Як забяспечыць інфармацыйную бяспеку Беларусі

Як забяспечыць інфармацыйную бяспеку Беларусі

Здаровы Сэнс

Дзякуючы развіццю інфармацыйных тэхналогіяў: уваходу ў нашае жыццё сацсетак, электронных СМІ і іншых платформаў распаўсюду кантэнту (YouTube, Twitch) – мы маем вялікія магчымасці для спажывання інфармацыі любога кшталту, якія абмяжоўваюцца толькі валоданнем тых ці іншых моў. Моўная сітуацыя ў краіне і адсутнасць уласнабеларускага кантэнту (у тым ліку на расейскай мове) прывялі да таго, што мы вымушаныя жыць у інфармацыйнай прасторы іншай краіны. Актуальнымі становяцца праблемы ўмоўнай Дзіаны Шурыгінай, замест назірання за нашымі роднымі беларускімі фрыкамі, якія месцам могуць быць больш адыёзнымі. Калі народ віртуальна жыве не ў сваёй краіне, можа настаць той момант, калі краіна ягонага пражывання зменіцца і ў рэчаіснасці.

Застаецца толькі запіць «русіяна»

Асобнай небяспекай для нас зʼяўляецца расейская тэлевізія, да якой сярэднія беларусы маюць большы давер чым да беларускай. Пры любых унутраных хваляваннях у нашай краіне яна можа сфармаваць пэўныя меркаванні ў беларусаў (нават да воклічаў «Путин, помоги»), з якімі нават лукашэнкаўскаму кіраўніцтву прыйдзецца мірыцца. І ў дадзены момант, і ў перспектыве – беларуская тэлевізія не зможа канкураваць з расейскай чыста фінансава. У Беларусі няма тых сродкаў, каб зрабіць свой «Голос», ці «Танцы на льду» сувымяральнай якасці. Спроба жа легалізаваць прыватную камерцыйную тэлевізію ў Беларусі можа прывесці да стварэння квазібеларускіх каналаў з расейскім капіталам, якога чыста эмпірычна больш, што будзе трансляваць тую ж расейшчыну.

Твае бацькі яго глядзяць. А ты і не ведаеш, што ён раскажа ім заўтра

Але станоўчая тэндэнцыя ў тым, што аўдыторыя тэлевізіі зніжаецца, зніжаецца яе грамадскі ўплыў. Cытуацыя з інтэрнэтнымі СМІ не такая благая, таму вернемся да сацсетак.

Зараз самае блізкае, што ёсць для беларуса ў інтэрнэце – гэта расейскае, і гэта – не наша. Ствараючы ўласнабеларускі кантэнт, пачынаючы ад простых карцінак-мемаў, да сур’ёзнай відэаблогерскай працы – мы ствараем альтэрнатыву. Трэба максімальна напаўняць інтэрнэт беларускім кантэкстам. Людзі самі будуць імкнуцца да таго, што ім бліжэй.

А што бліжэй табе?

Сацыяльныя сеткі ураўноўваюць базавыя магчымасці ўсіх. Каб нешта трансляваць у грамадства зараз не трэба губляць многа часу на кар’еру ў СМІ, не трэба мець акадэмічную адукацыю. І гэта той інструмент, якім трэба проста пачаць карыстацца. Перашкодай з’яўляецца нізкі патэнцыял манетызацыі блогерскай дзейнасці як механізма ўзнагароды (праз адносна невялікую аўдыторыю). Але застаецца магчымасць краўндфандынгу, на які і трэба абапірацца.

Use it

Няма нічога страшнага ў калькаванні папулярных фарматаў Захаду, ці той жа Расеі. Калі вы адчуваеце адказнасць перад беларускім народам – проста рабіце тое, што вам блізка. Абірайце той фармат, якога не хапае вам: тэматычныя паблікі, мемы, стрымы кампутарных гульняў, анбоксінгі, б’юці-блогі. Толькі беларуска зможа зрабіць сапраўды карысны і цікавы б’юці-блог для іншай беларускі, бо мы жывем у аднолькавых умовах: карыстаемся адной і той жа касметыкай, ходзім у адныя і тыя ж крамы. Дапаможам жа сабе самі.

Тое, чаго табе не хапала


Report Page