VII

VII

Яна Цэгла


Галіна не першы раз бачыла гэтых мужчын. Усе такія непрыемныя. Адзін тлусты, другі лысы, трэці з барадой. Не выклікалі ў яе ніякай цікавасці. Яны набылі ёй віно і ежу, толькі таму яна і заставалася з імі. У рэстаране было не шмат людзей, сярэдзіна тыдня. Музыкі гралі неўдалую песню Водограя. Палова лямп не гарэла і нічога амаль не было бачна.

Два тыдні ўжо як яна павярнулася з Мінска. Мікола паабяцаў, што дашле ёй ліст. Напіша ў ім, калі прыедзе ў Дубавею ў сваты. Не напісаў. І хоць дзяўчына ведала, як моцна ён яе любіць і разумела, што проста нешта адбылося, а ўсё роўна хвалявалася. Не знаходзіла сабе месца на кватэры Інгі, таму і пачала ізноў хадзіць па старым месцам.

Тут яе заўсёды чакалі і былі рады бачыць. За час яе адсутнасці ў суседняй Лідзе адкрылі новую піўную. Ды ўжо за гэты час дзяўчына паспела туды тры разы патрапіць. Усе мужчыны чакалі ад яе толькі аднаго, а калі не атрымлівалі, то больш не звалі. Некаторыя і кальцо на пальцы бачылі. Але колькасці іх была такая, што яшчэ на тыдзень гулянак хопіць.

Сёння Галіна была асабліва шчаслівая, што не сядзіць на кватэры сястры. Інга даведалася, што яна і Мікола вырашылі ажаніцца. Мэнчыла яе з пытаннямі і ўжо збіралася бегчы здымаць грошы, каб зладзіць яшчэ большая вяселле, чым было ў Вольгі. А Галя гэтага больш усяго баялася. Не хацела святкаваць тут, у Навадубе ці Чаркесах. Баялася, што нехта сапсуе яенае шчасце. Мікола і сам прапанаваў, каб усё ў сталіцы адбылося. Засталося толькі ўсіх Сулімаў на гэта зламаць.

Ужо ўяўляла яна як будзе ўсё адбывацца на іх з каханым свяце. І разумела, што не сустракала раней такога мужчыну, як ён. Але баялася старэйшай сястры. Павел Хадкевіч не пакідае яе ў спакоі. Інга, як загнаная жывёла, бегае з аднаго кута ў іншы і ледзве трымаецца, каб не звярнуцца да Насты. А ў той размова кароткая. Па ўсёй кватэры тут і там адшуквала Галіна свежыя стужкі ад белага парашка. Адзіны варыянт, каб старэйшая сястра трымала сябе ў руках.

Больш не жадаючы думаць аб справах сям'і, жанчына паварушыла галавой. Доўгія завушніцы, якія ёй на дзень народзінаў падаравала Вольга, прыгожа зазвінелі. Як ніколі раней адчувала Галіна сябе прыгожай. Нарэшце не толькі яе кахалі, а і яна. Ад гэтага ў яе і вочы інакш ззялі, і паходка стала такой жвавай, нават валасы пышней сталі. Усе бачылі, як пахарашэла яна, ды толькі мала хто разумеў чаму.

— Я не люблю жанчын з вачыма, як у каровы! — пачаў раптам нейкую незразумелую прамову адзін з яеных застольцаў. — Як усе, што сядзяць навокал. Яны сядзяць і глядзяць на кожнага мужчыну, як на гаспадара. А ў люстэрцы душы ніводнай уласнай думкі. І чакаюць, калі нехта пасадзіць іх на ланцуг, каб толькі не прыйшлося нешта самім рабіць і думаць. Я ненавіджу жанчын з вачыма, як у каровы. Так агідна на іх глядзець. І разумець, што такая ж жонка будзе і ў мяне некалі. Такіх, як ты Галя, па пальцах можна пералічыць. Не падабаюцца мне жанчыны з вачыма, як у каровы.

