Дзень беларускай вайсковай славы ў Варшаве

Дзень беларускай вайсковай славы ў Варшаве

Рух беларускіх нацыяналістаў

9 верасьня ў Варшаве адбылося сьвяткаваньне Дня беларускай вайсковай славы. Дабрачыннае мерапрыемства ў падтрымку і дапамогу беларускім добраахвотнікам аб'яднала народы, якія змагаліся супраць расейцаў у бітве пад Воршай. Рух беларускіх нацыяналістаў стаў ініцыятарам і галоўным арганізатарам сьвята зь беларускага боку, акрамя гэтага нам дапамаглі шэраг іншых беларускіх, польскіх і ўкраінскіх структураў.

Сьвяткаваньне пачалося зь лекцыі-размовы з гісторыкамі на вайсковую тэматыку ў "Музэі вольнай Беларусі". Пасьля людзі сталі паступова зьбірацца ва ўнутраным дворыку і чакаць пачатку маршу. Па фармаваньні калёны, пад натхняльныя гукі дуды, удзельнікі рушылі па цэнтральных вуліцах Варшавы ў бок пляца Канстытуцыі.

Наперадзе быў галоўны банэр з надпісам на трох мовах – Перамога ў адзінстве! Zwycięstwo w jedności! Перемога у єдності!, а таксама нашымі ваярамі і гербамі. Над банэрам луналі беларускі, польскі, украінскі, літоўскі сьцягі і бела-чорна-белыя колеры РУХУ.

На шляху маршу гучна раздаваліся актуальныя лёзунгі: Жыве Беларусь, Слава Ўкраіне, Niech żyje Polska, Разам і назаўжды, Kijów-Mińsk-Warszawa – wspólna sprawa, За нашу і вашу вольнасьць, Слава беларускім добраахвотнікам, Слава Палку Каліноўскага, Cześć i chwała Bohaterom, Слава ЗСУ і іншае.

У канцавой кропцы маршруту – Пляцы Канстытуцыі адбыўся мітынг і канцэрт. Адкрылі сьвята вядоўцы – Марына Савіцкая і Сяржук Доўгушаў. Апошні выканаў "Ваяцкі марш" і натхніў прысутных на ўрачысты настрой. Затым да ўдзельнікаў зьвярнуўся ксёндз Вячаслаў Барок. Украінскі гурт "ІЗЗІ" распачаў музычную яскравым паўгадзінным выступам.

Ад імя арганізатараў прамовіў адзін з кіраўнікоў РУХУ Ян Рудзік. У яркім звароце ён заклікаў яшчэ больш дапамагаць і падтрымліваць нашых добраахвотнікаў і быць гатовымі на іх заклік ісьці вызваляць Радзіму.

Ад польскага боку суарганізатараў на сцэну падняўся кіраўнік аб'яднаньня "Młode Kresy" Міраслаў Капцэвіч. Наступным у музычнай праграме стаў гурт "Lity Taler", які цудоўна выканаў старадаўнія сьпевы. Пасьля іх з прамоваю зьвярнуўся адзін зь лідэраў украінскай арганізацыі "Євромайдан-Варшава" Раман Корбут. Ля мікрафона яго зьмяніў Уладзь Жывіца – лідэр "Смаленскага рэспубліканскага цэнтра", які распавёў пра ролю смаленчукоў у бітве пад Воршай і будучай ролі ў распадзе Расеі. У польскай музычнай частцы прысутныя пачулі патрыятычныя і гістарычныя песьні ў выкананьні Матэўша Нагурскага.

Пасьля гэтага на сцэну падняўся прадстаўнік Палка імя Кастуся Каліноўскага Павал Кухта. Падчас яго звароту сябры РУХУ раздалі ўсім улёткі з рэквізытамі для дапамогі беларускім добраахвотнікам.

Вялікую ўвагу прысутных сьцягнуў наступны выступ Зянона Пазьняка, які суправаджаўся доўгімі авацыямі. Легендарны палітык распавёў пра сьвята і закрануў гістарычныя і сучасныя моманты.

У кульмінацыі вечара адбыўся вялікі выступ гурта "Dzieciuki". Музыкі парадавалі гасьцей сьвята выкананьнем сваіх знакамітых гітоў.

Ад імя арганізатараў мы жадаем падзякаваць усім, хто прыйшоў на сьвята і хто дапамагаў яго зладзіць. Падтрымлівайце беларускіх добраахвотнікаў і помніце – перамога ў адзінстве!

📸📸📸⬇️⬇️⬇️

ФОТАСПРАВАЗДАЧА:

Report Page