: "А вось бы гэтак з усімі імі", устрывожана хавалі ўсьмешку ды на лёгкіх нагах беглі па сваіх справах, тоячы неспадзяваную думку: "Трэба праз тыдзень завітаць яшчэ".


Report Page