Галя толькі ветліва пасміхнулася і падняла келіх з віном, каб звонам сцішыць думкі ў яго дурной галаве. Ён быў ці то пісьменнікам, ці мастаком. Некалі яны пазнаёміліся на вяселлі Насты і Платона. Яны з апошнім, здаецца, сябры ці разам працавалі. Дзяўчыну гэта ніколі не цікавала, як і увогуле чым займаліся мужчыны, з якімі яна некалі была побач. Павярнула галаву, бо ўчула крокі і ўбачыла Лазара. Той быў прыгожа апрануты ў касцюм і дакладна рухаўся да яе.

— Паважаныя, вы не супраць, калі я скраду сваю старую сяброўку на адну кампазіцыю? — «стары сябар» нахіліўся да стала і адмовы не чакаю.

Троіца разгублена паглядзела на яго, дазволілі. Галя спакойна паднялася са свайго месца і разам з Лазарам выйшла ў цэнтр зала, дзе танчылі ўсе. Сёстры распавялі ёй, што адбылося і яна была вельмі рада, што зараз ён з Асяй. Пасля таго, як яна яго ацаліла, то яны так і засталіся разам. Ці то ўдзячнасць, ці то вочы ў яго адкрыліся. Ды толькі нага з гліны гучна грукала заўсёды па падлозе.

— Мяне адправіла да цябе Інга. — паклаўшы далонь на талію спакойна патлумачыў Лазар сваё з’яўленне. — Яна лічыць, што калі нармальна кінуць грошай гэтаму ментаўскому сабаку, то ён адчэпіцца. Трэба ехаць у Літву. Я пасаджу цябе на цягнік, а назад ужо пешшу вяртайся. Бо шмат грашэй гэта небяспечна.

Жанчына нічога не адказала. Ніяк інакш яна зрабіць не магла. Толькі папрасіла чакаць яе на вуліцы. Павярнуўшыся за стол да мужчын, яна зразумела, што не зможа проста так сысці. Яны накармілі яе, прыгасцілі віном. А адзін увогуле цэлую ціраду выказаў. За такое яна павінна адпрацаваць. Разумеючы, што больш яна з імі ніколі не сустрэнецца, дзяўчына імгненна прыдумала ўсё. Схапіла сваю сумку і сказала, што выходзіць у туалет.

Толькі патрапіўшы з зала ў іншы пакой, яна не чакаючы нічога, кінулася на вуліцу. Там прыемны вечаровы туман і холад. Хутка май і зусім трошачкі засталося да лета. Чорная Волга стаяла зусім ля ганка, хоць і гублялася ў тумане. Лазар сядзеў на месцы кіроўцы і чакаў толькі яе. Галіна села побач з ім спераду, зачыніла дзверы і паглядзела ў акно. Мужчыны, вырашыўшы, што можна пасмаліць, выйшлі на вуліцу. Ды і ўбачылі яе.

Адзін з іх, лысы хацеў кінуцца да Волгі, а двое астатніх разгублена глядзелі. Вясёлая Галя пацалавала сваімі чырвонымі вуснамі шкло машыны і памахала ім рукой. Да іх яна ніколі не вернецца. Яе чакае іншае жыццё, яе чакае каханы чалавек і вялікі горад. Засталося толькі ў апошні раз дапамагчы сваёй сям'і і выйсці з гэтай справы.


***


У вачах Асі ззяла невыразная пяшчота. Лазар хоць і з’ехаў ненадоўга, але ёй яго моцна не хапала. За той час, як яна ацаліла яго, яны ўвесь вольны час бавілі разам. Яна працягвала яго кахаць, а ён, здаецца, быў павязаны з ёй нейкай небачнай сувяззю. Жанчына сачыла за ягонай нагой і сама дрэнна разумела, што адбылося.

Мядзведзь усё яшчэ ляжаў на вуліцы і чакаў, калі з яго здымуць скуру. Некалькі тыдняў мінула. Ужо і на сваёй назе Лазар ходзіць ізноў, а мядзведзь усё ляжыць. Ды тое, каб Ася зразумела. Чароўны мядзведзь, не жывёла. Калі б быў натуральнай істотай, то раскладаўся. А так ляжыць як жывы, только раніцай кроў цячэ з шыі.

