ЖАЎНА

ЖАЎНА

Атаесамленьне / Atajesamleńnie

Вялiкi чорны дзяцел, паводле беларускiх мiфалагiчных паданняў гэта пчаляр-бортнiк, ператвораны Богам у птушку за тое, што не святкаваў у нядзелю, а выдзёўбваў у сасне борць для пчол. Iншы варыянт падання таксама гаворыць пра пакаранне Богам пчаляра пераўтварэннем яго ў птушку за той самы грэх - працу ў нядзелю, толькi ўжо чалавек рабiў засекi на дрэве, у якiм была выяўлена пчалiная сям'я (такiя знакi-засекi былi ў кожнага бортнiка, якiя сведчылi пра правы на пчол). За несвяткаванне нядзелi чалавек, ператвораны ў жаўна, павiнны цяпер штодня, у буднi i ў святы, дзяўбцi дрэвы, рабiць у iх вялiкiя дуплы. Гэтыя паданнi маюць пад сабой рэальны грунт: жаўна. любiць старыя хваёвыя лясы, дзе ў тоўстых дрэвах нястомна выдзяўбае дуплы для гнездавання. Новым дуплом жаўна карыстаецца ўсяго адзiн год, потым рыхтуе iншае, а ранейшае займаюць iншыя птушкi, вавёркi, кунiцы i лясныя пчолы, якiх некалi было вельмi многа ў нашых барах, а борцевае пчалярства практыкавалася яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя. Так што жаўна ў прыродным ланцугу ўзаемазалежнасцяў выступала сапраўдным працаўнiком, якi забяспечваў жыццё для пчол. З-за яе афарбоўкi (чорны колер, чырвоная «шапачка») у жаўна склалiся няпростыя стасункі з чалавекам, яна любiць цiхiя мясцiны, дзе яе не палохаюць. Яе не часта можна ўбачыць, назiраць за яе жыццём.


Адсюль дастатковая таямнiчасць, незвычайнасць птушкi. Чырвоная «шапачка» на галаве гаварыла народнаму ўяўленню пра сувязь жаўна з агнём, а рэзкi крык «пiць, пiць» перад дажджом стаў добрай прыкметай змены стану на двор'я, перамены на дождж. Крык жаўна, як i крык канi-кнiгаўкi i некаторых iншых птушак, у паданнi тлумачыцца тым, што жаўна не ўдзельнiчала ў капаннi рэк i iншых вадаёмаў, за гэта пакарана: не можа пiць ваду на зямлi, а толькi дажджавыя кроплi. Ёсць iншыя прыкметы: калi жаўна цi iншы дзяцел дзяўбе сцяну цi вугал хаты, гэта значыць, што ў хаце нехта памрэ. У рускiх падзёўбанае бервяно лiчылася нават непрыгодным для будынку, а толькi на дровы. Такiм чы нам, жаўне надаецца шмат рысаў, якiя робяць яе вешчай птушкай, звязваюць са светам чалавека i светам духаў, а яе сувязь з божай жывёлкай - пчалой - надае ёй больш станоўчай значнасцi.


Крыніца: Міфалогія беларусаў: энцыкладпедычны слоўнік / склад. І. Клімковіч, В. Аўтушка; навук. рэд. Т. Валодзіна, С. Санько. — Мн.: Беларусь, 2011.

Report Page