«Была абсалютная свабода»: як БТ у 1993 годзе зладзіла тэлеконкурс маладых палітыкаў

«Была абсалютная свабода»: як БТ у 1993 годзе зладзіла тэлеконкурс маладых палітыкаў

Дунем, Марцінкевіч?

Прыняць удзел мог любы ахвочы

           «Вельмі прашу вас і самым жорсткім чынам патрабую: зрабіце тэлебачанне лепш, чым хаця б у нашых суседзяў. Каб карцінка была і падача матэрыялу, ‒ заявіў Аляксандр Лукашэнка 10 красавіка на сустрэчы з новымі кіраўнікамі дзяржаўных СМІ. ‒ Я хачу глядзець толькі свае каналы. Я занадта нацыяналістычны ў гэтым плане».

           Цяпер у гэта цяжка паверыць, але некалі беларускае тэлебачанне ўмела рабіць смелыя рэйтынгавыя праекты, якія прыкоўвалі ўвагу аўдыторыі. Беспрэцэдэнтным у гэтым плане стала ўнікальнае для постсавецкай прасторы ток-шоў «Залатая дзясятка» ‒ конкурс маладых палітыкаў, які выйшаў на экраны ў канцы 1993 года.

           «Афіцыйнымі заснавальнікамі праграмы сталі Саюз моладзі і Моладзевая рэдакцыя Беларускага тэлебачання на чале з Нінай Чайкай, ‒ успамінае Аляксандр Фядута, тагачасны першы сакратар ЦК СМБ. ‒ Аўтарам ідэі быў я, але фармат распрацоўвала Тацяна Цімохіна, яна ж была рэжысёрам праграмы». Вядучай стала Вольга Чакулаева, якая ў той час разам з Цімохінай рабіла папулярную праграму «Крок».

           Каб набраць удзельнікаў для перадачы, па БТ круцілася рэклама – прыняць удзел мог любы ахвочы: «Былі не толькі палітыкі, былі людзі самых розных прафесій: рабочыя, прадпрымальнік- пачатковец, студэнты, аспіранты». Пасля папярэдняга адсеву ў тэлешоу трапілі 27 чалавек.

Паўфіналіст Сяргей Чалы: Спачатку было адчуванне, што мяне там рэальна «забіваюць»

           Эканамічны аглядальнік Tut.by Сяргей Чалы ў 1993 годзе быў 23-гадовым выпускніком фізфака БДУ, але ўжо паспеў пабываць практыкуючым палітыкам: удзельнічаў у давыбарах у Вярхоўны Савет XII склікання на адной з мінскіх акругаў. Праўда, яўка зноў не дасягнула 50%, хоць па працэнтах усё роўна перамагаў камуніст-наменклатуршчык. Свае палітычныя погляды Сяргей ніколі не хаваў: прыхільнік роўнасці дзвюх дзяржаўных моў, праціўнік БНФ-аўскай ідэалогіі 90-х гадоў: «Гэта быў рэтраградны нацыяналізм недзе канца XIX стагоддзя, калі ключавым з'яўлялася мова замест нацыяналізму грамадзянскага». У той жа час ужо тады ён скептычна ставіўся да беларуска-расійскіх эканамічных саюзаў і схіляўся хутчэй да еўраінтэграцыі: «У той момант склаўся кансенсус сярод усіх палітычных сілаў, што мы ў гэтай чарзе наперадзе Прыбалтыкі. Ніхто не хацеў паўнавартаснай інтэграцыі з Расіяй – гаворка ішла толькі аб «аднаўленні разбураных эканамічных сувязяў», без якой-небудзь палітычнай надбудовы». У 1993 годзе Чалы становіцца ўдзельнікам тэлешоў «Залатая дзясятка», дзе даходзіць да паўфіналу.

Сяргей Чалы

‒ Усяго ўдзельнічала 27 чалавек самых розных палітычных поглядаў: сярод іх былі і камуністы, і АДПБ (Аб'яднаная дэмакратычная партыя Беларусі, папярэдніца АГП – заўв.), адзін БНФ-авец быў. У кожным раўндзе сустракалася па тры чалавекі, з іх вызначалі аднаго пераможцу.

А хто вызначаў – журы або тэлегледачы?

‒ Журы. У ім сядзеў Фядута, Уладзімір Карагін – ад Саюза прадпрымальнікаў, ад БТ – Тацяна Цімохіна. Ну і палітолагі – Святлана Навумава і Ўладзімір Роўда.

‒ Якія былі правілы?

‒ Там было некалькі конкурсаў, я іх усіх ужо не памятаю. Там было нешта накшталт дэбатаў з удзелам трох гульцоў, без мадэратара. Быў конкурс-інтэрв'ю – гэта значыць саджалі сур'ёзнага журналіста, і ён задаваў пытанні.