Ды цяпер прыйшоў час. Увесь май квітнее і брыдка той пачвары яшчэ ляжаць у двары Сулімаў. А Яніна з Іванам усё хадзілі, ды нічога не бачылі. Ася не ведала, як гэта атрымліваецца, але ёй падабалася. Такія таямніцы варта пакідаць паміж сёстрамі і ёй. Яны разам аддцягнулі тушу звера глыбей у сад.

Тут іх не павінны ўбачыць. У цені яблыні і груш. Лазар даў жанчыне нож, каб яна пачала. Ён задушыў яго голымі рукамі. Калі Ася гэта зразумела, то была ў захапленні. Гэта яе мужчына! Герой і волат. І гэтымі жалезнымі жорсткімі рукамі ён так асцярожна абдымае яеныя тонкія плечы. Аднак садраць з яго скуру лепш нажом, каб атрымалася гэта хутчэй.

Шмат разоў рабілі яны гэта з іншымі жывёламі, але з дзікім мядзведзем яшчэ ніколі. Вырашыла пачаць з сапсаванай шыі. Нож брат яены натачыў як мае быць. Только дакранулася да цела і правяла, як палілася, нібыта у жывога кроў. Яна ўхапілася сваімі слабымі увесь час хворымі рукамі за кавалак, які аддзяліўся ад астатняга. І трымаючы яго моцна пачала рэзаць. Мяса пакідала, а скуры ў яеных руках рабілася ўсё больш.

Ніводнага разу не спынілася жанчына пакуль касматая галава не аддзялілася ад астатняга вялізарнага цела ружовай паласой мяса. Трымаючы за пашчу, адвяла яна галаву мядзведзя ў бок і рэзанула моцна, каб яшчэ больш крыві палілося. Ды падставіла рукі. Тая цекла ў падстаўленыя пальцы. Спачатку Ася дала Лазару напіцца, а потым і сама вуснамі ўсмактала жывую сілу істоты.

Мужчына, які трымаў нож пасля яе, адклаў яго на свежую зялёную траву і падсунуўся бліжэй да жанчыны. Яна глядзела на яго сваімі вялікімі вачыма і вельмі хацела сказаць. Столькі словаў ірвалася з яеных вуснаў і яенага языка. Але як птушак трымала іх клетка. Ася не ведала, што гэта. І не помніла, калі ўжо казала. Але не магла. Не магла і хоць плач ад такога.

Амаль усё жыццё жанчына чакала, што з’явіцца волат, які схавае яе за сваімі плячыма. Яна будзе за ім, як за сценамі дома. Ён будзе за яе словы казаць, а яна будзе з ім думкамі думаць. Яна будзе клапаціцца пра яго і аддаваць усю сваю ласку. Верыла і чакала, а калі зусім стамілася чакаць і перастала верыць, то ён і з’явіўся.

Яшчэ і які. Такі, што сярод усёй краіны не адшукаеш. Мужчына трымаў яеныя рукі ў крыві і раптам ён пачаў маліцца. Маліўся ён брыдка, забываючыся і паўтараючыся. Па-польску. Не разумеючы сэнсу словаў, але з імпэтам. Клікаў свайго бога на дапамогу. Не адразу закаханыя ўбачылі, як падняўся на ногі мядзведзь. А калі ўбачылі, то той ужо стаяў і прыладжваў адрэзаны кавалак скуры.

Звалілася і Ася, і Лазар з ног на зямлю. Скончыў мужчына маліцца і аглядзеўся. Мядзведзь гучна затупаў нагамі і як з-пад зямлі ўзняліся вакол людзі. І жанчыны і мужчыны. Вялікія і малыя. Старыя і маладыя. Былі яны ўсе такія прыгожыя і чыстыя. Мужчыны з пшанічнымі вусамі. Жанчыны з доўгімі косамі. Некаторыя трымалі ў руках бубны, іншыя сядзелі з цымбаламі. Бегалі дзеці з жалейкамі. А адзін стары дзед з лысай галавой нёс на спіне баян.

