ЛОЙМА

ЛОЙМА

Атаесамленьне / Atajesamleńnie

Лойма — аблудная істота беларускага фальклёру, блізкае па сваіх уласцівасцях да русалкі за тым толькі выключэннем, што у адрозьненьні ад апошняй замест вадаёмаў і палёў аддае перавагу лясам ды балотам. Назва "Лоймы" пераклікаецца з імёнамі падобных літоўскіх духаў — "лауме" і "лайма".


Чарціха, злы дух, якi вы ступае ў жаночым аблiччы. Мела страшны выгляд: раскудлачаныя косы, вялiкiя адвiслыя грудзi. Месцам жыхарства Лоймы называлi балота, лазняк, дзе яны страшылi баб, чаплялiся да мужчын. Асаблiва на роднае ўяўленне звязвала постаць Лоймы з выкраданнем ёю малых прыгожых дзяцей, паколькi яе ўласныя чарцяняты былi брыдкiя. Лойма падхоплiвала па дарозе, на мяжы цi нават у хаце дзiця, якое маці, адыходзячы, забыла перахрысцiць, i пакiдала на яго месцы сваё. Падмененае дзiця раiлi пакласцi на захадзе Сонца на парозе i бiць асiнавымi дубцамi (асiна чортава дрэва, i, выкарыстоўваючы яго, як бы выбiвалi «клiн клiнам»), пакуль чарцiха не прыйдзе па сваё чарцяня. Аддаючы назад чалавечае дзiця, яна дакарала жанчыну: «Я тваё так пеленгавала, а ты маё б'еш». На Беласточчыне Лойму называлi блiзкiх да русалак незвычайнай красы i прывабнасцi лясных дзеў, якiя зяўлялiся маладым, ладным i дужым мужчынам, што выпальвалi ў лясных нетрах вугаль. Варта такому стомленаму пры вырубе дрэваў i ладкаваннi iх у капец прылегчы на мяккiм iмху, як падыходзiла Лойма, спавiвала вэлюмам сваiх шаўкавiстых косаў, абсыпала гарачымi пацалункамi, песцiла пругкiмi, бы лясныя яблычкi, грудзьмi i, распалiўшы мужчыну да кахання, выслiзгвала з абдымкаў i знiкала ў гушчары. На Гарадзеншчыне Лойма набывала зааморфны выгляд: яе малявалi ў аблiччы вялiзнай, як курыца, хунтаў на пяць, зялёнай жабы. (Ператварэннi ведзьмаў у жабу асаблiва характэрныя для купальскiх паверяў.) Жывучы ў рэчцы i назiраючы за тым, як бабы перылi кiянкамi палотны, жаба Лойма выходзiла на кладку i таксама бiла па ёй лапамi. Людзi асцерагалiся быць укушанымi такой жабаю i таму баялiся бiць яе.


Некалькі дзесяткаў год таму назад па ўсіх вярхлесаўскіх палетках... а нават на клінах, што ўрэзваюцца ў пушчу, — Груды, Каўшоўка, Ланка i Сучок — усё лета валэндаліся русалкі. Але яны людзей так не зводзілі ў зман, як, скажам, лясныя дзевы — лоймы. Праўда, явіліся яны толькі мужчынам, што ў лясных нетрах вуголь выпальвалі. Асабліва маладым, ладным i дужым. Даволі такому стомленаму пры вырубе дрэва i ладкаванні яго ў канец да выпальвання прылегчы дзе-небудзь на мяккім імху, як зараз жа з лясной гушчэчы прыходзіла гэтая незвычайнай красы i павабу дзяўчына. Спавівала юнака вэлюмам сваіх шаўкавістых косаў, абсыпала гарачымі пацалункамі, песціла пругкімі, бы лясныя яблычкі, грудзьмі і, распаліўшы мужчыну да кахання... выслізгвала з абдымкаў i знікала ў чашчобе. Такія былі калісьці лясныя дзевы-лоймы.

"Пра русалак і лоймаў". Запiсана Міколай Гайдуком ў вёсцы Верхлес Супрасльскай гмiны. Ніва, 1980, №5, с.1 (865: с.169)

Лоймамі называюць у нас людзі злых духаў, толькі ў бабскай постаці. Яны знойдуцца найбольш у балоце, у лазе і страшаць бабаў, хоць часам і да мужчын прывязуюцца. У лоймы вечна раскудлачаныя косы і наверху цыцкі вялікія вісяць, а сама страшная.

Michał Federowski "Lud białoruski na Rusi Litewskiej". Od Koryeina, Suchowoli i Janowa (449: с.582)

У нас у рэчцы ест жаба вялізна, як кура, фунтаў з пяць, цела зялёна. То часта бывае, што як бабы палатно сцераюць кіянкамі, то яна выйдзе на кладку i біе лапамі таксама па кладцы, як бабы кіянкамі па палатне. Людзі баяцца яе біць, каб каго не ўкусіла, а адна старая баба мовіла, што гэта лойма ў жабу пераменена.

Michał Federowski "Lud białoruski na Rusi Litewskiej". Записана ў вёсцы Хадароўка Сакольскага павета Гродзенскай губерні ад Антона Дзежкі (865: с.169)

Чарціхі, ці іначай так званыя лоймы, падобна ж як татранскія дзіважонкі альбо кракаўскія багінкі, могуць выкрадаць у жанчын дзяцей, падкідаючы на іх месца сваіх няўклюдаў.

Michał Federowski "Lud białoruski na Rusi Litewskiej" (462: Т.1, s.36)

Чарціцы то ў постаці жаноцкай. Яны ўганяюцца за дзецьмі харошымі, бо чарцяняты, вядома, што заўсюды страшныя. То як катора ўгледзіць дзе дзіця на дарозе або на мяжы, а нат і ў хаце, як матка, адходзячы, не перажагнае* яго і адно пакіне, то яна свае прынясе, пакіне, а тое ўхопіць.

Michał Federowski "Lud białoruski na Rusi Litewskiej". Od Świsłoczy (449: с.582)

Калі ў каго дзіця адменяна, то трэба ўзяць асовых дубцоў, палажыць дзіця на захадзе слонка на парозі і біць, пакуль чарціха не прыдзе па свае тое дзіця, а кабеціна, што замяніла, аддасць. Кажуць, што чарціха, аддаючы, кажа: "Я тваё так пяленгавала, а ты мае б'еш".

Michał Federowski "Lud białoruski na Rusi Litewskiej". Od Świsłoczy (449: с.582)



Крыніца: http://mifijslavyan.ru/stories2/380.htm, Міфалогія беларусаў: энцыкладпедычны слоўнік / склад. І. Клімковіч, В. Аўтушка; навук. рэд. Т. Валодзіна, С. Санько. — Мн.: Беларусь, 2011.



Report Page