Людміла Рублеўская “Ночы на Плябанскіх млынах” (Мастацкая літаратура, 2013 г.), 3,5/5.

Людміла Рублеўская “Ночы на Плябанскіх млынах” (Мастацкая літаратура, 2013 г.), 3,5/5.

t.me/bellitra

Не думала, што такое адбудзецца, але я стамілася ад кніг Рублеўскай :) Здаецца, не так шмат чытала яе апошнім часам, але гэтая кніга далася пакутліва. Яе варта чытаць невялікі порцыямі, ні ў якім выпадку не ўсю адразу, бо можа атрымацца перадоз. Вось і чытала амаль 2 месяцы. Смела можна было падзяліць гэтае выданне ў 526 старонак як мінімум на дзве кнігі, бо ў яго трапілі і раман, і аповесць, і некалькі цыклаў апавяданняў.

Назву кнізе дала аповесць “Ночы на Плябанскіх млынах”, пачатак якой мне вельмі нагадаў твор “Маленькія тролі і вялікая паводка” Тувэ Янсан :) Але відавочна, што натхнялася пісьменніца іншым творам, больш блізкім нам: “Шляхціцам Завальням”. Адтуль гэтыя героі, што ў цёмны час сутак расказваюць жахлівыя і містычныя гісторыі, а вакол віруе непагадзь, паводка. Па сутнасці твор складаецца з гісторый і легенд, расказаных маладзёнамі, якія апынуліся разам у доме былога дырэктара рэальнага вучылішча. Адзін з іх, дарэчы (прывітанне Караткевічу), Андрэй Беларэцкі, фалькларыст. Ну і чым жа яшчэ заняцца, калі і так увесь дом дрыжыць, і ты сам дрыжыш ад страху, яшчэ і ноч вакол? Безумоўна, расказваць жахлівыя гісторыі:

“ — Чым страшнейшы час — тым прыемней слухаць выдуманыя жахі… Нібыта цемра ў параўнанні з яшчэ большай цемрай на хвілю падаецца святлом”.

Атрымаўся такі твор-наследаванне беларускім класікам. Сапраўдная містычная аповесць, напісаная паводле ўсіх жанравых канонаў.

Наступны твор кнігі — гатычны раман “Скокі смерці”. Дарэчы, гэты раман і папярэднюю аповесць я бы вынесла ў асобнае выданне, і тады б змагла даволі высока ацаніць тое, што атрымалася. Падзеі рамана адбываюцца ў сучаснасці, але паралельна галоўная гераіня бачыць сны пра мінулае, дзе дзейнічае яе двайнік. Такі паралелізм часоў, калі падзеі ў творы разгортваюцца ў сучаснасці і ў мінулым, даволі тыповы для раманаў Рублеўскай. Журналістка Ганна раптоўна аказваецца ўцягнутая з былым мужам у авантурную гісторыю. У творы ёсць месца і для гістарычнага кантэксту, і для гісторыі кахання, і для прыгод, таму чытаецца ён на адным дыханні.

Далей у кнізе нас чакае цікавая літаратурная містыфікацыя — “Старасвецкія міфы горада Б*”. Мяжа 19 і 20 стст., горад недзе між Расіяй і Польшчай, і ўсе падзеі, якія ў ім адбываюцца, адсылаюць нас да Антычнасці. Кожнае апавяданне цыкла пачынаецца эпіграфам з пэўнай гісторыяй антычнай міфалогіі, а само апавяданне паўтарае міф, толькі на нашай нацыянальнай глебе, з беларускім гістарычным кантэкстам. І гісторыі атрымліваюцца побытавыя, сакавітыя і смешныя.

Цыкл “Шляхецкія апавяданні” складаецца з 8 твораў, якія апісваюць лёсы розных выдуманых герояў паўстанняў 19 ст. Гэтую частку кнігі чытала з найменшым задавальненнем, а вось наступны цыкл “Гісторыі Пані” з падзагалоўкам “нявыдуманыя аповеды” падаўся найбольш жывым з усіх твораў кнігі. У ім Людміла дзеліцца цікавымі і часам нават камічнымі выпадкамі са свайго жыцця. Тут і часы вучобы ў Літаратурным інстытуце, і прыгоды ў замежных вандроўках, і знаёмства з мужам. Напісана так прыемна, нібыта добрая сяброўка апавядае табе розныя гісторыі.

І завяршаецца кніга 9 апавяданнямі, якія прачыталіся і неяк нават у галаве не адклаліся. У цэлым кніга атрымалася нейкім такім вінегрэтам. Хоць Людміла піша ўсе свае творы прыкладна ў адным рэчышчы (гэта рамантычна-гістарычныя творы, часам з элементамі містыкі, готыкі), змест гэтага зборніка апынуўся даволі разнастайным. Асаблівую ўвагу раю звярнуць на аповесць і раман.

Report Page