Невялікая жанчына, падобная да самой Асі, дастала з сумкі вялікі ланцуг і падыйшла да мядзведзя. Той пакорна падставіў галаву і яна надзела на яго аброжак. Сціх раптам тлум сярод людзей. Гыркнуў на ўсіх дзед. Сеў стары побач з Лазарам і Асяй. Падміргнуў напаўсляпым вокам і зайграў. Спраўна перабіраліся сухія пальцы па клавішам. Цягалі туды-сюды баян, не шкадуючы сябе і не марнуючы часа. Нібыта пасля сну дадаліся цымбалы і бубны. Загойсалі людзі па зямлі.

Маленькія дзеці спраўна гралі на жалейцы і перарываліся толькі каб пасмяцца з дурнога мядзведзя. Той на ланцугу ў маленькай жанчыны не мог стрымацца. Пачаў плясаць і так ладна, што цешыў усіх. То нагамі падскочыць, то рукамі да іх дакранецца. І жанчына яго падтрымлівае. Ласункі з-за спіны дастае. А той толькі і рады. Тому падабаецца людское вяселле.

Першым Лазар падняўся з зямлі. Гліняная нага прасілася ў скокі. Ася пацягнулася за ім. Ды вось яны ўжо сярод натоўпа гэтых людзей. Скачуць і танчуць, як родныя. А дзед усё па-новай і па-новай грае сваю музыку. Сонца яшчэ мацней ад вяселяя пачало пекчы ў скуру, а з дрэваў ляцелі кветкі. Плясалі б і плясалі ўсе, калі б не пачуўся чалавечы крык і ваўчыны рык.

Спалохаўся мядзведзь і зноў мёртвым зваліўся. Разбегліся людзі, патаялі яны і дзед з баянам не дайграў сваю мелодыю. Ася з Лазарам спынілі танцы і азірнуліся. Ля ганка стаяў вялізарны воўк і на спіне ў яго ляжала Галіна. Мужчына імгенна схаваў за сваёй спіной Асю і паглядзеў на істоту. Волк асцярожна павярнуў галаву, схапіў за каўнер пляменніцу і паклаў на зямлю перад сабой.

Асцярожна сеў побач, склаўшы лапы перад сабой і паклаў на іх пашчу. Ася ачуняла і выйшла з-за спіны каханага. Той жа яе не спыняў, бо разумеў, што яна нешта ведае. Жанчына асцярожна падыйшла да вялікага звера, потым азірнулася на смаргонскага мядзведзя, той ляжаў ізноў мёртвы. Марок крыві скончыўся і гэта было на самой справе цяпер.

Воўк нічога не рабіў і толькі чакаў. У чорны вачах нельга было нічога зразумець. Жанчына ўбачыла, што адзенне яенай пляменніцы ў крыві, але хутка зразумела, што воўк яе не кусаў. Абышоўшы Галіну, села на зямлю побач з воўкам і працягнула руку. Той не глядзеў на яе, але зарычаў. Сабраўшы ўсе свае сілы ў адно, яна працягнула свой рух і ўпэўнена паклала руку на яго галаву. Жывёла знерухомела, а Ася закрыла вочы і ўбачыла.

Інга казала ёй, што Галя паедзе ізноў за мяжу. За грашыма. Старэйшая сястра нікому гэтую справу не давярала акрамя Галіны. Тая ведала ўсе сцежкі ля Гудагая. Яна ўжо вярталася з Літвы, па дарозе. Чакала машыны, якая б яе падвезла да мяжы, а мо і да цягніка дадому. Было позна, але яна рызыкнула спыніць адну. Ася дакладна бачыла твар Рыгора. Мужчыну, з якім Галіна некалі мела стасункі. Дрэнна было бачна, што там адбылося, аднак Галіна выпрыгнула сама з машыны, пакінуўшы там грошы.

Рыгор з’ехаў, а тая страціла прытомнасць і засталася на дарозе. Тут яе і адшукаў гэты ваўкалак. Ён не з’еў яе, а прынёс ім. Ася адчувала моцнае цяпло, быццам ведала яго раней. Морок скончыўся і жанчына адкрыла вочы. Побач з Галінай цяпер сядзеў мужчына.

Ён быў старэйшы за яе, але з сівымі валасамі. Яны былі незвыкла доўгія, сабраныя ў хвост. Такая ж барада. На ім было ільняное адзенне і ніякага абутку. Твар быў шырокі, моцны і жудасна жывёльны. Ваўкалак заправіў валасы, якія вываліліся з хваста, за вуха і падняўся на ногі. Цяпер усім прыходзілася глядзець на яго знізу ўверх.