Конкурс камандаў – у кожнага гульца было яшчэ тры чалавекі за сталом, якія гралі ролю свайго роду «Кабінета міністраў», і кожны прэзентаваў сваё міністэрства. Ідэя была ў тым, каб кожны распавёў, чаму ягонае міністэрства важнае і ў чым сутнасць яго палітыкі.

Была інаўгурацыйная прамова. Гэта была вельмі складаная штука, якая шмат што вызначала.

Конкурс сітуацый. Напрыклад, знешнепалітычны крызіс: у нас знайшлі амерыканскага шпіёна, што будзем рабіць? І трэба было расказаць, што б ты ў гэтай сітуацыі рабіў, а потым былі ўдакладняючыя пытанні ад журы.

І быў конкурс палітычных анекдотаў.

‒ Іх што, самому трэба было прыдумляць?

‒ А чаму не?

‒ А пра каго расказвалі?

‒ Ды пра каго заўгодна. Абсалютная свабода была. Я якраз стары анекдот перарабіў пра «Рублёвую зону». Прыходзіць асцярожны кліент у банк, пытаецца мінімальную суму ўкладу на дэпазіт – 100 рублёў ўмоўна. «А калі ваш банк збанкрутуе? – Ну, у нас ёсць агенцтва па размяшчэнні ўкладаў. – А калі яно збанкрутуе? – Ёсць гарантыя дзяржавы. – А калі збанкрутуе Рэспубліка Беларусь? – Ну, нічога страшнага, у нас жа саюз з Расіяй! – А калі Расія збанкрутуе? – І што, вам шкада на гэта 100 рублёў?!»

‒ А па якіх крытэрыях журы вас ацэньвала?

‒ Меркавалася, што няма ніякай ідэалагічнай ацэнкі. Гэта быў кірмаш ідэй, дзе незалежна ад поглядаў ацэньвалася магчымасць сфармуляваць і данесці нават самую маргінальную з іх. Тая ж інаўгурацыйная прамова ацэньвалася як перформанс, яна павінна была матываваць, аб'ядноўваць народ.

‒ Што перашкодзіла вам выйсці ў фінал?

‒ Спачатку было адчуванне, што мяне там рэальна «забіваюць». Калі дайшло да інаўгурацыйнай прамовы, да мяне падыходзілі і казалі: «Ну ты хоць па-беларуску будзеш яе гаварыць? – Не, па-руску. – Ты што, звар’яцеў? У цябе шанцаў няма!». Было зразумела, якое ў той час было ідэалагічнае асяроддзе, гэта было разліта ў паветры. Але я ўсё роўна прачытаў яе па-руску. Я вельмі сур'ёзна рыхтаваўся, прачытаў амерыканскія прэзідэнцкія прамовы – ад Лінкальна да Рэйгана. Зрабіў вельмі добрую прамову, якая заканчвалася словамі «таму што мы народ і дом наш тут!».

Але потым у нейкі момант я зразумеў, што мяне «забіваюць», і проста расслабіўся і пачаў атрымліваць задавальненне. І тады ўжо ў паўфінале пайшлі ацэнкі журы: 5,5,5... А прайграў я праз вельмі хітрую схему. Нягледзячы на рашэнне журы, журналіст, які браў інтэрв’ю, сам мог аддаць цэлы бал любому ўдзельніку. А паколькі ідэалогія ў той час схілялася ў бок нацыянальнай, у мяне журналістам быў Старыкевіч, і ён аддаў свой бал «бээнэфаўцу», які выйшаў у фінал. Вось я роўна гэты бал і прайграў. Аддай ён каму-небудзь іншаму – у нас было б пароўну, а калі б мне – я б выйграў.

Пераможца Максім Табораў: Насамрэч конкурс выйграла мая жонка

           Цяпер бізнэсовец Максім Табораў – далёка не публічная асоба. А ў 1994 годзе ён, 25-гадовы карэспандэнт урадавай газеты «Рэспубліка», прагрымеў на ўсю краіну, стаўшы пераможцам беларускага тэлешоў «Залатая дзясятка»: «Перадачу глядзелі ўсе, у тым ліку і на маёй радзіме – Лошніца, Барысаўскі раён. На сельсавеце вешалі аб'яву: заўтра будзе «Залатая дзясятка», выступае наш зямляк, паглядзіце, пазаўзейце». На перадачу ён трапіў амаль выпадкова: па запрашэнні знаёмага з каманды іншага ўдзельніка, калі ўжо ішоў запіс адборачных этапаў. Але прызнаецца, што конкурс на самой справе выйграла... ягоная жонка:

– Пасля кожнага конкурсу я выходзіў наперад на 2 дзясятых бала, але потым быў конкурс хобі, і Валодзя Рэзнікаў паставіў «рок-н-рол»: яны выйшлі ў цэнтр тэлестудыі і станцавалі. Натуральна, папулізм чыстай вады! Я паказваў нейкія слайды, распавядаў нейкую муць рамантычную, а Рэзнікаў на адным сваім танцы выйграў цэлы бал – і выйшаў наперад.

