"КУПАЛА" - фільм пра трагедыю беларускай інтэлегенцыі

"КУПАЛА" - фільм пра трагедыю беларускай інтэлегенцыі

Яніна Лявонік
У ролі Янкі Купалы выступіў латышскі актор з беларускімі каранямі - Мікалай Шастак

Памятаю, як ў тым годзе, зімою мы чакалі гэты фільм, і як нас расчаравала навіна, што нам прыйдзецца чакаць яшчэ да наступнай восені 2020 года, каб пабачыць гэта “дзецішча” Беларусьфільму, на якое было выдадзена каля 1,5 млн $. За такія грошы хочаш ні хочаш, але будзеш чакаць добрае кінцо, якое не будзе горшым ні за еўрапескае, ні за амерыканскае на кінафестывалях. Гэты фільм чакалі ўсёй краінай… і дачакаліся.

Купала спрабуе прыдумаць рыфму

Сёмага верасня фільм з’яўляецца ў байнэце. Хто яго зліў на дадзены момант невядома, але можна дакладна сказаць, што гэта зрабіў той чалавек, які непасрэдна меў доступ да кінастужкі. Гэта помста. Помста Міністэрству культуры за Купалаўскі тэатр, які з’яўляўся цэнтрам усяго беларускага на працягу сто гадоў. Гэта месца і зноў адыгравае істотную ролю ў нашай гісторыі, як і стагоддзе назад тут сутыкнуліся дзве сілы: адна бачыць Беларусь незалежнай і дэмакратычнай, якая шануе свае нацыянальныя каштоўнасці і другая сіла, якой неўласцівы і ненавісны гэтыя ідэалы. Паказальным з’яўляецца той факт, што ў фільме шмат актораў-купалаўцаў, якія зараз не могуць вярнуцца на сцэну іх любімага тэатра і сыграць свае ролі ў спектаклях, якія ўжо даўно сталі культавымі.

У гэтым годзе Купалаўскі адзначае свой 100 сезон. Ужо ў верасні чакалася значная падзея: была запланавана пастаноўка легендарнай п’есы Янкі Купалы - “Тутэйшыя”, якая заўсёды не прымалася ўладамі. Білеты ўжо былі поўнасцю раскуплены на ўсе два спектаклі за месяц, але іх адмянілі. На фоне сённяшніх падзей гэта пастаноўка пакінула бы глыбокі эфект на беларускае грамадства.

Кадр з кінастужкі "Купала". Нічога не нагадвае?

Але на якую частку грамадства? Толькі на інтэлегенцыю. Версія фільма, якую скінулі, была менавіта для гэтых людзей, і паглядзяць яе зараз толькі яны, але гэта ім не перашкодзіць пабачыць яго яшчэ раз у кінатэатры на прэм’еры, бо менавіта гэты варыянт не пакідае дрэнных уяўленняў, а наадварот пакідае жаданне паглядзець на фінальную версію. Канешне, мы не ведаем, як яна выглядае зараз. Як заявіў рэжысёр кінастужкі, скінулі варыянт мантажу, які быў зроблены яшчэ ў кастрычніку 2019 года. За гэты час маглі выразаць шмат сцэн, якія пры нашай рэчаіснасці не павінны паказвацца на вялікіх экранах і выклікаць у патаемных кутках сэрца і душы гледачоў нацыянальную годнасць і прагу да свабоды.

Беларускі песняр задумаўся пра лёс сваёй Радзімы

Гэта версія – не версія для масавага гледача. У фільме шмат імёнаў і падзей, якія не зразумелыя простым людзям. Для іх не істотна ведаць назву першага верша Янкі Купалы і дзе ён выдаў зборнік. Ім незнаёмы асобы і лёсы Ігнатоўскага, братоў Луцэвічаў, Смоліча, Палуяна, Лявіцкага... Звычайным гледачам не зразумелы падзеі 37 года. Такім гледачам патрэбны больш простыя рэчы, якія агульныя для ўсіх на свеце – каханне. Гэта тое, на што трэба было абапірацца здымачнай камандзе, калі яны хацелі зрабіць агульнадаступны фільм, але ў гэтай версіі адчуваецца недахоп рамантычнай тэмы, па гэтай прычыне некаторыя сцэны выглядаюць трошкі недарэчнымі. Каб зрабіць кінастужку глабальнай і зразумелай для ўсіх жыхароў планеты, трэба было звяртаць больш увагі на гэта. З другога боку, у фільме раскрываюцца зусім іншыя тэмы, якія вельмі рэдка падымаюцца ў беларускай кінематаграфіі.

Янка Купала і Паўліна Мядзёлка

Большасці людзей можа не спадабацца гэтая версія фільма, бо там падымаюцца цяжкія для іх, але вельмі істотныя пытання: незалежнасці, мовы, культуры, самавызначэння беларусаў, як нацыі. Такія рэчы выклікаюць пачуцці ў малой праслойцы грамадства - у інтэлегенцыі, а не ў пасрэдных людзей, у якіх самы просты спосаб выклікаць эмоцыі гэта схадзіць на просценькую нізкаякасную камедыю аўтарства нашых усходніх суседзяў.

У гэтым і заключаецца трагедыя беларускай інтэлегенцыі. Як і ў фільме "Купала", так і ў гісторыі нашай краіны, пра беларускую нацыянальную ідэю рупіцца невялікая групоўка людзей, якія складаюць сок нацыі.

Рэжысёр фільма “Купала” запісаў відэазварот, дзе слёзна просіць, каб людзі не глядзелі гэты фільм. Ён сцвяржае, што гэта не той фільм, які ён рабіў. Я баюся, што злітая версія выглядае так, як яе хацеў паказаць, той хто зліў, а не так, як яна будзе выглядаць на кінаэкранах. Але я хачу памыляцца і спадзяюся, што выніковы фільм не згубіць сваёй ідэі, а проста “апранецца” ў яшчэ больш прыгожую вокладку. Фільм сапраўды эстэтычна прыгожы і напоўнены рознымі сімваламі і вобразамі. Гэта дастойная праца і тое кіно, якое павінна рабіцца ў Беларусі і пра Беларусь.

ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ!

Report Page