— Я выратаваў яе і цяпер вы мне вінны.


***


Наста доўга чакала, калі ў доме сгасне святло. Гэтыя гадзіны для яе не былі занадта цяжкімі. Проста ўвесь час прыходзілася напружвацца. Галава яе была занята ўласнымі думкамі. Хацелася пахутчэй павярнуцца дадому, у цеплыя абдымкі мужа. Але сённяшнее паляванне толькі распачалося. Як жа доўга гэтага чакала малодшая сястра. Столькі часу яе пісталет ляжаў без справы. Яна ўжо пачала нават злавацца на сястру, якая не клапацілася пра яе. І толькі сёння яны нарэшце былі ізноў разам.

Дзяўчына толькі прыйшла з начной працы і збіралася легчы спаць, калі цішыню парушыў тэлефон. Ён гучаў надрыўна і непрыемна. Стомленая яна кінулася да яго і зняла слухаўку. Спакойны голас старэйшай сястры абадзёрыў яе, нават намёк на сон знік. Машына за ёй ужо ехала, хутка будзе справа. Пасля таго, што Ася зрабіла з Лазарам выклікала ў Анастасіі сапраўдны страх. Магчыма ўперышыню ў жыцці. Яна звыкла, што калі можа пазбавіць чалавека нечага ў яго целе, то гэта назаўсёды. Здольнасці цёткі былі супрацьлеглыя яеным.

Як і чакала, яе прывезлі ў міліцыю. Наста нават не чакала, што з гэтым міліцыянерам будзе столькі клопату. Хадкевіча яна добра помніла, калі ён сустракаўся з Вольгай. І тое, як ім вярцела яе сястра, не казала на яго карысць. Наўрадці яго новая жонка выгадавала з яго моцнага мужчыну. Было больш падобна, што ён проста нешта ад іх хоча. Можа яму недастаткова плацілі і ён хацеў да іх далучыцца. Але падаецца, што ў гэтым Інга яму ўжо адмаўляла.

Усе планы парушыла здарэнне з Галяй. Анастасіі было яе зусім не шкада. Зразумела, што трымалася і за яе, але толькі таму што Інга ставілася да яе добра. Але ў гэты раз сястра пракалолася. Ні ў Лазара, ні ў самой Інгі не атрымалася знайсці Рыгора. Той, бачна, зразумеў, што тое, што ён адшукаў небяспечна і хаваўся. Наста прасіла, каб ёй далі адшукаць, але старэйшая сястра сказала, што пошукамі зараз займаецца самая ўдалая істота.

Нічога не зразумела малодшая сястра, але і часу не было. Сёння ў Інгі ізноў не атрымалася дамовіцца з гэтым Хадкевічам. За грашыма Галіна не можа паехаць у Літву праз свой стан. А здымаць грошы, якія ляжаць на кніжцы нельга. Таму і застаўся апошні варыянт — дапамога Насты. Ніякія пагрозы не працавалі і засталося толькі дзейнічаць. Пісталет быў занадта гучнай зброяей. Тут у Лазарычах усе прачнуцца. Заўсёды на такія выпадкі застаюцца ўласныя рукі.

Сабакі сціхлі, святло згасла і Анастасія разам з коткамі рушыла ў сваё паломніцтва. І як толькі яна падыйшла да брамы, то зразумела, што Павел нават не ўяўляе з чым сутыкнуўся. Яго брама была адчынена. Гэта ў доме чалавека, які пагражае ім, сёстрам Сулім. Няўжо ён сур’езна не ведае, хто яны такія і што робяць? Стрымаўшы ўсмешку, дзяўчына зайшла ў гасцінна адчынены падворак. Падыйшоўшы да першага акна, малодшая сястра асцярожна туды зазірнула.

Там сядзеў сам гаспадар на канапе паабапал яго сядзелі ягоныя сыны. Наста не ведала, як іх завуць, але абодва яны былі прыгожыя. Той, што старэйшы, быў зусім светлавалосым і з яскравай усмешкай, а малодшы быў больш спакойны, з русымі валасамі. Яны разам з бацькам нешта чыталі. Той старанна дапамагаў ім і сачыў за кожным. У Насты прабяжалі дрыжікі па спіне. Дзяўчыне падавалася, што мужчыны ўвогуле не ўяўляюць, што ў іх ёсць дзеці.