Максім Табораў

Але потым быў конкурс жонак палітыкаў. Усе трое фіналістаў былі жанатыя, жонкі былі членамі каманд, і для іх зрабілі асобны конкурс у фінале. Яны павінны былі разважаць аб праблемах сям'і, шлюбу, культуры. Лена (жонка Максіма – заўв.) выйшла, вельмі ярка выступіла на чыстай беларускай мове і на сваім конкурсе выйграла 6 ці 8 дзясятых. А барацьба ў фінале была настолькі упартай, што ў выніку мяне і Валодзю Рэзнікава, які заняў другое месца, падзялілі менавіта гэтыя лічбы.

Быў паказальны момант у паўфінале: я расказаў анекдот, які «зайшоў» тады і аказаўся больш-менш прароцкім. Едзе пара Клінтанаў па амерыканскай глыбінцы, спыняецца на запраўцы, і мужык ім працірае лабавое шкло. Біл на яго глядзіць і кажа: «Глядзі-ка, Хілары, гэта ж хлопец, з якім ты сустракалася ў каледжы, а цяпер ён мые машыны. Вось выйшла б за яго замуж – жыла б цяпер у глыбінцы!». Хілары глядзіць на гэтага хлопца і кажа: «Не, гэты хлопец быў бы прэзідэнтам». І вось, праз шмат гадоў Хілары сапраўды сама ледзь не стала прэзідэнтам.

– Якія яшчэ былі конкурсы?

– Быў конкурс: зварот падчас замежнага візіту да замежнай аўдыторыі ад імя Беларусі. А ў нас у газеце «Рэспубліка» быў цэлы аргкамітэт па падрыхтоўцы, мне дапамагаў Анатоль Драздоў. Мы прыдумалі, што мы прыехалі ў Чылі, і пабудавалі прамову на Ігнаце Дамейку, нашым знакамітым героі, які ў Чылі стварыў горна-рудную прамысловасць і заклаў універсітэт. Мы знайшлі паміж дзвюма зусім далёкімі краінамі злучную нітачку. Паставілі на трыбуну сцяжкі беларускі і чылійскі, я пачаў прамову на іспанскай. Мы ўжо на гэтых невялікіх дэталях выйгралі, астатнія ўдзельнікі звярталіся да абстрактнай аўдыторыі.

Яшчэ быў смешны момант. На адным з папярэдніх этапаў быў конкурс «Выбарчы мітынг». І мы прыдумалі такі слоган: «Если жизнь невыносима – голосуйте за Максима!». І аднаму хлопцу далі першую частку слогана, каб пасля яго ўся трыбуна падхапіла другую. І вось ідзе конкурс, запіс на тэлебачанне, цішыня, напружаны момант, і раптам ззаду чутны з'едлівы шэпт: «Мужыкі, я забыўся тыя тры словы!». Там людзі проста па трыбунах поўзалі ад смеху.

– Якую ідэалогію вы прадстаўлялі на шоў?

– Я на самой справе не прадстаўляў ніякую ідэалогію, ніякую палітычную сілу. 95% таго, што адбывалася на гульні, гэта было сутыкненне асобаў, а не палітычных ідэй. Гэта на самой справе працуе і ў палітыцы: як толькі ты становішся цвёрда на нейкую вузкую палітычную платформу, ты адразу губляеш ўвесь спектр электарату – а ты павінен змагацца за ўсіх людзей, нават за тых, хто супраць цябе.

– А ці быў нейкі сімвалічны прыз за перамогу ў конкурсе?

– Часы былі не вельмі багатыя, таму прызы трэба было знайсці самому сабе. Я на адной фірме працаваў з кампаніяй «Тусон», і яны выставілі прыз – а тады ж беларусізацыя ішла – і кампанія «Olivetti» прапанавала электронную пішучую машынку, у якой была зменная карэтка з беларускім і рускім шрыфтамі, і мне яе ўручылі ў якасці галоўнага прыза.

Нататка ў газеце «Рэспубліка» ад 30 красавіка 1994 г.

– Раскажыце пра вашае «сэлфі» з Прэзідэнтам ЗША Білам Клінтанам у студзені 1994 года.