Яе родны бацька ніколі ёй добра слова не сказаў, не паклапаціўся, толькі на вяселлі напіўся, як свіня. І свайго мужа Анастасія не магла ўявіць старанным бацькам. Платон быў занадта адданым мастацтву і творчасці. Сваю жонку ён яшчэ так-сяк любіў, але на дзяцей яго б не хапіла. Дзяўчына гэта і разумела, таму калі слухала яго размовы пра тое, што час рабіць дзяцей толькі пагаджалася.

Спужана адыйшоўшы ад шкла, яна рушыла далей. Там ужо сядзела жонка Паўла. Яены Платон любіў выпіваць з тым жа Рыгорам. А маці Барбары была ягонай апошняй сяброўкай. Ніколі самой Барбары з маці дзяўчына не бачыла, таму і лічыла, што тая адмовілася ад яе. Бо Павел як ніяк з прыстойнай сям'і. Інга распавядала малодшай сястры, што некалькі разоў Лазар бачыў, як яны на каталіцкія святы ехалі ў бок Вільні.

Барбара калыхала на руках дзіця. На жанчыне была апранута белая доўгая кашуля. Вечна сабраныя настаўніцкія валасы хвалямі ляжалі на плячох і дзіця час ад часу за іх трымалася. Анастасіі было цяжка ўявіць, што Павел захацеў яшчэ дзяцей пасля таго, як у яго нарадзілася ажно двое сыноў. Навошта яму столькі дзяцей? Ужо ж дакладна, што Хадкевічы працягнуцца.

— А ты, коцінька-каток,

Ў цябе шэранькі хвасток.

Ты прыходзь к нам начаваць,

Будзеш Ліду калыхаць,

А я шэраму катку

За работу заплачу —

Дам гарлачык малака

I кавалак пірага.

Такой нечаканай была гэтая калыханка. Жонка Паўла мела вельмі мяккі голас і з яе вуснаў гэта гучала прыгожа. Кропля за кропляй, але дачка заснула. Жанчына ў апошні раз спела сваю песню і паклала дзіце ў калыску. Накрыла коўдрачкай, перахрысціла і пацалавала ў лоб. Выключыла лямпу і сышла. Анастасія ўсё для сябе зразумела. Добра зробленае акно нават не звінела, калі дзяўчына яго адчыніла да канца.

У пакоі пахла вельмі моцна дзічяцымі лекамі і свежым адзеннем. Акрамя калыскі для маленькай дзяўчынкі, там стаяла яшчэ два ложка, дзе спалі хлопцы. На адным ляжаў невялікі чорны шалік. Відаць нехта з сыноў забыўся пакласці на месца. Наста ўзяла яго ў рукі і падыйшла да калыскі. Дзіце было зусім маленькае і ад таго вельмі непрыгожае. На брыдкім лысым чэрапе праступалі вены, палохаючы малодшую з Сулімаў.

Рукі не дрыжалі, калі яна душыла гэтую Ліду. Дзіце ж зусім малое і не зразумее нават, што адбываецца. Не паспее прачнуцца і закрычаць. Анастасія нават адкрыла рот ад задавальнення. Яна адчула, як пад цяжарам яе рук ламаецца тонкая шыя. Паветра больш не было, сіні дзіцячы твар казаў, што хопіць. Калі дзяўчына нарэшце прыйшла ў сябе, то шыя была зусім зламаная і галава ледзве не ляжала асобна ад цела.

Задаволенная сваёй працай, дзяўчына рассыпала на дыване, які ляжаў на падлозе, белы парашок. Як і прасіла яе Інга. Каб Павел усё зразумеў. І, выходзячы на вуліцу, спецыяльна моцна бразнула шклом, каб Барбара пахутчэй павярнулася ў дзіцячы пакой. Ужо калі Наста ішла па вуліцы, яна ўчула страшны вой. Маці адшукала сваё забітае дзіця.

Report Page