– Мы з Алегам Дашкевічам ад «8 канала» тады ездзілі асвятляць візіт Клінтана. І ў тым ліку мы пабывалі ў Акадэміі навук на сустрэчы, ён там сказаў прамову, а потым пайшоў па першым шэрагу ціснуць усім рукі. І вось я са сваім «Зенітам» іду яго фатаграфую, а потым думаю: давай-ка я з табой фотку зраблю. Падыходжу, а ззаду два ахоўніка. Я кажу: «Джаст э фота!». Потым пытаюся: «Білі, магу я з табой сфатаграфавацца?». Ён кажа: «Ніякіх праблем!». Тут стаіць дзяўчынка нейкая з вылупленымі вачыма, я даю ёй «Зеніт», кажу: «Глядзіш сюды, націскаеш сюды». Біл абдымае мяне за плячо, бярэмся за рукі, глядзім у аб'ектыў, дзяўчынка «плікае», Клінтан тут жа сыходзіць. Я бягу праяўляць фатаграфіі, гляджу – а чые гэта рукі? Ой, гэта ж я з Клінтанам... Вось яна ўзяла сутаргавай рукой кнопку тузанула, не паспеўшы навесці...

Тая самая афіша

           Натуральна, перад пераможцам конкурсу маладых палітыкаў адкрыліся шырокія перспектывы палітычнай кар'еры: «Пасля перамогі мне тэлефанавалі землякі і казалі: вось выбарчая акруга, давай у дэпутаты ад нас!». Газета «Рэспубліка» прадракала Табораву месца ў выбарчым бюлетэні. Былі і прапановы увайсці ў перадвыбарчую каманду цяперашняга Прэзідэнта – яны паступалі ледзь ці не ўсім удзельнікам. Але сам Максім адмаўляе наяўнасць палітычных амбіцый, якія прыпісвае яму былы калега па цэху Алег Дашкевіч: «У мяне тады была куча іншай працы, і я наогул не збіраўся ісці ў палітыку, я не бачыў сябе ў палітыцы. Я пайшоў па журналісцкай лініі». Аб сваіх сапраўдных палітычных поглядах Максім распаўсюджвацца не хоча і адмаўляецца назваць кандыдата, за якога галасаваў на прэзідэнцкіх выбарах у 1994 годзе. Але адзначае: ва Уруччы, дзе ён жыў на той момант, першае месца заняў Пазняк, а другое – Шушкевіч: «Уручча засялялі супрацоўнікі міністэрства культуры, інфармацыі, Савета Міністраў, навукоўцаў было шмат, гэта значыць у мікрараёна быў высокі адукацыйны цэнз».

           Не пайшлі ў палітыку і іншыя ўдзельнікі тэлешоў. Марк Бярнштэйн, які прадстаўляў на перадачы Аб'яднаную Дэмакратычную Партыю, заняўся Інтэрнэт-тэхналогіямі і стаў актыўным «вікіпедыстам». Уладзімір Рэзнікаў, як і Табораў, сышоў у бізнэс, а трэці фіналіст – беларускамоўны аспірант Віктар Босак – цяпер доктар сельскагаспадарчых навук і прафесар БДТУ. Толькі ў Сяргея Чалага палітычная кар'ера мела нейкі працяг. Пасля паўфіналу Аляксандр Фядута запрасіў яго ў перадвыбарчую каманду Лукашэнкі, пасля перамогі якога Чалы стаў супрацоўнікам Адміністрацыі Прэзідэнта. Але ўжо пасля рэферэндуму 1996 года прыняў цвёрдае рашэнне сыходзіць з уладных структур: «Любы, хто ведае эканамічную гісторыю, разумее, што статыстычна на аднаго Лі Куан Ю прыходзіцца дзесяць Пол Потаў. То бок у аўтарытарных краінаў часам атрымоўваецца рэдкі звышпоспех, але ягоная верагоднасць вельмі малая».

           Разышліся дарогі тэлевізійнікаў, якія рабілі праграму. Аўтар фармату перадачы Тацяна Цімохіна засталася на тэлебачанні, у сярэдзіне 2000-х была выканаўчым прадзюсарам тэлеканала «Лад». Дырэктар Моладзевай рэдакцыі БТ Ніна Чайка зрабілася радыкальным русафілам і прыхільнікам Прэзідэнта, доўгі час узначальвала рускамоўны часопіс «Неман». А вось вядучая Вольга Чакулаева сышла з тэлеэкранаў ужо ў 1995 годзе пасля паказу дакументальнага фільма Юрыя Азаронка «Дзеці хлусні», які выйшаў у эфір у разгар агітацыйнай кампаніі па рэферэндуме.

Report Page